Выбрать главу

А на вуліцах усе той жа канцэрт — выюць і выюць паліцэйскія машыны. Больш за 20 чалавек паліцэйскіх і ўдзень і ўночы стаіць каля нашага прадстаўніцтва.

Амерыканскі паліцэйскі! Цэлая тэма. На гэту службу, як вядома, падбіраюць дужых і рослых вярзіл. Колер скуры не мае значэння. Вось ён стаіць у сваёй бліскучай касцы, шырока расставіўшы ногі, быццам збіраецца спыніць спрадвечны рух Зямлі на ўсход. У руках палка, з якой ён, як сапраўдны цыркач, вырабляе розныя мудрагелістыя фокусы. 3 усіх бакоў ён абвешаны ўсякімі прычандаламі. Побач з рэвальверам — скураны патранташ, туга набіты патронамі. 3 пояса звісаюць наручнікі, і ў дадатак да ўсяго — запісная кніжка, аловак, аўтаручка, электрычны ліхтарык, свісток і фінка… I гэта, здаецца, яшчэ не поўны пералік.

7.Х. Паколькі не было цікавых выступленняў, я пачаў пісаць верш «Ля статуі Свабоды».

8.Х. Сёння не было вячэрняга пасяджэння, і мы невялікай групай — Ф. Н. Гразноў, які ўжо некалькі год жыве ў Нью-Йорку і з’яўляецца прадстаўніком БССР пры ААН, А. А. Ціханаў, саветнік нашага Міністэрства замежных спраў, Я. I. Качан і я — пайшлі знаёміцца з горадам. Зайшлі ў нейкі кінатэатр паглядзець фільм з інтрыгуючай назвай «Голыя і грэшнікі». Прызнацца, у фільме гэтым не было ні голых, ні грэшнікаў і ніякага сэнсу. Калі выходзілі, сустрэлі знаёмых таварышаў з балгарскай дэлегацыі, якіх, відаць, як і нас, прывабіла крыклівая рэклама. Усе збіраемся паглядзець «Спартака» і «Бен-Гура». Толькі гэтыя фільмы ідуць каля чатырох гадзін, ды і білеты досыць дарагія. Зноў выйшлі на Брадвей. Вось яна, адна з найбольш разрэкламаваных вуліц свету! Ноччу Брадвей ашаламляе сваёй вакханаліяй шматкалёрных агнёў, неверагоднай колькасцю розных рэклам. Праўда, не ўвесь Брадвей такі стракаты. Толькі цэнтральная частка. Некаторыя яго кварталы i бакавыя стрыты асветлены значна слабей. Чамусьці на гэтай багатай вуліцы сярод шумнага натоўпу белых, чорных, жоўтых сустракаецца шмат сляпых Вось адзін з іх ідзе, пабразгваючы скарбонкай, у другога на шыі вісіць дошчачка з надпісам: «Божа, блаславі. Вы можаце бачыць, а я не…». На рагу стаіць нейкі прапаведнік з Бібліяй. Каля яго чалавек дзесяць разявак, якім ён расказвае аб хуткім канцы свету. Магазіны зіхацяць сваімі люстранымі вітрынамі, за якімі красуюцца фатаграфіі голых гёрлс — «настаўніц» танцаў. На агітпунктах выступаюць прамоўцы, якія ўгаворваюць галасаваць за сваіх кандыдатаў. У натоўпе — шмат прыхільнікаў і Кенэдзі і Ніксана, абвешаных іх партрэтамі. Партрэты ўсюды: на машынах, на капелюшах, на гальштуках, на сукенках.

Перад сном у сваім нумары закончыў верш «Лістапад на чужыне».

9.Х. Ужо трэці тыдзень, як я ў Нью-Йорку. Крыху прывык, абыўся. Ратуе паэзія. Калі пачынаюць здаваць нервы, выключаюся з усяго і думаю аб вершах.

10.Х. Я забыў, што кожны сур’ёзны вандроўнік, які піша дарожныя нататкі, павінен іх аздобіць салідным уступным словам. Я думаю, што не позна гэта зрабіць і цяпер. Бо дарожныя нататкі — жанр, які менш за іншыя падначалены сюжэтным канонам. Асноўным тут з’яўляецца час. Раней немалую ролю іграў від транспарту. Калі, напрыклад, аўтар ішоў або ехаў конна ці поездам, то нататкі яго былі пешыя, конныя, паязныя. Адрозніваліся яны не нейкімі там сваімі мастацкімі якасцямі, а толькі тым, што конныя нататкі былі карацейшыя за пешыя, а паязныя карацейшыя за конныя. А якія ж тады павінны быць нататкі ў век ракетнай авіяцыі і міжпланетных караблёў? Бо не паспееш дастаць сціло і блакнот, як сцюардэса абвяшчае: Парыж, Рым, Пекін…

Мне цяжка акрэсліць, да якой катэгорыі належаць гэтыя нататкі, таму што аўтару іх даводзілася ў сваім падарожжы карыстацца ўсімі відамі транспарту. Я гляджу на іх як на сыры матэрыял, які, можа, некалі спатрэбіцца ў працы над вершамі.

Ці напісаць такую кнігу, старонкі якой зачытваліся б так, як старонкі журналаў жаночых мод!

11.Х. «Згодна з пунктам 77-м, — гаворыць старшыня, — па гэтым пытанні могуць выступіць тры прамоўцы за і тры — супроць…»

Пасля выступлення шасці прамоўцаў — галасаванне. Пасля кожнага галасавання яшчэ выступае некалькі прамоўцаў, якія тлумачаць, чаму яны галасавалі супроць ці чаму яны ўстрымаліся. Узровень многіх выступленняў бывае надзвычай нізкі. Думаеш: і чаго ты, чалавеча, вылазіў на гэту трыбуну? Асабліва прыкра слухаць, калі нехта свядома гаворыць няпраўду. А такіх прамоўцаў тут хоць гаць гацi. Вось і цяпер з нейкай траскучай прамовай выступіў прадстаўнік Гаіці. 3-за высокай трыбуны ледзь відаць яго каротка падстрыжаная, узброеная акулярамі галава. Яна, быццам у лялечным тэатры, то ўздымаецца, то зноў знікае за трыбунай, нібы яе нехта торгае. А можа, там яго і сапраўды хто торгаў?