Выбрать главу

І даведаўшысь, што газета каштуець не пяць, як калі-то, а трыццаць пяць капеек, незацікаўлена адхінаецца ад хлопца-газетніка і ўзноў з нуднай, як тое восеннае неба, цярплівасцю чакаець.

І няма яму абсалютна ніякай справы да ўсяго на свеце. Няхай княжыць і валадаець, хто хоця, абы толькі дастаць во табачкі дый так крутка правезць яе дахаты, каб дайжа сусед не даведаўсь аб тым і не прыйшоў пазычыць дробачкі.

І толькі на кароценькі мамэнт ажыўляецца і цягнецца наперад, пакідаючы воз свой, калі чырвонаармейцы з аўтамабіля раскідаюць галоце дармовыя лістоўкі, прысланыя на рынак агітацыйным аддзелам з экспедыцыі.

І ўжо не такая мне крыўда, што й цяпер, на страніцах мястовай бальшавіцкай прэсы, няма жывога твару вёскі: сорамам заірдзелісь бы шчокі яе небесстаронніх абароннікаў.

Ох! Цёмны і ўбогі нашыя хаты.

Мізэрны выгляд хат.

Мізэрна духоўнае жыццё яе насельнікаў.

Дайжа ў мамэнт найвялікшых перакрутаў жыцця і найвялізазнейшых зрухаў.

Навет у гэтым бурлячым віру, у гэтым рагочучым вулкане рэвалюцыйных падзей.

Калі маюць што з'есці, дык з'ядуць у вёсцы з брудам і пылам. Абальюць стол, выпацкаюць грудзі і вымасляць пальцы, быццам квач аб калёсную памазку. З'ядуць дар натуры так, як дастаецца ён проста з уроды: з зямлёю, з шалупою.

Калі маюць там з чаго вопратку пашыць, дык пашыюць яе так, што хаця пячурны чалавек апранай яе! Няхораша і мулка, то подаўга, то закаротка, то дужа крыва, то дужа коса; ну, якраз так, як «шэрыя» амсціслаўцы дражняць «белых» гаршчынцаў: на вілачках божы страх. І мізэрнае жыццё, і нуднае жыццё. Няма тут кніжак, няма тут мастацтва. Ёсць тут карты і апешалыя, мізэрныя думкі.

І няма прыгожых перажыванняў. Няма прынаднай макроты чуцця аб адважных рэвалюцыйных страмленнях. І калі ёсць пачаткі таго ў людской маладосці, дык надта паспешна загняцець іх бруд. Астанецца кляцьба, лаянка і злосць.

— Дык расказаць вам што-небудзь пра вёску, — прахапіўся Васіль. — А вот, як быў я ў гэтай камандзіроўцы, дык трапіў на зборку ў аднэй дзярэўні Пятровіцкай воласці эа Мсціслаўлем. На зборкі цяпер ходзяць найболей маладыя, каторых старыя, каб прымелі, дык бы з'елі. Ну, па важных справах прыходзяць пакрычэць і пабрахацца з маладымі і старыя. Маець такі гадоў пяцьдзесят, з вялікаю барадою, крычыць: «Браткі! Якая цяперіцька слабода, калі табакі німа… Есць у мясцечку, то там не прадаюць, за васьмушку хочуць хунт мукі. Я стаў пасылаць сына — а сыну яго гадоў дваццаць пяць, — дык ён быў на хронце, разгультаіўся, не йдзець…» А другі бацька пытаецца: «На якім хронце?» — «У нейкіх Кірпатых». — «Во, во, во! І мой жа такей. Не хочаць, каб бацька табаку куріў, баіцца, што не хопіць хлеба да нові. А я скажу: якое табе дзела? І ну яго лаіць. Схапіў я ножык папужаць яго, ды ён змоўчаў. А пасля каіць: няпраўда, калі станець Ленін здароў, не будзець вам, старым, такой раскошы… А я яму: не, праклятыя, здохніця з галадухі з сваімі самакраціямі. То ён мне ў адказ: чаму вам, старым, здаровым не быць, вы да дваццацёх гадоў без парток хадзілі й не стрігліся, а я з васемнаццацёх лет у падрядчыка Лявонава ў Маскве тачку цягаў, а цяпер церяз Мікалая Краважэрнага трі гады ў Кірпатых адсядзеў, у вакопах, па трое дзён-начэй не еўшы. Я на яго: вэн! уцікай з мае хаты куды хочаш!.. Праўда, паслухаў бацькі: узяў шапку, выйшаў». Тут усе старыя аж равуць: «Ты — маладзец! Такіх душагубаў надыбе вучыць!» А некаторы бацька яшчэ паддае: «Аўрам святэй свайго сына нёс богу на нож калоць, і то сын Ісак маўчаў…» І ўсе тады: «Праўда! Праўда!» Аж выступаець самы ўжо, відаць, пачэсны й разумны бацька і вярзець такую штуку: «А мой жа, с… сын, нейкіх кніжак палітыцкіх дастаў і чытаець: усё народнае, няльга хлеб прадаваць, калі ў каго ёсць лішні. А жонка на мяне гаворыць, нашто я пяць хунтаў мукі занёс за пяць васьмушак табакі ў мясцечка Пятровічы. Тады я кажу: а табе якое дзела? Я — хадзяін… Ды яе па карку. А сын падбег ды каіць: не ймееш права біць! А я на іх: вэн з мае хаты! Як-то я не ймею права біць свае жонкі?» О тут старыя то рагочуць: «Ха-ха-ха!» Выходзіць малады і кажаць: «Таварішы, цішэй! Даволі дурець ды сыноў глядзець, надыбе дзела ряшаць: як школу адчыніць?» Але ніхто не слухаець, усе галдзяць бесталаччу… Выходзіць другі малады і кажаць: «Таварішы! Школу надыбе небяспріменна адчыніць. У трёх дзяреўнях німа школы, у двух Шкандзіных і ў Гарелаўцы. І між намі, таварішы, німа ніводнага светлага чалавека, усе мы цёмныя…» Яму не ўзбунт крычыць самы разумны бацька: «Не слухайце яго! Ён толькі наўчыўся языком бряхаць… Лес-то дармавэй, а пра налогі, як школу адчынім, ён нічога не сказаў». І тут другі бацька: «Сажань дроў пастанавілі па сорак рублёў — во тут і жыві…» А там нехта яшчэ дзярэць ува ўсё горла: «Мне некага ў школу пасылаць!!» — «А сына й дачку?» — пытаецца малады. «А лапці хто будзе мне плесць?» — крычыць той. «А сам?» — ізноў пытаецца малады. «Я? Я ўжо за сваіх сорак гадоў наплёўся!» І старыя ўжо пастанаўляюць: «Не надыбе вучылішча, не надыбе. Дзяцей патворіць нечага!» Там яшчэ каторы бубніць: «Вунь Анісавы выўчылісь, цяпер кажуць на бацьку, што каб саветаў слухаў. А якіх жа саветаў? А во такіх: у кажнай хаце ёсць савет… Савет — гэта значыцца ўся сям'я, і даўжон адзін чалавек пакаряцца яму, а хатні савет — сельскаму, а сельскі — валасному і так далей. Ага! — закрічэў Аніс, — я сам хадзяін, ды буду пакаряцца вам! Вам не спанараўна, што я табаку на хлеб мяняю, — не надыбе мне такія царі…» А таму ў адказ другі яшчэ й жарты строіць: «Нічога, браткі, куріця! А калі не дагледзяць етыя шыбельнікі, дык і самагонку ганіця! А не хапіць хлеба, ніхай бальшавікі даюць. А то цераз іх завод зачынілі, спірту не гоняць». Выходзіць член «камбеда» і кажаць: «Не, таварышы, хто будзець самагонку гнаць, хлеба ніхай не просіць, а будзець расстрелен!» Як толькі сказаў, усе старыя аж равуць: «Ага! Дык нас будуць страляць, як хлеба не хапіць! Авохці, рятуйця! Нам еткага начальства не ненадыбе, не!»