Выбрать главу

— Нейкі п'янюга капітан, а можа, навет быў і жандарам калі-небудзь. Убіўся ў ласку к нашаму Карпавічу, наўчыў яго п'янстваваць, іх паслалі давіць паўстанне, і яны… яны без міласердзя парастрэлівалі зусім невінаватых людзей, цёмных сялян.

— Што ты кажаш?! — спытаўся Абдзіраловіч парушаным, але такім голасам, у якім сам помала чуў патрэбнага пачуцця і зганіў сябе за тое.

Васіль вельмі расстроіўся, але не хацеў паказаць усяго сябе.

У дзвяры забарабаніла гаспадыня, увайшла з самаварам, тоўстая, сівая ў замасленай блюзцы і ў пантофлях.

— А я прыйшоў прасіць, каб вы завялі мяне к Карпавічу, — сказаў Абдзіраловіч Васілю, калі яна ўсё паставіла на столе й вышла, — буду прасіць яго, каб памог вызваліць з «чразвычайкі» майго арыштаванага таварыша і яшчэ аднаго чалавека.

— Добра, пойдзем, — каротка сказаў Васіль, наліваючы гарбаты, — зараз, як нап'ёмся.

Настрой у вабоіх зламаўся і змяніўся. Васіль не чуў той зморанасці, апяшаласці, а быццам гарэў у трасцы ад патрэбы нейкага дзеяння, творчасці, змагання. Ён абпякаўся гарбатаю і адразу, неўпрыцям, з'ядаў увесь кавалачак цукру, хоць хапацца ж не было зусім куды. Шчокі яго ўсё гарэлі, а бровы насунулісь на вочы.

Абдзіраловіч пачуў тут нейкае палягчэнне ў адносінах да Іры, быццам пераверыўся ў нечым радасным і меў права сказаць: «Эт, каму гэта патрэбна!» А што ды што патрэбна: ці беларускае нацыянальнае адраджэнне, ці яго дружба з дзяўчынаю, — таго і сам добра не цяміў ды й не стараўся абдумаць. Быццам гэтыя дзве акалічнасці толькі заміналі таму, каб назаўсёды знішчыць магчымасць расстрэлу невінаватых людзей.

XX

Пад прозвішчам Гарэліка працаваў у месце N., сярод бальшавікоў капітан Гарэшка, як тайны агент вялікага маскоўскага хаўрусу «Вызвалення Расеі». Хаўрус меў мэтаю адрадзіць «ядзіную і недзялімую» расейскую імперыю і рассылаў сваіх людзей скрозь па ўсіх яе быўшых частках. Капітана Гарэшку, як беларуса родам, паслалі працаваць на Беларусь з вялікімі сумамі грошы і важнымі даручэннямі самага сакрэтнага характару. Між іншым было даручана яму знайсці патрэбных людзей для арганізацыі сялянскага паўстання, самому пралезці ў чырвоную армію, заслужыць ласку ў бальшавіцкіх кіраўнікоў, папасці на ўсмірэнне бунту і задавіць яго з незвычайнай, шалёнай жорсткасцю; між іншым было даручана яму, каб як толькі мага, а вывезці з Масквы, цераз заходні фронт, за межы савецкай тэрыторыі аднаго друзлага архірэя, важнага сябра хаўрусу «Вызвалення» (таго, што некалі быў архімандрытам, у манастыры, гдзе спасаўся Гаршчок, прадаў драгацэнную панагію важнага гістарычнага значэння) і вывезці яшчэ яго двух глаўных супрацоўнікаў, манахаў Паісія і Нікадзіма.

Калі ўвечары к Карпавічу прыйшлі Абдзіраловіч і Васіль, там было сярод дыму ад табакі шмат рознага бальшавіцкага камісарства, мусіць быць, у гасцёх ці на якой радзе, але скора ўсе разышліся, апрача аднаго, відаць, блізкага прыяцеля Гаршку. Гэта быў высокі мужчына ў чорным крытым кажушку і вялікіх, халявістых ботах, яшчэ не стары, але з акладзістаю барадою і сівеючай галавой, быццам усаджанай у вялікія чорныя акуляры.

— Таварыш Гарэлік! — сказаў яму Гаршчок, кульгануўшы ля столу. — Напрацаваліся мы з табою сяння добра, аж надта… Я ўважаю, што маем права сянняшні вечар прабандурыць, а?

— Я тож так думаю, што прабандурыць, — адказаў той вельмі знаёмым Абдзіраловічу голасам і пачаў круціць папіроску, седзячы за сталом блізка лямпы, ды адхіліўшысь ад яе.

«А божухна, ці ж гэта капітан Гарэшка?!» — памысліў Абдзіраловіч і з неспадзяванай нясмеласцю пільней агледзеў Гарэліка, а той і віду не падаў, што адразу спазнаў быўшага прапаршчыка.

«Ну, ды ён жа, ён… — думаў Абдзіраловіч і глядзеў на добра віднае ад святла лямпы вуха і шыю Гарэліка, — ён, гэта яго чырвоная, спечаная скурачка п'яніцы і дзявошніка, на якой цяпер так адраслі і засівелі яго мякенькія валасы, ён…» Гэта была для яго першая неспадзеўка.

— А гэта, брат, мае даўныя людзі, — павёў у іх бок рукою Гаршчок, кажучы Гарэліку сваім грубым, але не праціўным голасам: — Адзін, таварыш Васіль, добры камуніста, а другі не ведаю, але чалавек нічога сабе, толькі дужа доўга самавызначаецца. Гэй, Ахмет! — крыкнуў ён у прычыненыя дзверы другога, чарнейшага пакоя. — Давай скарэй вячэру, што там маеш, каб цябе, каб… — а потым павярнуўся і спытаўсь: — Ці ж вы, Ігнат… Ігнат…

— Восіпавіч, — падказаў яму Васіль.

— Чаго казаць, кагды нясу, — адгукнуўся Ахмет.

— Ці ж вы, Ігнат Восіпавіч, яшчэ й цяперака не паспелі з сваім самавызначэннем? А я ж вам казаў: бавіцца не выпадае, каб ногды не спазніцца! Забыліся? — зірнуў ён на Васіля з-пад сваіх сівых кучаравых валаскоў і кульгануў, нізенькі, ля столу. — Забыліся ай не?