Выбрать главу

І на гэтым не застанавіўся капітан, а пачаў пераказваць Абдзіраловічу, як яны з Карпавічам сцішылі мужыцкі бунт.

— Уводзяць іх да мяне ў штаб. «Бунтаваўся?» — «Бунтаваўся». — «К сценцы». Раздзяваюць, вядуць у другі пакой — чуем: трах! Валіцца і галавою стукнецца. І так аднаго, й другога, й дваццатага, й трыццатага. Два родных браты былі, паповічы, левыя сацыялісты-рэвалюцыянеры. За правадыроў былі. Адзін аж млеець, белы, як крэйда, ногі падламуюцца, зубы калоцяцца, і словам не можа сказаць, заікаецца. А другі… яшчэ па днэй, Карпавіч, што? — а другі, брат, малайчына, спакойны і галаву дзярэць, хоць ведае, што зараз і яго раздзенуць. Падводзяць яго. «Бунтаваўся?» — «Змагаўся з гвалтаўнікамі». — «Хочаш, каб цябе расстралялі?» — «Хачу!» — «А! Маладзец! Ну, раздзявайся». Расшпіляець сарочку. «Косцік! Будзь смялей!» — кажа брату. «Можа, чаго хочаш? Прасі», — кажу. «Напісаць запіску матцы». — «Пішы. А малодшага вядзіце». Самлеў той, павалаклі, а гэты крычыць: «Прашчай, Косцік! Я пішу маме». А сам на кавалачку паперы хапаецца, пішаць, і рука, праўда, дрыжыць: «Дарагая мамулечка! Не плачце — так трэба. Косціка ўжо павялі… Стрэл. Заваліўся. Гэта ён. Зараз я. Цалую». Не дапісаў. Схапіў я ноган і ўсадзіў яму кулю ў лоб. А маладзец?

Абдзіраловіч слухаў, як загіпнатызаваны нечым смярдзючым, гідкім; быццам нешта ліпкае, жудаснае наліпаець на яго, а ў горле сцінаець дыханне.

Гаршчок п'ець, убіўшы вочы ў дол.

— Ну, мне пара дахаты, я болей не магу, трэба адпачыць, — сказаў Васіль з нясхованай прыкрасцю і ўстаў.

— Не прымай да сэрца, Васілёк, — спрабуе жартаваць п'яны Гаршчок.

Васіль кінуў на яго пагляд, як расчарованы вучань на вучыцеля, за каторага стануў вышэй, і злосна сказаў:

— Дык няма чым хваліцца, калі забілі больш невінаватых, чымся вінных.

Ён і Абдзіраловіч пачалі апранацца.

— А ці не будзе па дарожцы і мне з таварышамі, — звярнуўся больш да Абдзіраловіча Гарэлік і падняўся з застолля на свае дыбатыя ногі. У голасе меў цынічную, Абдзіраловічу зразумелую, спакойнасць, выглядаў невінавата-спакойны, быццам нічога не разумеў, дзеля таго яму ўсё тое, што хоча Васіль, прыстаець, як да сцяны гарох.

— Іван Карпавіч! Будзьце ж ласкавы, памажыце, — з прыкрай прыніжонасцю, але вялікай стараннасцю прасіў Абдзіраловіч, выхадзіўшы, — памажыце вызваліць іх з вастрога, бо хоць прысягну вам, што арыштаваны яны хіба па абмылцы, ні ў чым проціў савецкай уласці невінаваты… Будзьце ж ласкавы, не забудзьцеся…

— Добра, добра… Калі так, дык я іх зараз выпушчу… Добра, добра… — марматаў ля дзвярэй Гаршчок, кульгаючы.

На вуліцы Гарэлік яшчэ ля ганка спытаўся ў Абдзіраловіча, у каторы яму бок.

— У гэты? О, то й я з вамі якраз, таварыш, — сказаў ён. — Што? А вы туды? — крыкнуў ён з праступаючай насмешкаю Васілю, каторы паспеў ужо крыху аддаліцца ад іх. — А мы сюды… Бывайце, бывайце!! — старанна крыкнуў ён не столькі за сябе, сколькі за Абдзіраловіча і як слова не заўважыў, што той не прыстоіў, каб падаць ім руку на развітанне.

Калі стукат яго ног па тратуары заціх у воддалі, Гарэшка азірнуўся ў розныя бакі спячай, пустой вуліцы пад сонным бліскам месяца ў трэцяй квадры, безмалімонна падхапіў Абдзіраловіча пад пашку і ціха загаманіў у свежым, ядраным паветры рана-восеннай пары.

— Ну, пане мой, каб ведаў, што ўвіджусь тут я з вамі, разумеецца, прывёз бы паклоны й прывітанні ад Аляксандры Мікалаеўны і князя…

Абдзіраловіч пачуў у гэтых словах цверазеючага капітана, сказаных так зняцейку, спробу пашчупаць грунт, але была ў іх зусім відная насмешка, а таксама паказанне сілы дужэйшага над слабейшым. Ён подаўга думаў, як адказаць, і выйшла так, што зусім змоўчаў. Тады капітан пачаў казаць далей.

— Ці ж вас, пане мой, не цікавіць, як маецца ваша даўная знаёмая Алечка?.. Па-даўнейшаму — Алечка, а цяпер то, праўда, княгіня Аляксандра Мікалаеўна Гальшанская… Жывое, богам створанае хараство, казаў той… што?

— А вы адкуль ведаеце? — спытаўся неўспадзеўкі для сябё Абдзіраловіч, хоць пачынаў надта крыўдзіцца і намерыўся асадзіць нахальнага капітана.

— А я, пане мой, не дужа даўно з Каўказа. Ну, што ж вам цікаўнага сказаць? Мікола Мартынавіч, хоць я і з ім знаём мала, болей са слоў князя, выехаў з сямейкай у Румынію. Усе выехалі, апрача, праўда Алечкі, дзеля таго, што князь такі з ёю пабраўся. І гімназіі не скончыла. Ну, разумеецца, гэтакі завірушны час. Вас мы з ёю ўспаміналі. Так… Казала, што вы чалавек добры і ёй чалавек любы, але мяккасць ваша не да спадобы ёй. Князь мяне пазнаёміў з ёю. Цяпер яны абое выехалі адтуль… туды, куды камандзіравалі князя. Ну, а вы, квіт за квіт, раскажыце, пане мой, аб сваіх прыгодах з той пары?