Выбрать главу

XVIII

Сухавея і Міколу Канцавога арыштавалі і адаслалі ў N-скую «чразвычайку» — гэткія навінкі прывёз настаўніцы Хаім-перакупшчык цераз некалькі дзён. Дзяўчына надта ўразілася, але ўцяміла, што марудзіць тут няможна, і паспяшыла ў Горкі. Яна была пэўна, што пісьмо таксама папала ў «чразвычайку», і хаця не ведала, што з гэтага можа быць, але баялася, каб за яго не абвінавацілі арыштаваных у шпігоўстве. Гарэцкія хлопцы стараліся супакоіць яе, але і самі зусім страцілі пэўнасць настрою, бо не ведалі, за што схапілі іх сяброў, і баяліся, каб іх без віны не расстрэлілі. Пасля нарады даручылі Іраідзе Аўгенаўне, як дзяўчыне і найменш падазрыванай, ехаць у N., даведацца, у чым іх вінавацяць, і прасіць, каб іх аддалі на парукі школьнай рады і вучыцельскага хаўрусу.

Ніхто не падняў цяпер старога пытання, каб яна перагаварыла з Абдзіраловічам таксама аб пісьме і аб грашох.

Калі Іра раненька прыехала ў N., ужо й там чулася другая палавіна лета. Іра адвыкла ад места, але чўла прыемнасць ад клуму, люднасці й культуры. Пільна ўглядалася яна ў знаёмае, даўна бачанае, але ёй замінала думка, як то пашчасціць вызваліць арыштаваных?

Наняўшы номер ў гатэлі, скоранька справіўшысь, яна з нейкім тамаваннем у сэрцы выйшла на вуліцу і шыбка пайшла ў «чразвычайку», каб за адзін дзень паспець зрабіць усё, што там трэба.

Дом, гдзе змяшчалася страшная бальшавіцкая ўстанова, быў добра знаёмы дзяўчыне: да вайны ў ім была епархіяльная школа, Іра хадзіла туды на вечарынкі, на скокі. Толькі цяпер мала хто хадзіў міма таго дома, і то — сярод вуліцы, бо дом з каменнаю сценкаю і тратуарам быў высака абгароджан і абвіт калючым дротам. Калі настаўніца падышла, ля варот стаяла вялізазная фура, поўная, з салдацкімі булкамі белага хлеба, і салдаты кідалі хлеб з яе на зямлю, на падсцеленыя коўдры. Іра не пайшла туды, а на ганак, з бакоў якога стаялі два чырвонагвардзейцы з карабінамі. Яны запыталіся ў яе перапуск, а як паказала свае дакументы, дык старшы салдат сказаў, што гэтыя дакументы для іх «пляваць», а трэба перапустку ад мястовага каменданта. Падзякавала і пабегла шукаць каменданта места. Шмат каго пыталася, гдзе ён жывець, ды ніхто не ведаў, каго яна шукае, і казалі, каб ішла ў «савет», і салдаты не ведалі. Адылі нейкі хлопчык-газетнік, у якога купіла газету, сказаў, што ўпраўленне каменданта за мастом, ля вагзалу. Скора падышоў трамвай, яна села і паехала. І там, ля каменданцкага дома, на вуліцы шмат было салдатаў і розных людзей. Упускалі туды толькі тых, хто быў савецкі служачы ці знаёмы салдатам, а іншых — не. Іра доўга не магла ўразумець, у чым справа, што яе, і яшчэ нейкіх сялян, і яшчэ нейкіх людзей з места не пускаюць, і ніхто нічога не ведаў, каго яна толькі не пыталася. Прыдзверныя салдаты крычалі: «Паспееце, паспееце, чаго лезеце?», а «хвост» інтарасантаў усё павялічваўся, і ўжо за спінаю ў Іры стала блізка дзесятка чалавек. Усё тое не вешчавала ёй нічога добрага, але цвёрда хацела быць для справы незвычайна спакойнай і цярплівай. Аж выйшаў, як відаць, пісар і пачаў раздаваць чаканнікам белыя білецікі, ды не ўсім, бо іншыя панайшлі з бакоў і тыркалі яму прад вочы сінія білецікі, і тым нічога не даваў. Пакуль Іра разгледзела, што на яе белым білеціку стаіць ля пячаткі абы-як наскрабаная дата заўтрашняга дня, пісар крыкнуў: «Сінія — прыём… пачынаецца!» — і схаваўся. Сінія рынуліся ў дзверы, тузаючысь і не гледзячы на салдатаў з стрэльбамі, а белыя, быццам вінныя ў чым, недаўменна адышліся і аглядалісь. Іра станула ля абгрызенай канём ліпкі, каб абдумацца, што рабіць, і да яе падлез нейкі мястовы чалавечак, з нямытым тварам, сярод канцоў пастаўленага каўняра, чорны, як жыд, але з добрай вымовай, і сказаў ёй зусім нячутна, што ён можа памяняцца білетамі. Іра была рада, бо ўжо поўдзень мінуўся і мог прапасці адзін дзень зусім. І хацела памяняцца, ды пачула на сабе нечы пільны пагляд, зірнула туды і ўвідзела нейкага тоўстага, з зялёным, хворым тварам чалавека ў шабадраным чыноўніцкім пальце, каторы паглядам гаманіў з ёй аб тым самым, што й чорны. Іра занепакоілася, каб з гэтай менкі не трапілась абы-якой прыкрасці, — няхай лепей прападзе цэлы дзень. Тагды чорны пайшоў да сялян, а шабадраны чыноўнік зблізіўся да яе, заплюскаў губячымі сорам вачмі і сказаў, дастаючы з рукава сіні білецік:

— Не карыце згаладнялага й дайце што ласка ваша…

Іра памянялась на білецікі і дала чыноўніку тры царскія рублі, а каб не відзець, як ён кланяецца і як па зялёным твары паўзець слязіна, шыбчэй пайшла міма людзей і салдатаў у канцылярыю. Сабраўшы ўсе дакументы ў жменю, яна стала ў невялікую чараду перад пісарскім столікам і з жахам убачыла канец другой чарады, што цягнулась у нейкі калідорчык да дзвярэй зачыненага пакоя з дошчачкай над імі: «Камендант». Ужо пайшла першая гадзіна папоўдні, і Іра надта каялась, што не зрабіла менкі білетаў троху раней. Яна паказала свае паперы пісару. Той не ўзяў іх і сказаў, каб прыхадзіла заўтра, бо сянні камендант усё роўна не паспеець прыняць. Іра быццам нясмелым, адылі настойлівым голасам запытала: «А ці няможна дастаць перапуску без каменданта?» І потым цвярдзей дадала: «У мяне ўсе дакументы ў парадку, вот…» Яна ўжо адна толькі стаяла перад пісарам, і ён доўга чытаў і разглядаў яе паперы, а тады сказаў ёй: