***
У зале было поўна людзей. Аднастайна рыпела пяро ў руцэ сакратаркі. Цяжка ўздыхнула чарнявая, з тужлівым позіркам жанчына, што ўвесь час неадрыўна пазірала на Міколу. Трывога і збянтэжанасць, якія поўнілі Міколу, відаць, студзілі яму нутро. Нешта сумнае і зацятае было ва ўсёй яго напружанай паставе. Ён асцярожна, нібы штосьці вельмі кволае і далікатнае, трымаў старую матроскую бесказырку. Каўнер шэрай кашулі быў расшпілены, і на грудзях віднеўся трохкутнік палінялай матроскай цяльняшкі.
На пытанні суддзі Мікола адказваў неахвотна. Буркне, і толькі далёка ў шэрых зрэнках ледзь-ледзь заблішчаць нейкія халодныя жарсцвінкі.
Суддзя Максім Сцяпанавіч, сярэдніх год брывасты чалавек, іншы раз перад тым, як запытаць, заклапочана моршчыў лоб, нейкі час маўчаў, думаў. У зале панавала цішыня. I ад маўчання суддзі, і ад гэтай цішыні прысутным рабілася няёмка, трывожна.
Мікола быццам здранцвеў. Зыначыўся ён толькі тады, калі перад судом з’явіўся сведка — міліцыянер Сташук. Адвярнуўся ўбок з ледзь прыкметнай ухмылкай, загадзя пагарджаючы тымі словамі, якія рыхтаваўся пачуць.
Сташук расказваў, што апоўначы, ідучы паўз рэчку, ён здаля заўважыў, як ад кладоўкі выратавальнага пункта пабег чалавек з ношкай на спіне. А тут, як на тое ліха, месяц схаваўся за хмару. Але неўзабаве з берага да слыху міліцыянера даляцелі шоргат і выхлапы. Падбегшы, Сташук убачыў, што хлопец стараецца завесці матор на выратавальнай лодцы. Куды? Чаму поначы? Хто такі?.. Ён затрымаў хлопца.
Раніцай высветлілася: злодзей вырваў прабой у дзвярах кладоўкі і выцягнуў матор. Лодку адамкнуў, падабраўшы да замка ключ.
Увесь час, пакуль міліцыянер гаварыў, Мікола круціў у руках бесказырку, нешта здзьмухваў з яе. Максім Сцяпанавіч зрабіў яму заўвагу, каб слухаў. Ён узняў галаву і нейкі час глядзеў на Сташука. Але ў яго позірку па-ранейшаму не было ніякіх адзнак узрушанасці. Думаючы аб нечым сваім, ён зноў схіліўся над бесказыркай.
Сведка, пакрыўджаны такой халоднай няўвагай, абурыўся:
— Сорамна так, грамадзянін Скакун. Сорам і ганьба — красці.
Раптам Сташук глытнуў сліну, нібы яму хацелася прагнаць смагу, развёў рукамі:
— Ну, вы паглядзіце на яго, грамадзяне суддзі…— Ён зніякавеў, мусіць, успомніўшы, як маці Міколы кляла яго, што павалок хлопца ў міліцыю — даў бы па карку і выпусціў,— як яна плакала і лямантавала.— Паглядзіце, з ім чалавек гаворыць, а ён? Хоць бы што — са сваім старым картузом забаўляецца.
Мікола зноў узняў галаву, яго тонкія адтапыраныя вушы паружавелі. Скуласты, смуглявы твар з аблупленым носам нечакана расплыўся ў шырокай здзіўленай усмешцы.
— Які картуз? Хіба ж матросы ў картузах ходзяць?
— Ён ужо матрос… Бачылі вы яго? — Звяртаючыся да прысутных, Сташук абвёў позіркам залу і яшчэ больш абурыўся, узвысіў голас: — Вы зразумелі мяне? Я ў вас, гора-матрос, пытаюся, зразумелі?
Падлетак прыжмурыўся, лізнуў языком асмяглыя губы. Кіўнуў:
— Зразумеў.
— Ну то-та ж.— Сташук, усведамляючы, што ён сумленна і да канца выканаў свой абавязак, супакоіўся. Але, атрымаўшы дазвол сесці, ён зноў неяк трывожна і заклапочана паглядзеў на падсуднага:
— Чуеш, адумайся, хлопец, адумайся. Ды бярыся за розум.— Ускінуў пабеленую сівізной галаву, не па ўзросту малайцавата павярнуўся і пайшоў.
Потым паклікалі Астапа Скакуна — бацьку падсуднага.
Астап борзда прашыўся між людзей, хуценька пратупаў да судовага стала.
— Па вашаму выкліку з’явіўся,— адрапартаваў.
— Што вы, сведка, раскажаце суду?
— Што раскажу? Тое, што і следчаму казаў. Дзядзька во гэтага падшыванца — марак… Ён ва ўсім вінаваты,— хутка загаварыў Астап.— Прыязджаў да нас… дык вы ведаеце, грамадзяне суддзі, да пеўняў заседжваўся з ім: усё пра мора, пра караблі… 3 таго ўсё і пачалося. Дзядзька паехаў, а ён,— Астап кіўнуў галавой у бок Міколы,— нават са сну выбіўся. Разам з курамі ўстае і на прыстань імчыцца. Пакуль і ў школу не ісці, прападаў на рэчцы… Язык я свой натрудзіў з ім. «Кінь, кажу, Мікола, гэтыя дурыкі, бярыся за навуку!» Шморгне носам, адвернецца. Але бачу — урэшце за кніжкі сеў. Ну, думаю, узяўся за розум хлопец, урокі вучыць. Ды дзе там! Ён зноў пра гэтае, пра марское дзела…
Бацька сурова прабег вачамі па доўгай, прыгорбленай постаці сына.
— Во сёлета ён скончыў васьмігодку. Прыносіць дадому пасведчанне і заяўляе: «Буду паступаць у рачное вучылішча». «Ах ты, кажу, свавольнік! Будзеш рабіць, што загадаю. Не хочаш вучыцца — асвойвай бацькава рамяство, садзіся на машыну і круці баранку. Дык яму хоць кол на галаве чашы: у рачное вучылішча — і толькі».
Астап не слухаў, як асуджальна загула зала, не звяртаў увагі на вострыя позіркі суддзі. Шчуплы, вяртлявы, як верабей, ён мітусліва пераступаў з нагі на нагу і апантана даводзіў сваё: