17.VІІ. У «ЛіМе» Лявон Луцкевіч змясціў фатаграфію, на якой зняты А. Трэпка, Багдановіч, Тумаш, Мілючанка, Галкоўскі, Забэйда, Шырма, Луцкевіч, Паўловіч, Гадлеўскі, Станкевіч і я. Толькі здымак, мне здаецца, зроблены не ў сакавіку 1935 года, а значна пазней. Такая сустрэча магла адбыцца толькі пасля вядомага «Літаратурнага вечара» (Вільня, 15.ІІІ.1936 г.), калі я ўпершыню пазнаёміўся з М. Забэйдам і з некаторымі з гэтых беларускіх дзеячаў. У шостым нумары «Першацвета» (1993 г.) С. Чыгрын даў кароткую анатацыю А. Бартуля. Прывёў ён і маё выказванні аб ім з «Лісткоў календара». Аказваецца, што падчас вайны А. Бартуль працаваў на Лідчыне і звяртаўся з просьбай да доктара-стаматолага Баляслава Грабінскага, каб той як старшыня Віленскага беларускага камітэта засведчыў, што А. Бартуль з’яўляецца беларускім пісьменнікам, на што Б. Грабінскі дасціпна адказаў яму: «Ці не запозна вы пра гэта ўспомнілі». С. Чыгрын чамусьці не піша, кім А. Бартуль працаваў у немцаў падчас вайны. 3 Б. Грабінскім мяне калісьці пазнаёміў Р. Р. Шырма. У яго як славутага спецыяліста лячыліся многія віленчукі. Адначасна ён быў і настаўнікам у Беларускай гімназіі. Звярталіся да яго за дапамогай і Любаша з Аляй, і я. Ад сваіх беларускіх знаёмых ён нат грошай не браў. Помню, і я, не маючы чым заплаціць за свой хворы зуб, тады падарыў свой новы зборнік вершаў «Пад мачтай». У тыя гады ён часта аказваў грашовую дапамогу розным часопісам. A. Лic казаў, што Б. Грабінскі зараз жыве ў нейкім захалусці.
Званіў Саша. Зноў едзе ў нейкую замежную камандзіроўку. Няспынныя дажджы паклалі ў полі ўсе каласавыя.
28.VІІ. Званіў у выдавецтва «Мастацкая літаратура», але так і не дазваніўся. Свята. А ў карэктуры зборніка неабходна выправіць некалькі прыкрых друкарскіх памылак. Шкада, што не змог пабываць на свяце Незалежнасці, бо нешта разбалеліся былі ногі. Працягваю чытаць А. Міцкевіча, яго прозу — лекцыі, лісты, артыкулы, да якой, прызнацца, раней не даходзіў, а якая з’яўляецца цікавым дапаўненнем да яго паэтычнай творчасці.
Чуваць, на Палессі пачаўся павадак. А агульнае становішча ў краіне ўсё больш і больш ускладняецца. Усё імкнёмся ўвайсці ў «Еўрапейскі дом». Які чорт у яго прыме нас, калі ў сваім доме не можам навесці ладу?
7.VІІІ. У сёмым нумары «Полымя» прачытаў паэму Р. Барадуліна «Трыкірый». Ёсць у ёй шмат цікавых строф, напісаных з уласцівым яму майстэрствам. Толькі мне здаецца, твор гэты непамерна расцягнуты i некаторыя яго часткі рассыпаюцца, як пацеркі парванага ружанца.
Ні на хвіліну мяне на пакідае прадчуванне набліжэння нейкай бяды. Максім узяўся за афармленне Любашынай пенсіі, якую яна магла даўно атрымліваць, ужо з першых пасляваенных гадоў як удзельніца рэвалюцыйнага падполля, а потым — па старасці і інваліднасці. Але тут я вінаваты, бо ніколі не цікавіўся гэтымі справамі.
На Палессі, чуваць, страшэнны павадак. Не хапала нам яшчэ гэтай бяды.
Здаецца, знайшоў канцоўку да свайго верша «Эрата»: «Таму хацелася б да эпілога, калі паспею, — дапісаць эрату і вены перарваныя злучыць». Апошнія дні разбалеліся ногі. Больш за ўсё я на іх спадзяваўся, a і яны перастаюць мяне слухаць. А найгорш — трывожныя звесткі, якія паступаюць з усіх куткоў краіны. Забаставалі рабочыя Мінскага завода вылічальных машын, спынілася праца і на іншых заводах. Праслухаў нарыс пра П. М. Машэрава. I сам пачынаю думаць, што смерць яго была невыпадковай. Сяджу дзяжурным пры хворай Любашы. Добра, што часта заглядае Максім. Прынёс пару бутэлек малака і свежай бульбы. Зварылі, а есці немагчыма: так атручана рознымі хімікаліямі. Прыйшло пісьмо ад македонскіх пісьменнікаў. Не ведаю, ці варта нам умешвацца ў заблытаныя балканскія праблемы, у якіх не ведаю, ці разбіраецца хто ў нас акрамя Н. С. Гілевіча, каб не атрымалася так, як з якавенкаўскім нарысам пра Карабах, за які пакрыўдзіліся азербайджанскія пісьменнікі.
13.VIII. Наведала нас Сашава маці. Хварэе. Не знаю, ці ёсць у нас зараз здаровыя людзі. Заўтра Іра збіраецца на Нарач. Сёлета там надзвычай багаты ўраджай на яблыкі. Шкада, што ён змарнуецца, бо ніяк іх не прывязеш. Няма бензіну. Як так магло атрымацца, што нічога не аплачваецца рабіць: ні сеяць, ні жаць, ні здабываць газ, нафту, нават — золата.
14.VIII. Ездзіў тралейбусам па пакупкі. Людзі з апошніх слоў клянуць усіх кіраўнікоў урада, бо, сапраўды, апынуліся ў жахлівых умовах, якія абярнуцца страшэннай катастрофай. А да гэтага ўсе сродкі прапаганды накіраваны на масавае адурманьванне моладзі. Усе з трывогай думаем аб заўтрашнім дні, аб нашай будучыні.