Пазаўчора мароз ад трыццаці за ноч скінуўся да плюсавой тэмпературы, пайшоў такі густы снег, як фіранку з марлі павесілі.
Учора нарада ў Кузьміна. Ініцыятар Паўлаў. Сутнасць яго выступлення ў тым, што рэдактарам трэба быць уважлівымі, каб крытыка не пераходзіла межы і не давала падстаў каментатарам радыёстанцыі «Свабода». А калі каменціруюць, то гэта ўжо мінус у рабоце рэдакцый, не хапае пільнасці і чуцця. І яшчэ — барані Божа мусіраваць тэму, што беларускае лепшае за рускае, ці тым больш падымаць на шчыт старажытнасць Беларусі і яе перавагі над масковіяй.
У Паўлава хвора, неяк аж расшырана блішчаць вочы.
Перад выхаднымі званок з ЦК таго ж З.: вось вы далі інфармацыю пра вечар эсперантыстаў, яны там свой гімн спявалі, а гімн у нас адзін, а кіраўнік іхні сіяніст замаскаваны. Аказваецца, у Доме культуры будтрэста беларускае таварыства эсперантыстаў, якое афіцыйна існуе пры палацы Белсаўпрофа, правяло ўрачысты вечар да юбілею стварэння эсперанта. Яны маюць свой ВІА, на мове эсперанта і свой гімн саспявалі. Аўрал, крамола. Ну няхай жывуць гэтыя эсперантысты, ды не думаю, што іх і разганяць будуць. А вось жа начальнікі ад друку «бдзяць», вышукваюць. І рэдактару «Вячоркі» перапала...
Сяджу ў Каралішчавічах, зімна, снежна, бязлюдна. Тут Авяр’ян Сафронавіч Дзеружынскі, які называе сябе «князем Каралішчавіцкім», бо сядзіць ужо тут амаль паўгода. Стары Мікола Улашчык прыехаў з Масквы, піша кнігу пра сваю родную вёску, яшчэ ёсць Люба Турбіна з сястрой. Вось і ўвесь кантынгент. Ці не апошні гэта каралішчавіцкі сезон? Няма лыжні, няма і лыжаў. Ходзім на прагулкі з Улашчыкам, Мікалай Мікалаевіч расказвае ўспаміны, а я слухаю.
Яшчэ ўспамін пра невядомага мне акадэміка Сямёна Вальфсона. Ён, будучы прафесарам, працаваў у БДУ, потым у наркамаце асветы. З-за невялікага росту яго завочна звалі Сёмачкам. Прынцыпова не гаварыў ні слова па-беларуску.
Да яго на прыём прабіўся настаўнік са Строчыцаў. Граміла, твар губаты, бандыцкі. Маленькі Сёмачка за сталом. Настаўнік тлумачыць: сшыткаў няма, падручнікаў няма, алоўкаў няма. Сёмачка — няма і не будзе. Настаўнік падняўся, за ножку крэсла — і аб сцяну. Сёмачка пад стол. Крэсла рассыпалася на кавалкі. Сёмачка вылез з-пад стала:
— Ну что вы такой нервный? Мы с вами можем договориться.
Настаўнік атрымаў запіску і потым усё патрэбнае на складзе. У трыццатыя гады Сёмачка пачаў пісаць «куды трэба», пайшоў у акадэміі навук угору па службовай лесвіцы, стаў і акадэмікам.
Калі пачалася вайна, з усім назбіраным дабром вырашыў падацца ў эвакуацыю самастойна. Наняў фурманку, напакаваў яе куфэркамі і разам з жонкаю рушыў у дарогу. Дзесьці за Смалявічамі з’ехаў у лясок пераначаваць. І адтуль больш не выехаў, і ніхто яго больш не бачыў. Відаць, кінулася некаму ў вочы дабротна напакаваная фурманка.
Над лесавою дарогаю ад вялікага снегу амаль да долу нахілены вяршынямі мала-дыя бярозкі, ідзеш як скрозь тунэль. Гэтыя дрэвы не разагнуцца болей. Верхнія галіны пачнуць цягнуцца ўгору, кожная маючы сябе за дрэва, і сваім цяжарам абарвуць карэнне і пакладуць ствалы на зямлю, і прападзе гэты гаёк без свайго карэння.
Падумалася і пра нас саміх, якія пішам і мкнем у неба вечнасці і ў класікі, амаль не маючы карэння.
Зноў чарговы тарарам. На першай паласе далі здымак скульптуры Шатэрніка «Векапомнае»: жанчына-славянка з мячом, які апушчаны ўніз вастрыём, глядзіць у далячынь. На ручцы мяча белая галубка.
Намесніца загадчыка культуры Паўла Пятроўна Украінец на Міколу Гіля (у той час намеснік галоўнага рэдактара штотыднёвіка «Літаратура і Мастацтва». — Рэд.) ажно нагамі тупала: «Навошта на першую паласу далі гэтую Рагнеду?!». Аказваецца, скульптура спачатку называлася «Рагнеда», яе мастакі нават хацелі паставіць у Заслаўі. Вядома ж, ім гэтага не дазволілі. Цяпер са змененай назвай скульптура трапіла на выстаўку «Мы будуем камунізм».
Званілі яшчэ і чыноўнікі з міністэрства, і з таго ж аддзела культуры ЦК.
У іх цяпер ужо ад перпалоху за свае пасды імя Рагнеды гучыць як лаянка.
Марозік ноччу пад пятнаццаць. Удзень сонечна, марозік лёгкі. Сонца нават прыгравае ў зацішку. Вечарам неба чыстае, зялёнае, а ноччу густое і зорнае. Лёгка можна чытаць сузор’і, якія я ўжо пачынаю забываць. Каб памятаць сузор’і, на неба трэба глядзець пастаянна.
Учора ў ашчаднай касе сустрэў жонку Кулакоўскага. Пераафармляла на сябе ўклад. Даверанасць падпісана галоўурачом, напісана рукой лечачага доктара. На выхадзе спытаўся ў яе, як Аляксей Мікалаевіч. Адказала горка і коратка — інсульт.