…Як працаваць, як цешыцца з табой,
Калі санет твой грудзі і стан мой
Чатырнаццаццю клямрамі сціскае.
29.ІІІ. Насталі нейкія худыя дні: нічога не пішу. Толькі чытаю. Вось узяўся за творы лаўрэата Нобелеўскай прэміі І. Б. Зінгера. Мне здаецца, у нас ёсць не горшыя пісьменнікі, толькі няма іх каму рэкламаваць. Апошнімі часамі і ў нас усё больш моднай становіцца паэзія герметычная, замкнутая за сямю замкамі, ключа да якой часта няма і ў самога аўтара. Але ж нельга адставаць ад Еўропы, хоць і там ад такой паэзіі, як ад блох, пачынаюць чытачы атрасацца. Відаць, трэба помніць: «Няма прыкладу супольнасці, якая, пачынаючы ад энтузіязму, не закончылася б на дурноце» (Прудон).
Вецер. Снег. Ужо тыдзень не выходжу з дому. Неспадзявана з Кіева пазваніў Васіль Сідарэнка: «Як чуешся?» Чамусьці вельмі дрэнна было чуваць, знаць, нехта падключыў подслух, бо адначасна чуліся гукі музыкі, паасобныя словы… Так нам з Васілём і не ўдалося пагаварыць. Ад Рыгора Барадуліна даведаўся аб выхадзе з друку майго аднатомніка. Трэба было б з’ездзіць па яго, аднавіць падпіску на часопісы і газеты. Жахлівая статыстыка: зараз смяротнасць перавысіла натуральны прырост насельніцтва ў нас і ва усім былым Савецкім Саюзе.
9.ІV. Вярнуўся са сваёй паездкі ў Польшчу В. В. Зуёнак. Прывёз мне ад Э. Кабатца пачак кофе і пачак чаю. Відаць, сябры нашы думаюць, што мы зусім тут занядужалі і галадаем. Чорт ведае, як узняліся цэны на паштовыя перасылкі. На канвертах не хапае нат месца для марак. Ніяк не магу знайсці архімедаўскага пункта апоры, каб выбрацца з блытаніны розных процілеглых поглядаў, ачмуральнай галаслівасці, засцянковай мегаламаніі. Павінны ж некалі наступіць прасветы ў нашым цёмным царстве.
13.IV. Вярнуўся Саша з Эміратаў і з Індыі. Прывёз муміё і яшчэ нейкія таблеткі ад сэрца. Пакуль што асноўным маім лякарствам — творчасць. Нат у самыя цяжкія хвіліны яна мяне ратавала і ратуе.
А дзень нейкі змрочны, пануры. Узяўся за Э. Хэмінгуэя «За ракой у засені дрэў». Бачыў я гэту рэч у 1964 годзе на сцэне варшаўскага тэатра «Атэнэум» з Я. Вашчаровічам, Ю. Кастэцкім, Б. Шышкевіч… На ўсё жыццё засталося незабыўнае ўражанне ад гэтага спектакля. Потым нейкі маскоўскі «драматург» хэмінгуэеўскі сюжэт выкарыстаў у сваёй банальнай і сентыментальнай п’есе «Варшаўская мелодыя».
19.ІV. Другі дзень Вялікадня. Заўтра пастараюся адвезці карэктуру свайго зборніка «Мой каўчэг». Каторы дзень штармавы вецер пераганяе снежныя хмары. Hоччу, віаць, будзе прымаразак. Прыйшло пісьмо ад Федзі. Ён чакаў, што нехта з нас прыедзе на свята. He ведае ён, што мне ўжо не да гасцявання, што ўсё радзей выходжу нават за парог сваёй кватэры. А ў газетах — несусветны балаган і грызня. І не толькі ў газетах. Праўду піша І. Чэкіс у сваім апошнім пісьме, што зараз ідзе спаборніцтва ў патрыятызме… За пяцьдзесят год прывыклі шукаць ворагаў. І гэта прывычка, эх, як прыдалася! Змест — другі, але форма сталінская.
21.IV. Трывожныя думкі сталі штодзённымі і неадлучнымі маімі спадарожнікамі. Сёння і за пяро не браўся. Так і мінуў яшчэ адзін змарнаваны дзень. Толькі аддаў у «Полымя» сваю новую падборку вершаў. Не ведаю, як яе сустрэнуць чытачы, бо яна размінаецца з агульнапрынятым і пануючым напрамкам у нашай сучаснай паэзіі, паэзіі, якая, не зважаючы на ўсе адраджэнскія бадзёрасці, не можа выбрацца з цянётаў своеасаблівага фіндэсіклею.
4.V. Усе знаходзімся пад уражаннем крывавых першамайскіх падзей у Маскве. Па ўсім мяркуючы, гэта толькі пачатак трагедыі былой краіны «ста народаў», да фіналу якой ніхто з акцёраў сучасных не дажыве.
Будучы ў выдавецтве, выпадкова трапіў на выстаўку выданняў энцыклапедый. Вяртаючыся дамоу, зайшоў на пошту, каб аднавіць падпіску на газеты і часопісы, хоць усё больш падводзяць вочы і цяжэй становіцца чытаць.
6.V. Званіла В. Найдус з Варшавы. Яна страшэнна абурана на Дамарада, які ў сваёй кнізе пра мінскае гета абвіняе Г. Смоляра ва ўсіх смяротных грахах. Яна хоча выступіць у яго абарону. Толькі не ведае, у якой газеце ў нас яна зможа надрукаваць свой артыкул. Янка Брыль абяцаў параіцца з лімаўцамі. Цікава, хто і чаму ўзняў усю гэту куцярму супроць Г. Смоляра і Івана Новікава, аўтара аповесці «Руіны страляюць ва ўпор», у якой Г. Смоляр з’яўляецца адным з герояў мінскага падлолля. I я больш веру I. Новікаву. Ды і ў самога мяне за гады нашай супольнай працы як у даваенныя, так і пазнейшыя гады склалася ўражанне аб ім, як аб чалавеку сумленным і таленавітым публіцысце, загартаваным рэвалюцыянеры.