Выбрать главу

Пытанне аб Кантрольнай Палаце. Сама назва не прайшла. Дэп. Грынёў: Трэба сістэма кантролю, а Пала­та пакуль не адпавядае. „Вы протаскиваете то, в чём за­интересованы”. (Гэта — Шушкевічу. Не зусім карэктна.) Дэп. Сапронаў: Не разумею логікі паводзін дэпутатаў, што галасавалі супроць. Патрэбен жа кантроль!

Дэп. Макейчанка (у адказ на „шпільку” А. Труса­ва): І ў ЦК працавалі людзі, якія нешта ведалі ў галінах гаспадаркі. Між іншым, гэта праўда: былі такія людзі — і дасведчаныя, і кампетэнтныя, і культурныя. На жаль, ча­ста ім не хапала мужнасці, стойкасці, упартасці, іх волю ламалі недасведчаныя і некультурныя, амбіцыйныя і фанабэрыстыя „сталаначальнікі”.

27 траўня

У „Розным” дэп. Герасюк гаварыў пра росквіт карупцыі ў Беларусі (набывае ўсё большыя маштабы). Папрасіў даваць яму слова па гэтым пытанні кожны дзень і да канца сесіі. (Брава, Герасюк! Малайчына! Нехта ж павінен пароць у вочы зладзюгам — што яны зладзюгі.) Дэп. Крыжаноўскі спачатку расказаў пра састарэласць тэхнікі ў Беларусі і пра нядбайнасць Урада ў гэтай справе. Затым папракнуў дэпутатаў за нападкі на Шушкевіча — што не падпісаў Дагавор аб Калектыўнай бяспецы, асудзіў і за непрыманне імі Кантрольнай Па­латы — бо яна пачала ўскрываць злачынствы мужоў дзяржаўных.

Пытанне аб дадатковых паўнамоцтвах Савета Міністраў у Канстытуцыі. Дакладчык дэп. Леўчык. Спрэчкі разгарэліся страшныя. Кебіч (пасля выступлення дэп. Какоўкі і іншых) — ох і ўскіпеў ад злосці! „Ніводнай стрэльбы не прадалі ў Таджыкістан! І не прададзім без рашэння Вярхоўнага Савета! І вы, таварыш гаспадзін Трусаў, перастаньце!.. У газетах поўна хлусні!..”. А пачаў сваю прамову так: „Спыніце балбатню! Іначай не магу сказаць!..” (Ох і разышоўся! Відаць-такі—дапяклі!) Лакцюшын, Лукашэнка, асабліва генерал Гетц — крычаць так, што аж глушаць залу, патрабуюць амаль усенароднага ганьбавання дэмакратаў-апазіцыянераў. (Лакцюшын: „Все эти Каковки, Сасновы, Барщевские...”) Дэп. Заблоцкі абрэзаў крыкуноў, а галоўнае — гакнуў па эканамічнай палітыцы Урада за адсутнасць стратэгіі, за нягоднасць такога эканамічнага курса. Дэпутаты Жукоўскі, Мачуленка зноў паднялі крык супроць дэмакратаў, — крык наогул, без канкрэтных прапаноў. Дэп. Сасноў вельмі пераканаўча даў ім водпаведзь.

28 траўня

У „Розным” дэп. Чэпік патрабаваў або — або: або — Урад у адстаўку, калі праўда тое, што казаў Герасюк, або — дэпутата Герасюка пазбавіць на паўгода ман­дата за яго ўчарашняе выступленне пра міністра хлебапрадуктаў Якушава М. С. Вось такое або — або. Такая інтрыга ў сюжэце.

Пытанне Аб дзяржаўнай службе. Дакладчык — дэп. Заблоцкі. Не ўцямлю, чаму Заблоцкі? Ён — намеснік старшыні Камісіі па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе. Размова ж — пра служачых дзяржаўнага апарату! Дэп. Голубеў зрабіў вельмі слушную прапанову: аб абавязковым веданні беларускай мовы як мовы дзяржаўнай тымі, хто паступае на працу ў дзяржаўную ўстанову. Узнікла спрэчка. Дэп. Цярэшка: „Камісія не прапаноўвала такога”. Голубеў: „Непрыемна казаць, Іван Іванавіч, але Камісія тройчы разглядала і рэкамендавала гэтую прапанову”. (Галасавалі як за прапанову аднаго Голубева. „За” — 42 галасы. Рэпліка з залы дэпутата-генерала Піскарова: „Великое множество!” Здзеклівым тонам, вядома. Чаму ж з дзяржаўнай мовы і не паздзеквацца! У нас, у незалежнай Беларусі гэта можна. Нават пахвальна. Пад воплескі...)

1 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Волкаў: „Нам у Камісію прыйшло звыш 100 пісем пра дзяцей з ракам шчытавіднай залозы. Колькасць расце. Ужо цэлыя сем’і хварэюць. Усіх чакае смерць! Дзяцей запісваюць інвалідамі ад нараджэння! Гэта дзікунства!”

Дэп. Качан. Тэма — Другі з’езд камуністаў Беларусі, названы аб’яднаўчым. Чытае Зварот З’езда да Вярхоўнага Савета РБ. Аб недапусцімасці свабодных цэн на прадукцыю першай неабходнасці. Затым кінуў лозунг: „Адрадзіць саюзную дзяржаву! Іначай — пагібель!” Дэп. Судас: пра ільготы пенсіянерам на транспарт у сельскай мясцовасці. Патрабуе вырашыць гэта пытанне ў карысць пакрыўджаных. Шушкевіч дае водпаведзь М. Грыбу за яго выступленне ў „Народнай газеце” наконт падпісання Дагавора аб Калектыўнай бяспецы.

Слова ўзяў намеснік прэм’ера С. Лінг. Ад закона будзе залежаць, хто будзе працаваць на дзяржаўных службах. Тыя, што будуць, як жабракі, зазіраць у вочы кожнаму наведніку? (Гэта — у адказ тым, хто лічыць, што ў чыноўнікаў вельмі высокія зарплаты.)

2 чэрвеня

У „Розным”. Дэп. Холад крытыкуе Кебіча, што не скарачае раздзьмутыя чыноўніцкія штаты. Дэп. Лябедзька робіць запыт да сп. Жыльскага (старшыня камітэта па справах Рэлігіі) — у абарону каталіцкай парафіі ў Ашмянскім раёне, у абарону прыезджага святара (здаецца, са Славакіі). Няма ксяндзоў, а патрэба ў іх вялікая і ўсё нарастае. „У Гародні вучацца на ксяндзоў толькі 74 семінарысты. Гэтага зусім мала!” — бядуе Лябедзька. Дэп. Пракаповіч: Спад вытворчасці працягваецца. Заключэнне эканамічнага саюза — працэс доўгі. Патрэбен палітычны Саюз у рамках СНД. Чаму ігнаравалі прапанову VII з’езда народных дэпутатаў Расійскай Федэрацыі аб утварэнні Канфедэрацыі? (Вось яно — куды хіліць! Да Канфедэрацыі! Нашто нам гэтая незалежнасць!)