Выбрать главу

Новая прыгода. Супрацоўнік аддзела прапаганды ЦК З. выклікаў да сябе Валодзю Марука, які працуе ў газеце «Звязда», і катэгарычна патрабаваў заўтра ж прынесці рэпліку на публікацыю вершаў у «ЛіМе» Валянціны Коўтун паўгадовай даўнасці за тое, што там часта сустракаюцца словы «крыж», «свечка» і г. д. Аднам словам — царкоўшчына, папоўшчына і суцэльнае цемрашальства. Марук пісаць пра гэта адмовіўся, прыйшоў і расказаў мне. У той жа дзень З. выклікаў і мяне да сябе. Паказаў выразку з газеты, пакрэсленую чорнай ручкай. Запатрабаваў тлумачальную, якую я прынёс яму назаўтра. Напісаў, што словы ўжываюцца не ў культавым сэнсе, што вершы лірычныя самі па сабе, інтымныя і ніякага там цемрашальства няма. Шкода, што панёс сам, трэба было паслаць па пошце. У гаворцы З. глыбокасэнсоўна намякнуў, што не можа сказаць, адкуль усё ідзе. Я і так ведаю, што ў першую чаргу ад ягонага шэфа Савелія Паўлава (загадчык аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ. — Рэд.), калі і не ад самога З. Тым не меней, той жа З. зноў выклікаў Марука да сябе і пагражаў выключэннем з партыі, што выжануць з работы і выкінуць назад у «раёнку», бо ён не меў права расказваць пра гэты «наезд» Сяргею Законнікаву. Марук агрызнуўся: а чаму З. не заўважыў аналагічныя вершы Коўтун у часопісе «Беларусь», якія былі надрукаваны адразу ж за артыкулам самога З.?

Урэшце ўся гэтая тузаніна з публікацыяй у «Звяздзе» была спынена А. Т. Кузьміным, які палічыў непатрэбным мець лішнія згрызоты з творчай інтэлігенцыяй.

Пасля гэтага Савелій Паўлаў пазваніў Сяргею Законнікаву: калі яшчэ раз станет на маёй дарозе, я табе хрыбет зламлю, не такім ламалі, крывёю будзеш харкаць.

Пазаўчора выклік у ЦК да Івана Іванавіча Антановіча. Па даручэнні Аляксандра Трыфанавіча Кузьміна вёў гаворку пра тое, каб лішне не лез, не нарываўся на пытанні помнікаў, мовы, некаторых пытанняў гісторыі і г. д.

Гаворка спакойная, без наездаў, у пажадальным плане, без канкрэтных спасылак і зачэпак. Хаця зачэпка вядомая: артыкул Дзянісава і Пазьняка «Выбух» пра лёс будынка, дзе ўпершыню была пастаўленая «Сялянка». Артыкул атрымаў рэзананс.

А перад гэтым званіў намеснік Паўлава Гаўрыіл Міхайлавіч Конанаў. Сказаць і намесніку, і супрацоўнікам, каб пазбягалі друкавання Дубаўца, Вячоркі... Сказаў, што «ёсць думка зачыніць друк для маладых нацыяналістаў».

З панядзелка захаладала, хаця яшчэ сама жнівень. Паўночна-заходні вецер, неба ў хмарах. Непрыемныя халодныя дажджы, якія сіноптыкі называюць кароткачасовымі. Жаўцізна на бярозах, на ліпах. Гэта не ад восені, ад сухаты.

Бяруць лён. Авёс гатовы. Канюшына даспявае на насенне. Ажно не верыцца, што нейкі тыдзень назад было Палессе. Добрых дзесяць дзён гарачыні нават у цяні. Белы пясочак на беразе Случы перад упадзеннем яе ў Прыпяць, падмыты павадкам дуб у вадзе, раскошная дубрава. Быў з малым Алёшкам. Летняя раскоша, рыбалка. Хаця тут, у Віці Казьковай Вільчы, Случ не на многа шырэйшая, чым памятаю яе дзіцем у Слуцку. Там, у Вільчы, не адчуваў бяссоння, а вярнуўся дадому і зноў пачынаю трызніць, а не спаць.

У другой палавіне ночы пайшоў дождж, густы, спорны. Ляжаў і слухаў дождж. Жнівень. Восень. Туман. Іржышча. Мая пара. Не стае душэўнай раўнавагі.

Звечара чытаў дзявяты том Мележа. Ужо вядомае мне ў асноўным. У дзённіках ніякай дробязнасці. Балючыя думкі за літаратуру, культуру. Бачыў і адчуваў, як хвароба мяшчанства раз’ядае людскія душы.

Горка ўяўляю, што і ў асабістым жыцці ён быў адзінокі. Недзе ў глыбіні душы адчуваў і разумеў патрэбнасць робленай ім работы, што ніхто не збярэ і не выдасць яго «Жыццёвыя клопаты» без яго. А «разумныя» асуджалі, што падчышчае астаткі пісанага, выдаўцы чынілі перашкоды і «ўразалі», а развязка была ўжо зусім блізка... Ад Мележа думкі перакідваюцца на Караткевіча...

Пераглядаў «Былое і думы» Герцана, якога высока цаню як пісьменніка. Усё ж ён быў рэвалюцыянер ад забяспечанага жыцця. «Деньги — независимость, сила, оружие. А оружие никто не бросает во время войны, хотя бы оно было и неприятельское, даже ржавое. Рабство нищеты страшно, я изучил его во всех видах, живя годы с людьми, которые спаслись в чем были от политических караблекрушений. Поэтому я считал справедливым и необходимым принять все меры, чтобы вырвать что можно из медвежьих лап русского правительства».