Выбрать главу

Дэп. Грыб: мы, дэпутаты ВС, маем права на непасрэдную інфармацыю аб міжнародных падзеях, справах, а бяром яе з друку, у інтэрпрэтацыі журналістаў. Напрыклад, аб забастоўках у блізкіх суседзяў, аб заяве ўрада Расіі — што мы ведаем з дакладных крыніц? Трэба, каб у нас быў свой інфармацыйны цэнтр.

Дэп. Жукоўскі. Заяўляю пратэст супроць зневажання ветэранаў і гераізму народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Іваноўскага рабіць героем — ганьба! А верх — апафеоз — гэтага — намер правесці вечар 50-годдзя Саюза Беларускай Моладзі. У савецкай Беларусі, іменна ў савецкай, былі створаны ўмовы для суверэннай дзяржавы! (Усё гэта — з вялікім-вялікім пафасам, нават большым, чым заўсёды.)

Пытанне аб Камітэце Дзяржаўнай Бяспекі: ка­му КДБ павінен належаць — Савету Міністраў ці Вярхоўнаму Савету? Дэп. Грыб за першае — за Савет Міністраў. (Вельмі кепска слухае зала. Старшыня дае званок за званком. Крыкі: „Галасуем!”.) Зноў разгарэліся спрэчкі. Дэп. Грыбанаў: ні ў якім разе нельга ў СМ!

Заклікаю не галасаваць! Дэп. Майсееў: чаму Кебіч так цягне КДБ у СМ, пад сваё крыло? Задумаліся? Прашу вас устрымацца ад непрадуманага кроку!

Дэп. Баршчэўскі: Хай вырашыць новы Вярхоўны Савет! У вас усё роўна не пройдзе! Гэта пытанне канстытуцыйнае. Толькі пасля прыняцця новай Канстытуцыі вырашыцца.

Дэп. Навумчык: у 1991 годзе паводзіны старшыні КДБ Шыркоўскага былі годнымі. Вы ж не захацелі!.. Вы ж не захацелі!.. Вы ж!.. Вы!..

Дэп. Папоў: КДБ павінен быць падпарадкаваны Савету Міністраў! Урад адказвае за бяспеку дзяржавы! Як без КДБ ён забяспечыць? З юрыдычна-прававога пун­кту гледжання — толькі СМ! (У зале шум, крыкі, поўны хаос!) Кузняцоў яўна не спраўляецца з залай. Трыбуну захапіў дэп. Папкоў. Крычыць: „Мікрафон выключылі за трыбунай! Мікрафон дайце!” Да Кузняцова падляцеў Пазьняк, нешта крычыць яму ў твар, што — не чую. Каля мікрафона на праходзе галяпуе Гермянчук: дайце звесткі! дайце звесткі аб.! Затым махнуў рукой і пайшоў на праводзіны Леха Валенсы, недзе там жа і Шушкевіч. А тым часам прагаласавалі. Трох галасоў для перамогі Саўміна не хапіла. Засталося, як было.

Пра падпісанне Шушкевічам Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Старшыня ВС Шушкевіч тлумачыць, чаму да гэтага часу Дагавор не падпісаны. (Ой, за­раз будзе гвалт! Ой, будзе!) Даказвае, чаму нам ні ў якім разе нельга падпісваць гэты Дагавор. У Таджыкістане ўжо загінула сто тысяч чалавек. Дык што — і мы ўцягнемся туды? (Добра гаворыць, пераканаўча. Вельмі пераканаўча!) Ва Узбекістане насельніцтва ў два разы больш, чым у Беларусі. А армія ў пяць разоў меншая.) Дэп. Ганчар: „Сем пятніц на тыдні. Абвергніце, што гэта не датычыць вас”, „Ці маеце права кіраваць калектыўным органам?”. (О, куды хапіў! Ды як бесцырымонна!)

Дэп. Гетц: Дзе карані — чаму пагаршаецца эканамічнае становішча? Шушкевіч: Нельга адной нагой стаяць у чоўне прыватызацыі, а другой — у чоўне планавай эканамічнай сістэмы! Прыклад трэба браць з Польшчы! (Г. зн. усё прыватызаваць.) Дэп. Навумчык: Ці не лічыце вы неабходным зрабіць кадравыя перамены, калі ва Урадзе такі развал? Шушкевіч: Не пра асобы гаворка, а пра канцэпцыі! Дэп. Казлоў. Дамагаецца, каб Шушкевіч выказаў свае асабістыя адносіны да Дагавора. Дэп. Новікаў (генерал). Што перашкаджае вам выслухаць ваенных, афіцэраў? Апошняя вашая сустрэча з вайскоўцамі была 2 студзеня 1992 г. Шушкевіч. Армія павінна быць па-за палітыкай. Дэп. Мачуленка. Вы падпісалі ці не падпісалі Дагавор? У вашым лісце ў СНД няма ні слова аб тым, што Вярхоўны Савет РБ — за далучэнне Беларусі да Дагавора аб калектыўнай бяспецы. (Усё гэта — з веданнем працэдуры, юрыдычнага боку справы. О, як зацята, як настырна і як ядавіта!) Дэп. Мінько. Ці ўхваляеце вы ўдар ЗША па Іраку? (У зале рогат.)

Дэп. Сарокін (генерал). Чаму тут няма членаў Урада, калі абмяркоўваецца такое важнае пытанне? Дзе Кебіч, міністр Казлоўскі і іншыя? Усе гавораць на расійскай мове, і Шушкевіч таксама — нібыта адпаведна пытанню. Хаця — а чаму? Хай яны пытаюцца па-расійску, а ты — сячы ім на дзяржаўнай беларускай!

Дэп. Камай. Можна думаць, што вы перагледзелі сваю пазіцыю, якую займалі ў Віскулях? Так ці не?

Шушкевіч. Жыццё ідзе наперад, і трэба ўлічваць новыя рэаліі і рабіць адпаведныя карэктывы. Дэп. Лука­шэнка. „Игра!” Ён прымае нас за студэнтаў! „Только двусторонние отношения!” — заяўляў у Віскулях. (Ох, і кусаюць! Ох, і грызуць Старшыню! Пра павагу і гаворкі няма.)

Шушкевіч. Калі вы хочаце „на калені” — то я „на калені” не хачу! І каб Беларусь падала на калені — не хачу! Вядома, трэба ісці па шляху двухбаковых згодаў, хаця я не выключаю і іншых пагадненняў.