Выбрать главу

Дэп. Унучка Р. І. БНФ і ПКБ (Партыя камуністаў) самкнуліся ў сваёй дзейнасці. Мала шукаем крыніцы энергіі. Ядзерную трэба развіваць! Каб не загубіць эканоміку — трэба ўзяць крэдыт на 450—500 мільёнаў даляраў. Вёску заспакойваем, ашукваем — як і раней. Вытворчасць прадукцыі сельскагаспадарчай стала нявыгаднай. Стала нявыгадна ў вёсцы жыць.

Дэп. Антончык С. А. Гваздае карпаратыўныя партыйна-дзяржаўныя групы, якія рабуюць народ і краіну. (Ой гваздае!) Гваздае — як прайдзісветаў. (А як доказна!) Урад дазваляе ім займацца прыхватызацыяй! У гэтых умовах — толькі адстаўка Урада! Заклікае народ да забастовак, да бунту, на вуліцу! (Такога з трыбуны ВС яшчэ не гучала!.. Сапраўдны рабоча-пралетарскі лідэр! Брава, Антончык!)

Дэп. Качан М. А. Унучка — былы першы сакратар РК КПСС, сёння ён — жоўта-карычневы. Я абвяргаю ўсе яго абвінавачванні. Далей — драпежыць БНФ, прамовы Пазьняка, Гермянчука, Голубева. А галоўнае — у адстаўку Шушкевіча! У гэтых мэтах патрабуе арганізаваць ліст выбаршчыкаў. І зноў і зноў — пра Віскулі.

Дэп. Алампіеў В. П. Мы ўхіліліся ад рашэння эканамічных праблем. Цытуе Лінга: „Калі паперадзе эканомікі ідзе палітыка — будзе крах!” Не будзе — ужо ёсць. (Робіць доказны аналіз гэтага.) Што ў такім хаосе, як у нас, можна зрабіць? Адны (Заламай, Казлоў) — за СНД, другія — супроць, за дэнансацыю дагавора. Кебіч даўно заслугоўвае адстаўкі!

Дэп. Марыніч М. В. Заклікаў падтымаць і Кебіча і Шушкевіча. Даверыцца ім — і няхай працуюць!

18 лістапада

Дэп. Гілевіч Н. С. Тут была заява, што пытанне аб незалежнасці хочуць абмяркоўваць адно дэпутаты з апазіцыі — члены БНФ ды Грамады. Я не належу ні да БНФ, ні да Грамады, ні да якой-небудзь іншай партыі. Не належу і не збіраюся належаць. Але я належу да на­рода, які тут жыў, жыве і будзе жыць і які заслугоўвае лепшае долі, чым тая, якую меў у стагоддзях, калі з яго воляй ніхто не лічыўся, да народу, які мае права, Бо­гам данае права, быць і пачувацца гаспадаром на гэтай зямлі, на сваёй роднай зямлі — іншай у яго няма. І таму зразумець маю трывогу ў гэтую хвіліну, думаю, няцяжка. Нельга недаацэньваць момант, які мы зараз перажываем — бо ён можа аказацца лёсавызначальным, ён можа стаць пачаткам канца — канца таго, да чаго мы так доўга ішлі — да суверэннасці, да незалежнасці. І што ж прымушае многіх з нас, сыны і дочкі Беларусі, так легкадумна ставіцца да лёсу сваёй Бацькаўшчыны?