Выбрать главу

Перад Мінскам заехалі ў «Партызанскі Бор» паснедаць. Там афіцыянткі пазналі Васіля Уладзіміравіча, частавалі нейкім сваім фірменным напіткам, зробленым на мёдзе і на травах. І Васіль Уладзіміравіч пакрысе павесялеў, пачаў расказваць пра гродненскія прыгоды Піліпа Пестрака, Аляксея Карпюка. Расказваў весела, добразычліва, ужо і на вуліцы, на прыдарожнай абочыне, пад цёплым восеньскім сонцам. Потым змоўк і нечакана сказаў, што ёсць адчуванне: быццам некага не хапае тут з намі. Прымоўклі, кожны падумаў пра сваё, я пра суседзяў па адным доме — Караткевіча і Семашкевіча... Потым нібы каб згладзіць гэтую хвілінку, Васіль Уладзіміравіч пачаў расказваць, як ляцеў па гэтай дарозе праз Бараўляны на сваё «Волзе», у якой сапсаваўся карбюратар, перагрэты матор не глохнуў і пры выключаным запальванні, тармазамі спыніць машыну не ўдавалася... Пры гэтым прызнаваўся, хто вадзіцель з яго наогул быў «ахавы», таму ўрэшце ён і адмовіўся ездзіць на машыне.

Сёння са мной сыгралі харошы спектакль. Пазваніў Валера Скварцоў і сказаў, што ёсць даручэнне схадзіць на ўрачыстасць да 50-годдзя філармоніі. У сем гадзін іду ў філармонію з адрасам і з кветкамі, сяджу ў прэзідыуме. Але мне ніхто і не збіраўся слова даваць і мае віншаванні слухаць. Выйшаў з прэзідыума пасля ўрачыстай часткі і не ведаў, куды тыя кветкі дзець і адрас. Пакінуў у файе на століку разам з іншымі адрасамі — не адзін я такі аказаўся.

І смех, і грэх, і нават ніякай злосці за змарнаваны вечар.

Бондар збірае подпісы пад пісьмом у ЦК, дзе громіць кіраўніцтва Саюза за бяздзейнасць. Больш актуальнай тэмы няма, чым унутраныя разборкі. Ні з мовай няма, ні з выданнем кніг, ні з тыражамі часопісаў — ад чаго непасрэдна залежыць развіццё літаратуры.

У сувязі з гэтым згадваецца шляхта, якая сеймікавала і тады, калі ўжо нават не было чым голы зад прыкрыць. Але ў шляхты хоць шабелькі яшчэ заставаліся, а на нашых літаратурных сейміках давядзецца толькі бабскімі спадніцамі махаць. Хаця, калі ёсць «спадніцы», то да іх і прыспаднічнікі знойдуцца.

Пісаць для народа. А дзе той народ і што напісаць для яго такое, каб змог схамянуцца, на сябе аглянуцца? Яго нават Чарнобыль не схамянуў. Насельніцтва — гусі дамашнія, якім хоць нешта, але ў карытца будзе насыпана. А з’явіся ў гэтай чарадзе дзікі, лятучы, самі заклююць і абскубуць, каб лётаць не мог.

На стале абвестка на партыйны сход. Першы пункт «Аб пераадоленні інертных з’яў у сучасным літаратурным працэсе». (Дакладчык доктар філалагічных навук П. Дзюбайла).

Гучыць як пародыя не толькі на сам партыйны сход, але і на ўсю аб’яўленую ў краіне перабудову.

Вецер. Мароз. Бясснежжа. Але, відаць, надвор’е будзе мяняцца, таму адчуваю сябе разбітым, стомленым. Учора зранку ездзіў запісвацца на тэлебачанні, потым да вечара сядзеў на рабоце. Пачаў крыху адыходзіць толькі цяпер, к гадзінам адзінаццаць вечара.

Учора пазваніла жонка Мележа наконт выдання збору твораў Івана Паўлавіча ў Маскве. Аказалася, што там ніхто нічога не плануе, нават і пра пісьмо з нашага Саюза аб выданні збору твораў у Маскве быццам чуюць упершыню.

Усё ж удалося высветліць, што рыхтуецца да выдання шасцітомнік Шамякіна. Наконт яго ніякіх пісем не пісалася. Нябожчык можа пачакаць і да наступнай пяцігодкі. Пазвоніць яшчэ раз Лідзія Якаўлеўна — што і як гаварыць ёй?

Гілевіча выклікалі «наверх». Вярнуўся і даў каманду назаўтра сабраць прэзідыум. На прэзідыум прыбыў загадчык аддзела культуры ЦК Яўген Вайтовіч і Анатоль Бутэвіч. Кастусь Кірэенка патрабуе растлумачыць — з-за чаго гэты аўральны збор? Калі наконт заявы Віктара Казька аб яго вызваленні ад пасады сакратара — то гэта рабочае пытанне.

І кола закруцілася. Ці ёсць у ЦК пісьмо, якое арганізоўвала Таіса Бондар? Пісьмо ёсць. Патрабуюць зачытаць яго. Зачытваюць. Там паўстароначкі машынапіснага тэкста з агульнымі абвінавачваннямі і чалавек пятнаццаць падпісантаў. Я звярнуў увагу, што на пісьме няма штэмпеля агульнага аддзела ЦК, значыць, яно не зарэгістравана, а таму фількіна грамата.

Шамякін не адстае ад Ніла Сымонавіча: «Ніл, дык ты ж падаваў дзве заявы, каб цябе вызвалілі ад пасады. Дзе яны?».

— Ну няма іх больш, Іван Пятровіч. Паклікалі наверх і сказалі, што мне яшчэ трэба папрацаваць. І я працую.