Выбрать главу

Званіў А. А. Марачкін з просьбай (ад імя ініцыятыўнай групы) — увайсці ў аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенню 75-й гадавіны БНР. Згадзіўся з удзячнасцю, што не забыліся пра мяне. Гэту Дату трэба адзначыць хораша! І на дзяржаўным узроўні!..

18.V.1993

Першы дзень працы ХІІ сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Пасля доўгага перапынку. Запісы раблю на пасяджэнні. Пачалося вельмі сумбурна. Зноў у зале, у радах, пануе нейкі лёгкі настрой, гучыць гумарок, жарцікі. Зусім не адчуваецца настроенасці на цяжкую, сур’ёзную працу. Чорт жа знае, што робіцца ў краіне — у эканоміцы, у гаспадарцы. Ды і на свеце. Паўсюль у зале — гэтакае маладзецкае бадзёрства. Ні знаку, што ў рэспубліцы — крайне цяжкая, нават трывожная сітуацыя. У тым ліку і ў маральным стане грамадства.

Пачынаецца абмеркаванне Парадку дня. Дэп[утат] У. Новік прапануе ўключыць законапраект аб паліве — бо надта страшная можа быць для нас зіма. Рэпліка З. Ломаця: „Садзіся на свой нейтралітэт і язджай, нашто табе бензін. Хацеў жа нейтралітэту, без саюзу з Расіяй”.

Дэпутат З. Пазьняк унёс дзве прапановы. Першая: адмяніць пастанову, якая рэабілітавала Камуністычную партыю Беларусі, каб заставалася ў сіле першая пастанова, паводле якой КПБ — антыдзяржаўная арганізацыя. Другая: паставіць на разгляд пытанне аб адмене пастановы аб Рэферэндуме, бо такі рэферэндум не патрэбен, ён будзе на шкоду Беларусі. У зале — адпаведнае (нядобрае) рэагаванне. Падхапіўся дэп. Качан. Патрабуе: 1. Уключыць у Парадак дня пытанне аб забароне БНФ як арганізацыі антыдзяржаўнай (у піку Пазьняку). 2. Аб аднаўленні свята Кастрычніцкай рэвалюцыі. Спаслаўся на ліст 112 дэпутатаў у Прэзідыум Вярхоўнага Савета. (А з якім пафасам гаварыў! З якой загартоўкай у голасе!)

Канфрантацыя пачалася з абмеркавання скла­ду Рэдакцыйнай Камісіі. „Беларусы” зарэзалі ўсіх „дэмакратаў” (Герменчука, Герасюка, Трусава, Навумчыка і інш.). Узначаліў Камісію Б. І. Недарэка, што і засведчыў, выступіўшы (хай Бог даруе, што я даў Б. І. такі псеўданім).

Дэп. В. Ганчар пляжыць Прэзідыум ВС і рабочы прэзідыум Сесіі за няўменне арганізаваць працу, парушэнне рэгламенту, — з вялікай непавагай да кіраўніцтва ВС — як заўсёды. І як заўсёды — высакамерна, наставіцельна, павучальна, па-рэзанёрску, катэгарычна...

Дэп. Мінько патрабуе ўключыць у Парадак дня справаздачу Шушкевіча аб выкананні ім п. 4-га Пастановы ХІ сесіі. Вядома ж, не толькі ад свайго імя. Даюць адразу ж зразумець Шушкевічу. Дэп. Трафіменка: "Намі ставілася пытанне аб барацьбе са спекуляцыяй — які яго лёс? Ці будзе яно ставіцца нанава?”

Дэп. Лукашэнка: напачатку хвошча Прэзідыум ВС і Шушкевіча, затым патрабуе ўключыць у Парадак дня справаздачу кіраўнікоў дзяржавы Шушкевіча і Кебіча аб мерах па паляпшэнні эканамічнага становішча ў краіне. А яшчэ — „Я падтрымліваю дэпутата Качана наконт забароны БНФ і святкавання дня Кастрычніцкай Рэвалюцыі”.

Дэп. Гаркун прапануе разгледзець пытанне аб кампенсацыі калгасам і ўсім сельгаспрацаўнікам панесеных імі цяжкіх стратаў ад поўнага адпускання цэнаў на тавары прамысловасці. Вельмі справядлівае патрабаванне.

Дэп. Лукашэнка: пытанне аб прыватызацыйных чэках не абмяркоўваць — зняць!

Шушкевіч: без прыватызацыі — мы адстанем у рэформах ад Расіі, трэба даганяць рэформы Расіі! (Што даганяць? Гэны дзікі капіталізм?)

Дэп. Міцько (пасля правалу пытання аб правах дзіцяці—набрала 123 галасы, не прайшло, не ўключылі): „Не разумею! Супроць будучыні Беларусі прагаласавалі!” (З абурэннем.)

Дэп. Савіцкі (пасля правалу пытання аб экалагічнай інспекцыі): „Віншую! Нас з’ядуць тараканы скора, калі мы так рашаем пытанні экалогіі!”

Дэп. Катушкін — Шушкевічу: «Станіслаў Станіслававіч, вы, іменна вы расколваеце Сесію. Вы ўжо дзесяць разоў зрабілі выпад супроць дэпутатаў аб’яднання „Бе­ларусь”! Я вам раблю катэгарычную заўвагу!» (Усё — з вялікай злосцю.)

Пытанне аб санітарна-эпідэміялагічнай службе — зарэзалі. Не ўключылі. Ну і ну! Гэта заняло б толькі паўхвіліны часу. І вось — маем!..

Пытанне аб Рэферэндуме (з удакладненнем пытанняў, якія выносяцца на ўсенароднае галасаванне). Дэп. Пазьняк: рашуча супроць. Булахаў, Станкевіч, Грыбанаў: рашуча за. Булахаў узяў слова яшчэ раз — за! „У 1991-м у нас не было вопыту, рэферэндум быў недасканалы”.

Наша Камісія прасіла ўключыць у план Сесіі пытанні „Аб архівах” і „Аб бібліятэках”. Не ўключылі: толькі 88 галасоў „за” (і па адным, і па другім). Было бачна, з якім вялікім энтузіязмам зарэзалі — аж пошчак ішоў па зале, як галасавалі супроць! Выступленне Трусава не памагло. Пытанне „Аб племянной справе” — зарэзалі пад гучны рогат. Настолькі на пошлы лад настроеныя думкі дасціпнікаў. А пытанне вельмі важнае для развіцця жывёлагадоўлі. Дэп. Унучка (эканаміст!) пульнуў досціп: „Штучна ці натуральна асемяняць?” (з націскам на „натуральна”). А між тым дэп. Лужынскі з вялікай горыччу сказаў, якая гэта важная эканамічная праблема.