Як каляровыя бліскавіцы.
(У. Бранеўскі)
У нас, каб далі спакойна пісаць, трэба мець не толькі паперу і аловак, але і інфаркт, і выключаны тэлефон. I я ад Тракля заразіўся скептыцызмам.
Прачытаў нарыс В. Жука пра нашага сваткаўскага настаўніка М. А. Пашкевіча. Які гэта быў цікавы чалавек, выдатны выхавальнік, любіцель літаратуры, паэт. Шкада, што так хутка адышоў ад нас. Ён некалькі раз прыязджаў у Пількаўшчыну, і бацькі мае з захапленнем пашанай гаварылі аб ім.
23.ІХ. У Федзевым садзе гара яблык. Казаў, з нейкай канторы абяцалі прыехаць і забраць, заплаціўшы па 10 капеек за кілаграм. I гэта яшчэ — па блату.
26.ІХ. Каторы дзень, не адрываючыся, чытаю і перачытваю пераклад Б. Тарашкевіча паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Сёння пераклад гэты ў нейкай меры ўстарэў. Але калі ўлічыць узровень нашай літаратуры таго часу і ўмовы, у якіх знаходзіўся перакладчык, ва ўсёй велічы паўстае перад намі подзвіг Б. Тарашкевіча. Шкада, што да гэтага часу не ўдалося адшукаць яго пераклад «Іліяды», які недзе падчас вайны загінуў.
27.ІХ. Дзень нараджэння Любашы. Усю ноч, казала, не магла заснуць. А зараз стаіць ля пліты, нешта смажыць, бо могуць прыйсці яе віншаваць. Памагаю ёй. Купіў на рынку кветак, капусты, буракоў. Прымалі ў СП мангольскага паэта Жамбарн Пурэва і генеральнага консула ПНР Барнатака.
Зараз у нас асаблівай папулярнасцю карыстаюцца замежныя аўтары, хоць сярод іх не менш нудных, як у нас. Нобелеўская прэмія — не знаю, як самога Мілаша, але яго адаратараў зусім ачмурыла.
2.Х. Прыехаў А. Лебедзеў (В. Струмень), каб сфатаграфавацца з Я. Брылём і са мной… Ну і дзівак! Ён зараз — на пенсіі, і яму здаецца, што ва ўсіх нас столькі свабоднага часу, як у яго.
3 непакоем сачу, як наша балбатня перараджаецца ў хранічную хваробу.
Хтось падмеціў цікавы факт, што шмат год у мінулым стагоддзі амерыканскія паэты, якія не выязджалі за межы сваёй краіны, з захапленнем пісалі аб спеве салаўёў і жаўрукоў, якіх у ЗША няма. Проста яны паўтаралі сваіх еўрапейскіх калег. 3 малых год у мяне сядзіць комплекс нясмеласці, бо я заўсёды быў горш апрануты, без гроша ў кішэні, без упэўненасці ў заўтрашнім кавалку хлеба, у сваёй будучыні. I сёння, калі недзе трэба выступаць, адчуваю заклапочанасць. Позна вярнуліся з Любашай ад Гілевічаў, дзе былі Антановіч, Навуменкі, Бураўкіны, Багамолаў. I так, Ніл Сямёнавіч адзначыў сваё 50-годдзе.
«Цывілізацыю янкесаў стварыў плуг і буквар паўднёва-амерыканскую — знішчылі крыж і шпага. Там навучыліся працаваць, а тут — маліцца і нічога не рабіць». Ад чаго ж гіне наша цывілізацыя?
4.Х. Куды ні паедзеш, гніюць горы яблык. А вясной будзем купляць — польскія, ліванскія… У Пількаўшчыне застаў сваякоў Мані. Хадзілі ў грыбы. У Слабадскім ельніку сабакі паднялі кабана і пагналі на Астравы. Дома застаў пісьмо Я. Гушчы: «Калі што здарыцца, барані маё імя… Перажываем часы цяжкія, хоць і цікавыя»…
Ніяк не магу разабрацца ў хаатычным падрадкоўніку верша Белты Касьціні, як, напрыклад:
Не, не магу аплакваць груды зламаных крыл.
Толькі жудасны камок грызе ў горле,
На кожным кроку грызе ў горле.
Так многа пустых абыякавых твораў,
Так многа жалобных, звязаных
Між тых, ззяючых, непраходных…
і г. д.
Прападае ўраджай гародніны, бульбы, яблык. Толькі, як грыбы, растуць розныя ўстановы і колькасць служачых, бюракратаў. I як тут не прызнаць слушнасць Паркінсона, які пісаў, што «на 6 працэнтаў у год павялічваецца адміністрацыя, незалежна ад колькасці працы. Кожная праца так расцягваецца, каб запоўніць час, прызначаны на яе выкананне». А мы гэтага капіталістычнага Паркінсона, як некалі Фрэйда і Мендэля, усяк знеслаўлялі.
8.Х. Трапілі ў рукі цудоўныя вершы Р. Гамзатава «Родная мова», «Жоўтая лістота», «Вунь ля таго акна». Відаць, важней тое, што бачыць мастак, як тое, што хоча бачыць чытач. У гэтым разыходжанні скрыты глыбокі канфлікт, да якога трэба будзе некалі вярнуцца. Трэба пайсці і нешта купіць Сярожку да дня яго нараджэння.
Здаецца, В. Быкаў збіраецца ехаць у Заходнюю Германію. Калі пабачу яго, папрашу, каб прывёз сатырычную аповесць Іахіма Сэйпеля «Як фюрэр выйграў вайну».
12.Х. Ездзіў на Нарач па яблыкі. Штармавы вецер сагнаў дзікіх качак на бераг, ды яны тут так асвоіліся, што хутка і ў рэстараны будуць наведвацца.
23.Х. Пазваніў Я. Брыль: памёр Якуб Міско. У мінулым годзе мы разам з ім адпачывалі на Рыжскім узмор’і. Слаўны і адважны гэта быў чалавек. Шмат гора зведаў ён у сваім жыцці: і ў юначыя гады, і ў гады вайны. Якія ж мы бяссільныя перад абліччам смерці! Да апошняга часу ён кожны дзень наведваў на магільніку сваю сяброўку Аню. Усе доўга будзем адчуваць яго адсутнасць.