Выбрать главу

Капітан наліўся крывёю, дрыжачай рукой адарваў канец цыгаркі і казаў далей:

— Тут Гаршчок неўспадзеўкі для мяне самлеў, і я, замест таго, каб паліць яго, адліў вадою, потым вывалак нагару, у пакой, паклаў на пасцелю і брытвай, каб доўга не мучыўся, зарэзаў яго. Ён ляжаў у крыві — кароценькі, з падагнутаю кульгаваю нагой…

І Гарэшка і Абдзіраловіч маўчалі доўга. Аж у дзверы стукнулі. Капітан спакойна адчыніў іх і ўпусціў нейкага запыханага чырвонаармейца. Потым узяў шапку і сказаў, махнуўшы на таго, каб сказаў сваё после за яго:

— Ну, аставайцеся здаровы, таварыш Абдзіраловіч! Можа, яшчэ калі а калі сустрэнемся. Вы пачынаеце беларусіцца, а я, прызнацца, памагаю цяпер Гальшанскаму, а ён якраз працуе сярод беларусаў, там. Надта ж, надта вам дзякую, што ўважна слухалі, бо так мне палягчэла, быццам быў запэцканы ды й вымыўся ў чысценькай вадзіцы.

І ён пайшоў.

— Таварыш! — шыбка загаманіў новы госць. — Я прыйшоў сказаць, каб ратавалі і свайго і майго таварыша. Той гарэцкі студэнт заўчора ўцёк з вастрога, калі вартаваў мой таварыш з С-кай воласці, дык і яго цяпер заарыштавалі. А таго вашага, што застаўся, сянні ўноччы павядуць некуды, ёсць ужо прыказ… Ратуйце іх, я нічога не ўмею…

— Божа мой! Што ж я ўмею?! — мімаволі застагнаў узварушаны Абдзіраловіч і схапіўся за голаў.

…У гэты самы вечар Іра выпраўляла ў далёкую дарогу, за дэмарклінію, Сухавея, каторы з рызыкай забегся да дзяўчыны.

Вучань нязграбна й борзда хадзіў, бесперастанна, ад кута да парога, пакуль яна складала яму нешта ў хатылёк, круціў пачырванелымі, запалёнымі вачмі то на партрэт Янкі Купалы, то на вакно, за якім чарнеўся мак і бялелася табака, і гаварыў, хапаўся, як у трасцы, ды збіваўся і чапляўся за стол сваімі запыленнымі ботамі.

— Што? Сяброўка думала, што я пакладуся на помач гэтага рэнегата? Яшчэ няведама, як ён паможа сябру Канцавому. Што? Ён казаў вам, што мае «дзве душы»?.. І вы яго бароніце? Дарма! Гэта не «дзве душы», а гэта… гэта… — хлапец круціў рукамі, — гэта расхрыстанасць, разлезласць, мяккацеласць… нешта для мяне гідкае, слізкае. Гэтыя вырадкі губяць бацькаўшчыну, як і ўсякія ворагі-чужынцы… Эт, дрэнь… Што? Ужо! Гатова?

Яна маўкліва падала яму хатылёк. Ён уздзеў яго на плечы, схапіў кіёк, памкнуўся некуды ўбок, потым ізноў да яе.

— Ну, аставайцеся здаровенькі, сяброўка! Не закідайце працы!

Ён нязручна неяк працягнуў руку, ды яна схапіла яго за плечы, прыцягнула да сябе, пацалавала раз і другі і задушаным ад слёз голасам шаптала:

— Не… не, браточку, не закіну…

— Не прапускайце, не выходзьце! — крыкнуў з парога. І яна глядзела ў вакно, як схаваўся за яблынкамі, на мяжы, сярод канапелек, у цямноце вечара зусім блізкай восені.

Села ў плеценае крэсла і плакала горка адна. У расчыненае вакно плыло свежае паветра, і пахла табака.

XXIII

Той жа начы капітан Гарэшка шчасна пакінуў N. і паехаў таксама ў бок дэмаркацыйнай лініі, згубіўшы пакуль што ўсякую надзею на вызваленне чарняцоў з «чразвычайкі».

А к чароднаму дню савет прызначыў урачыстыя хаўтуры няшчаснага рэзаніка. Усялякія заняткі ў установах забараняліся; савецкія служачыя мелі загад явіцца на хаўтурную працэсію. І дзень задаўся добры: сонечны і цёплы.

Абдзіраловіч прачнуўся вельмі позна, а ў радасным настроі. Не піўшы гарбаты, сеў ён, хацеў хутчэй напісаць Сакавічанцы пісьмо, з добрымі навінамі аб іх справе, і таксама бегчы туды. Не загаду баяўся, а самому карцела падзівіцца на гэтыя хаўтуры. Учора не трапілась пагаварыць з Васілём аб смерці Карпавіча, неяк не насмеліўся ён пачаць аб ёй гутарку, а хацелася ведаць, як той думае, дык цягнула да яго. Васіль быў учора смутны, але на гэта ў яго шмат прычын — не дзіва.