5.І. Літоўскія сябры запрашаюць прыехаць на іх з’езд пісьменнікаў. Я. Гушча прыслаў паштоўку, поўную горкіх, скептычных выказванняў аб падзеях у Польшчы. Відаць, там усё больш рвецца да ўлады клерыкальнае і нацыяналістычнае падполле. А партыя канчаткова сябе абюракраціла і скампраметавала. Дачытаў аднатомнік В. Брусава. Многа ў ім інтэлекту, але мала сэрца і пачуцця.
Каб крыху паправіўся, трэба было б наведаць хворага сына Ю. Хапалаева.
24.І.
Любоў — гэта той жа парасончык:
Засланяе другіх,
А сама прамакае да ніткі.
(Серватвар Дала Саксан)
Нешта даўно не атрымліваю польскіх часопісаў і газет, хачу пазнаёміцца з апошнімі творамі Ч. Мілаша, Слушна калісьці гаварыў Б. Шоў, што Нобелеўскія прэміі заўсёды прысуджаюцца супроць некага. Відаць, тут не апошнюю ролю адыгралі і падзеі ў Польшчы. Зараз Мілаш узяўся перакладаць «Біблію».
Па тэлефоне гутарыў з Ц. Я. Кісялёвым. Казаў, што I. Шамякіну прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Трэба будзе павіншаваць яго. Паслязаўтра пачынаецца з’езд КПБ.
У дзённіках I. Мележа знайшоў запіс пра «Шаноўнага», пра якога я чуў ад свайго дзеда і калісьці расказваў Івану Паўлавічу. Гэту мянушку я выкарыстаў яшчэ ў сваёй паэме «Янук Сяліба» (1943 г.):
— Дык вось, шаноўны,
зноў пачаў Шарон.
(Даўней блізкіх шаноўнымі зваў ён…)
Агулам, дзённік I. П. Мележа гаворыць аб тым, што ён карпатліва збіраў усё, што чуў і бачыў. Запісваў нат і тое, што можна было і не запісваць, як: «Паэзія — парывісты вецер. Гоніць пыл па дарозе». Можа, так і трэба, каб не прапусціць нешта вартае ўвагі, што можа некалі прыдацца. А цікавага ў яго запісках — шмат.
30.І. Быў на юбілейным вечары I. Шамякіна, які прайшоў цёпла і ўрачыста. Афіцыйным было слова Івана Пятровіча. Відаць, не было калі юбіляру падумаць над ім, сабрацца з думкамі. Заўтра яшчэ прыём. Можа, на пару гадзін удасца і Любашу адарваць ад дамашніх спраў.
5.ІІ. Выступаў на трактарным заводзе. Пазнаёміўся з братам М. Дворнікава. Працуе на чыгунцы. Просіць дапамагчы яму прыпісацца ў Мінску. Пісьмо ад Карнавуха. Ніяк не можа ўладкавацца ў бальніцы. Заўтра зноў трэба недзе выступаць. «Литературная газета» раскрытыкавала А. Савіцкага, Л. Гаўрылкіна, У. Дамашэвіча. Прыходзіў Я. Давідовіч, просіць дапамагчы перавесці дачку ў вячэрнюю школу.
А на дварэ разгулялася завея. I свету не відаць.
13.ІІ. Адсвяткавалі юбілей I. П. Мележа. Выступалі на вечары С. Сартакоў, А. Адамовіч, С. Залыгін, Я. Брыль… Атрымаў цікавае пісьмо ад сына Макса Зінгера, які прыслаў успаміны свайго бацькі пра Я. Купалу, з якім, помню, ён сустракаўся ў першыя дні вайны.
Аднекуль з глыбіні памяці ўсплылі радкі Р. М. Рыльке: «Той, хто сёння самотны, доўга будзе самотным».
3 Пількаўшчыны прывёз падручнік арыфметыкі А. Малініна i К. Бурэніна, па якім рыхтаваўся да экзаменаў у гімназію. Дастаўся мне гэты падручнік у спадчыну ад дзядзькі Ціхана. Многія старонкі яго заліты ёдам. Гэта пры адступленні пад Ржэвам нямецкі асколак разбіў на плячах яго куфэрак з лякарствамі. Добра, што тады сам ацалеў.
6.ІІІ. Вярнуліся з Любашай з Масквы. Былі на кансультацыі ў розных дактароў. Але і яны нічога не памаглі. А дома — няспынныя тэлефонныя званкі. Усе просяць расказаць аб з’ездзе партыі. А пра што расказаць, калі газеты шырока яго асвятлялі. Р. Дабравольскі піша, што памерла Я. Бранеўская. Пераклаў некалькі вершаў М. Паўлікоўскай-Яснажэўскай. Прачытаў цікавую паэму, прысвечаную смерці А. Ульянава. А. Ожуг піша ў сваёй анатацыі, што яе мог напісаць ці Б. Пілсудскі, ці Т. Пашкоўскі. Першы быў асуджаны на 15 год катаргі, другі — на 10. Трэба было б гэту паэму перакласці.
24.III. Сярожка ўключыў тэлевізар, калі перадавалі цудоўную песню італьянскіх партызан «Чао-чао-чао!». Помню, як натхнёна гарыбальдзійцы яе спявалі Ў таверне на беразе Адрыятычнага мора.
Трэба было б пазнаёміцца а творамі Т. Венцлавы. Мілаш прысвяціў яму ў эміграцыйным друку цыкл сваіх нарысаў.
Страта родных аколіц і айчыны
Такая рамантычная.
Так, нарэшце, споўнілася мая малітва.
Вучня гімназіі, выхаванага на прароках,
Просьба аб велічы, гэта значыць аб выгнанні.
(«Зорка Палын». Ч. Мілаш)
30.ІІІ. Палітычная сітуацыя ў Польшчы ўсё больш і больш ускладняецца. Здаецца, Гётэ ненавідзеў рэвалюцыі. Грэцыя цэлы год насіла жалобу па Байране. У нас на другі дзень забылі б аб яго смерці. Справа Дрэйфуса абышла ўвесь свет. На яе адклікнуліся віднейшыя людзі таго часу, а вось генацыд у Лaoce, трагедыя Чылі, В’етнама хутка адышлі ў гісторыю.