Дэп. Сарокін, генерал. У тую ж дудку, што і палкоўнік. Адна нянавісць да Беларусі, да нашай незалежнасці, да нашай мовы.
Дэп. Казлоў. Нібыта спакойна і культурна. Спаслаўся на артыкул Н. Г. аб расійскай мове ў Беларусі, аб яе статусе па Канстытуцыі (мова міжнацыянальных зносінаў). „Гэта ўсё мы адрэгулюем! Мы павінны ставіць пытанне на рэферэндуме!”
Дэп. Зданевіч. Дае ў косці і Шушкевічу за балансаванне сярод правай большасці. Дэп. Скарынін. Дубасіць Шушкевіча па ўсіх лініях. Пазіцыю спікера характарызуе як „верх цынізму”. Гэта ў Шушкевіча — цынізм? Дзе?
Дэп. Пракопаў. Патрэбны неадкладныя выбары прэзідэнта! Дэп. Какоўка. Здзекуецца з партакратычнай большасці ў зале.
Дэп. Пазьняк. Як і Какоўка, бязлітасна здзекуецца з пракамуністычнай бальшыні ў зале, але яшчэ больш здзекліва — з Шушкевіча. Вось гэта і ёсць мы, беларусы. Толькі так! Толькі есці адзін аднаго! Іначай мы не можам!
Дэп. Жукоўскі. О, які галасок! Толькі на плошчу! Толькі на мітынг! Стары ідэалагічны кадр з тых, што не турбуюцца — слухаюць іх людзі ці не слухаюць, ведае, што перакрычыць усіх. Поўныя вушы, поўная галава крыку, бухання ў мікрафон! І навошта так галяпаваць?
Дэп. Ганчар. Ад пачатку да канца — суцэльны здзек з Шушкевіча.
Дэп. Даўгалёў. О, як з’еў Ганчара! Аж запляскалі ў зале.
Шушкевіч. Заключнае слова. Адбіваецца, як можа. Амаль нічога не прызнае. І зноў сарваўся (у дачыненні да Ганчара).
Божа, як сумна, горка і брыдка! Як горка! Нішто не аб’яднае нас, нішто! Тое, што магло нас аб’яднаць — таго ў душах няма. Свяшчэнны доўг перад Беларуссю — г. зн. перад мовай і культурай Беларусі, перад Святым Духам Беларусі, — няма! Думаюць пра іншае — пра свае чыноўніцкія амбіцыі, пра сваю ўласную пыху...
9 лістапада
Просьба нашай Камісіі ўключыць у Парадак дня пытанне аб архівах і бібліятэках адхілена. Абодва законапраекты не прайшлі: двойчы ставілі на галасаванне — і двойчы родненькія дэпутаты правалілі. Ні архівы, ні бібліятэкі іх не хвалююць. Дробязь! Хаця на абмеркаванне гэтых законапраектаў у першым чытанні хапіла б дзесяці хвілін. Так людзі выказалі свае адносіны да культуры наогул. Удалося ўставіць у Парадак дня пытанне аб зарплаце настаўнікам і педагогам.
Дэп. Пазьняк: „Першым трэба ставіць пытанне аб адстаўцы Урада!” І вельмі рэзка асудзіў Урад, які давёў краіну да цяперашняга становішча. Дэп. Ізмайлава (ваяўнічая бабулька!): зусім не па тэме Парадку дня пачала крычаць аб пагрозе дзяржаве з боку апазіцыі і БНФ. Гэтую небяспеку ўбачыла яна і ў інтэрв’ю Сярэдзіча
з Шушкевічам. (За два рады перада мной сядзіць дэпутат „ад інвалідаў” і ўвесь час паварочвае галаву, каб кінуць кеплівую рэпліку Гермянчуку, а ўхмылка дурненька-дурненькая. Можа, і добры чалавек, і заслужаны ветэран, але... Ён ведае адно, што трэба перш за ўсё ўчыняць абструкцыю „дэмакратам”. Крычы, стукай і грукай нагой аб падлогу, рукамі па стале. Навыбіралі такіх законатворцаў, навыбіралі!.. А для чаго? Недарэчна гэта было зроблена, недарэчна.
11 лістапада
Дэп. Гілевіч: „Дазвольце сказаць пра адно ўражанне, якое мяне вельмі засмучае. Мнагавата гаворыцца тут таго, што не дапамагае адказаць на пытанне: як, якімі шляхамі выйсці з глыбокага крызісу, як не дапусціць, каб здарылася самае горшае — каб абрабаваныя, ашуканыя няшчасныя сумленныя людзі не пачалі паміраць ад голаду і холаду”. „Дарэчы, у вуснах многіх нашых грамадзян словы „суверэнітэт”, „незалежнасць” сталі словамі зняважліва-абразлівымі, гучаць, як лаянка. Няшчасце на галаву звалілася — суверэнітэт! Жылі- жылі — і раптам на табе! Суверэнітэт!.. ”
16 лістапада.
Абмеркаванне дакладаў С. С. Шушкевіча і В. Ф. Кебіча. Дэп. Заблоцкі У. М. Нам патрэбен нейтралітэт па ўзору Швецыі. У любых абставінах — нейтралітэт! Ні ў якім разе не ўтвараць агульную рублёвую зону з Расіяй. Рашуча супроць здачы суверэнітэта і незалежнасці!
Прапанаваў выбраць старшынёй Урада. Марыніча. (У зале — шум і посмехі — не прынялі.) Дэп. Новік У. У. „Сёння Расія ў руках ліберальнай буржуазіі, а заўтра?” Трэба было на другі дзень пасля ўвядзення расійскага рубля нам у Беларусі ўводзіць свой, беларускі. Вярхоўны Савет і Савет Міністраў не зрабілі гэтага. Задзейнічалі хапугі. Трэба помніць пра геапалітычныя інтарэсы Расіі ў Беларусі. Паглядзіце: набіраюць сілу дзялкі-кампрадоры! Я заклікаю і ВС і СМ да разумнай згоды. Урад, дай праграму выйсця са становішча! ВС адказвае за дзейнасць Урада, і калі той не так дзейнічае — дык у адстаўку!