Выбрать главу

Была Тамара Залатухіна з унучкай. Званіў Л. Прокша: «Спадзяюся, Яўген Іванавіч, што ў Новым годзе выступіце…» Такія ж званкі з Масквы, Адэсы, Вільнюса, Львова з прапановамі выступіць…

Цікавыя казусы бываюць у гісторыі: пабочны сын Аляксандра I — Густаў Эгрэнберг — быў аўтарам рэвалюцыйнай песні «О, чэсць вам, панове-магнаты», а другі з Раманавых — песні «Умер бедняга в больнице военной»…

10.І. Я і не ведаў, што I. Галчынскі ненавідзеў Ю. Тувіма, Сланімскага, Вітліна, хоць, мне здаецца, не такія яны антыподы, каб пісаць, што «махлярствам і подласцю, а не крывёй і самаадданасцю здабыты іх славы. Гэта фальшывыя грошы».

11.І. Памёр Міхал Забэйда-Суміцкі. Памёр ён — аб чым даведаўся ад Л. П. Мірачыцкага — перад самым Новым годам — 21.XII. Архіў свой завяшчаў Беларускаму музею. Вось і закончыўся слаўны і пакутны жыццёвы шлях аднаго з самых выдатных нашых артыстаў-спевакоў. Адарваны ад Бацькаўшчыны, самотна жыў і самотна памёр. За труной ішла толькі верная яго спадарожніца — родная беларуская песня…

Е. I. Каліна прыслала майскі нумар часопіса «Паэт», які выдае ў Мадрыдзе Міжнародная асацыяцыя паэтаў. У нумары надрукаваны і мае вершы «Мой хлеб надзённы», «Перад партрэтам Джаконды» і «Багіня перамогі». Вершы перакладзеныя А. Мілерам і Д. Ротэнбергам.

Званіла нейкая Дуся Казнянка. Казала, што я з Любашай і яна ў 1939 г. разам працавалі на віленскім складзе насенных траў. Зараз яна працуе настаўніцай у Івацэвіцкай школе. Просіць дапамагчы яе хвораму мужу ўладкавацца на абследаванне ў Мінскай абласной бальніцы.

Быў у СП на сустрэчы з маткай Ю. Гагарына. Натрапіў на цікавую думку, гартаючы старонкі гісторыі паўстання 1863 г. Царскі ўрад усё рабіў, каб пажар, які пагражаў успыхнуць у Расіі, успыхнуў на рубяжы, у Польшчы, дзе лягчэй будзе яго пагасіць, крывавай расправай з паўстаннем (удзельнікам якога па загадзе генерала Дравіча адсякалі правую руку) запалохаць іншых. Шкада, што калі пісаў сваю паэму пра Кастуся Каліноўскага, я не быў знаёмы з многімі матэрыяламі і дакументамі аб паўстанні.

Трэба нешта рабіць з нашай паэзіяй, бо яна пачынае выдыхацца, таптацца на месцы. Мо яе прыглушылі трывожныя падзеі на свеце? Некаторыя з нас узяліся за слоўную эквілібрыстыку, падаліся ў дробныя жыццёвыя справы.

Апошнія паведамленні: буры, навальніцы, паводкі, завеі, халады. Ну і новы год — год сабакі!

16.І. Пісьмо ад I. I. Сачко. Цікавыя звесткі пра яго самога, пра I. М. Варашкевіча, які быў легіянерамі Пілсудскага павешаны. Пра яго жонку і сына-партызана, у якога немцы ў першым баі забілі каня, і ён вярнуўся ў атрад з сядлом, а другі раз — загінуў сам, і конь прыйшоў у атрад.

Яшчэ мінуў адзін змарнаваны дзень. Нашы часы можна назваць часамі небывалага марнатраўства чалавечага розуму, інтэлектуальных сіл, здольнасцяў і скарбаў зямлі.

20.І. Ігар Шклярэўскі прывёз пераклады маіх вершаў. Напісаў пару слоў пра майго старога друга — А. Жукаўскаса і ў Прагу Н. Касцянецкай, якая да апошняга часу апекавалася М. Забэйдам-Суміцкім. Аказваецца, хавалі яго 30 снежня. Гэтымі днямі памёр і Сцяпан Алейнік. Часта калісьці мы з ім сустракаліся. Гасціў ён у нас і на Нарачы. Сумна і горка развітвацца з сябрамі.

Відаць, з гадзіну прагаварыў па тэлефоне з У. Караткевічам. Адчувалася, што ён быў у добрым і баявым настроі: адных класікаў уздымаў пад неба, другіх — бэсціў.

Раптам прыгадала Любаша, хоць мінула з таго часу 50 год, што я яе, вяртаючыся са студэнцкай вечарынкі, не правёў, а пайшоў праводзіць іншых дзяўчат. I смешна і шкада мне яе стала. Вось які быў чурбан!

У ЦК задумалі выдаць статомны летапіс Вялікай Айчыннай вайны. Прызнацца, не верыцца, што гэта ўдасца ажыццявіць. Усіх нас ахапіў вірус пустапарожняй балбатні, ад якой можна ўпасці ў адчай і дэпрэсію. Куды б ні пайшоў, як дзядоўнікавымі калючкамі, абрастаю рознымі клапотамі.

4.ІІ. Хадзіў у Сіўцаў Уражак па лякарствы, а там, не пытаючыся маёй згоды, доктар Л. П. Маліноўская выклікала неадложку, і адвезлі мяне ў Кунцава. Ляжу ў Цэнтральным корпусе, у 339-й палаце, у якой ляжаць яшчэ двое хворых. У суседніх палатах — М. Шолахаў, В. Катаеў. Сустрэўся са сваім суседам па пад’ездзе В. Мацвеевым, які тут пакутуе ўжо другі месяц.

11.ІІ. Сёння гаварыў па тэлефоне з Ц. Я. Кісялёвым i A. Т. Кузьміным. Званілі І. І. Антановіч, С. I. Законнікаў, Н. Л. Сняжкова. Ідуць перагаворы, каб юбілей Я. Купалы і Я. Коласа правесці ў Маскоўскім Вялікім оперным тэатры СССР.

12.ІІ. Лечыць мяне вельмі сімпатычны доктар — Галіна Васільеўна Чарнышова, дачка нашага былога партызанскага камандзіра, а потым сакратара Далёкаўсходняга крайкома.