У пад’ездзе снуе міліцыя. Відаць, некага абакралі. У райсабесе выдалі талоны на прадукты. 3аглянуў у магазін, каб нешта купіць, але ўсе полкі пустыя. Каля рынка стрэў групу валютчыкаў, які сёння паднялі курс долара да 600 рублёў і хутка можа павысіцца больш. Усе жывём у нейкай трывозе. Хоць ты не чытай газет, не слухай радыёперадач, выключай тэлевізар.
3.ІІ. Закончыў верш «Не вязе мне, спадары, прызнацца…». Саша абяцаў перагаварыць з міністрам гандлю аб інваліднай калясцы для Любашы, бо старая пачала развальвацца. Званіў Сяргею Грахоўскаму. Падзяліліся з ім сваімі клопатамі, якіх зараз хапае ва ўсіх. Адпісаў свайму старому сябру В. I. Кізіку. Званіла A. А. Кашперава, потым доўга чытала мне свае вершы. Гаварыў з Міколам Аўрамчыкам. У навагоднім нумары «Беларусі» надрукаваны яго выдатны верш «Журавы». Р. Дабравольскі адкрывае свайго «Спартакуса» цікавым эпіграфам з Платона. «Усё, што жыве, паўстала з таго, што памерла»… Заходзіла ў пераведы В. I. Клышка. Абяцала па рэцэптах дастаць для Любашы неабходныя для яе лекі.
15.ІІ. Ва ўсім Мінску не знайшоў чарніла для аўтаручкі. Праўда, няма нічога радаснага для запісу. Занатаваў толькі некалькі тэм, да якіх трэба будзе вярнуцца: «Кафэ Штраль», «Нерукатворнае дзіва», «На полі», «Метамарфозы». Пасля кожнай бяссоннай ночы думаю, што гэта — мая апошняя раніца. Але, калі бяруся за пяро, зноў вяртаюць мяне да жыцця новыя вершы. Вось і сёння накідаў некалькі строф:
Звычайны дзень. Знаць, у календары
Падобных дзён не многа засталося,
Бо іншыя ўсе некалі прыйшлося
Святым ды юбілярам раздарыць,
Запоўніўшы іх рознай балбатнёй,
Тэатралізаванай мітуснёй.
Памалу, здаецца, збіраецца новая падборка вершаў для «Полымя».
1.ІІІ. Знаёмая малочніца прынесла сыру, пару дзесяткаў яек. А цэны на ўсё растуць і растуць. Амаль увесь ганарар за зборнік «Мой каўчэг» аддаў Максіму і Іры. Не ведаю, як яны будуць жыць далей.
Поўнач. Перачытваю некаторыя творы М. Гарэцкага. На фоне і нашаніўскай і сучаснай літаратуры ўзвышаецца яго рэнесансная постаць.
Усе гэтыя дні сяджу дома. Быў аўтар вельмі цікавага зборніка «Квадры памяці». Падпісаў дагавор з выдавецтвам «Юнацтва» на выданне маёй «Казкі пра Музыку».
3.ІІІ. Усё больш пераконваюся, што лепш за ўсе лекі памагае праца. Эх, каб паспеў ажыццявіць хоць палову сваіх планаў! Цікавае супадзенне: не раз я калісьці казаў сваім інтэрв’юерам, што вершы пачаў быў пісаць са злосці, бо ў тагачаснай заходнебеларускай літаратуры было столькі рознай муры, якая і мяне справакавала ўзяцца за пяро. А зараз чытаю, што і ружэвічаўская новая паэтыка — «з нянавісці да паэзіі»… «Пабудзіла мяне да бунту тое, што яна перажыла і існуе і пасля “канца свету”. Абыякавая. Боская. Некранальная ў сваіх асновах, у сваёй паэтыцы».
А са здароўем зноў усё ўскладняецца. Любаша ўгаворвае, каб я клаўся ў бальніцу. Калі адчуваю сябе крыху лепш, бяруся за эпітафіі Л. А. Мастэрса. Трэба было б адказаць на ліст землякоў-школьнікаў. А пяро ўжо часта адмаўляецца мяне слухаць. Усё часцей вырываецца з баразны сваёй і ідзе ў агрэх. А тут яшчэ і непаладкі ў краіне, якія ва ўсіх нас ляжаць на сэрцы цяжарам.
21.ІІІ. Прачытаў А. Наўроцкага «Неба ўсміхаецца маланкаю». Шкада, што ён неяк замкнуўся ў сабе, у гордым адзіноцтве, перасварыўшыся з многімі сваімі былымі сябрамі. Я ўжо гаварыў і недзе пісаў, што я адчуваю адсутнасць яго ў нашай сучаснай паэзіі. Гэта паэт нестандартнага мыслення і складу.
А надвор’е золкае, сырое. Купіў у магазіне нейкай кілбасы. Выключыў тэлевізар, а то аж вушы пухнуць ад балбатні розных палітыканаў і папоўскіх пропаведзяў аб духоўнасці. Цяжкое ўражанне ад таго, што зараз робіцца і ў Расіі і ва ўсіх іншых рэспубліках.
Узяўся чытаць выкрутасы А. Вазнясенскага. Прыйшоў трэці нумар «Полымя» з надзвычай цікавымі ўспамінамі П. Мядзёлкі. Быў у аптэцы, дзе пачуў, як два старыя яўрэі абмяняліся на сваёй мове даўно ўжо забытымі традыцыйнымі прывітаннямі: «Шолам алейхам!», «Алейхам шолам!» В. Варашыльскі прыслаў нумар «Крэсаў», дзе ў яго перакладах змешчаны і мае два вершы пад шапкай «Вершы старога паэта». Крыху гэта нагадвае надпіс гашэкаўскага бургамістра: «Езус, Марыя, едзе Франц Іосіф!»
27.ІІІ. «Иностранная литература» дала выдатную падборку санетаў Д. Д. Белі. У нас чамусьці сур’ёзнай паэзіяй пераважна лічыцца паэзія патрыятычная. Вершы на гэту тэму, нават самыя лапэтныя і прымітыўныя, цытуюць, друкуюць ва ўсіх анталогіях і школьных падручніках. Я спрабаваў быў выйсці за гэты традыцыйны круг: «Ave Maria», «Готыка Святой Аыны», «Антысанет»… Шкада, што далей не змог пайсці.