Баюся, што не хутка я адгэтуль выберуся, з кунцаўскай пасткі.
13.II. Другі дзень выходжу на прагулку. Званіў Н. Гілевіч. На пленуме — казаў — сакратаром СП зацвердзілі В. В. Зуёнка. Харошы ён і паэт, і чалавек.
Прыслалі з Мінска апошнюю кардыяграму: «На фоне сінуснага рытму і перамяжаючай блакады правай ножкі пучка Гіса частая прадсардэчная экстрасісталія»… і г. д.
Паслаў дзве віншавальныя тэлеграмы: А. Лупану i А. Звонаку.
18.ІІ. Здаецца, заўтра еду ў санаторый імя Герцэна. Гаварыў па тэлефоне з Любашай. Самае важнае ў жыцці — нікога не абцяжарыць сваім адыходам. Арытмія мая не паддаецца ніякім лекам.
22.ІІ. Санаторый імя Герцэна. Палата — 425. Вечарэе. 3 акна — цудоўны від на Маскву-раку. Цішыня. Быццам у нейкім забыцці, стаяць векавыя сосны, бярозы.
Я шчасліў, што пяю цябе, Радзіма.
I калі мо не на ўсе песні хопіць
Адмеранага лёсам часу, ведай:
Я даспяваю іх, нат калі буду
Пясчынкай на тваіх шляхах бясконцых,
Сасной на нарачанскім узбярэжжы
Ці жаўруком — прадвеснікам жыцця.
12.ІІІ. Ноччу выпаў снег. Калісьці я любіў такое надвор’е. Часта з дзедам ці з бацькам у гушчарах Жуковы хадзілі пілаваць на дровы сухастой, буралом. Бралі з сабой у торбачку нейкі перакус, а каб ен не змёрз, закапвалі ў снег. Чорныя клубы дыму, як малітва, уздымаліся над вяршалінамі і цішынёй заснежаных дрэў.
Найбольш у санаторыі людзей пажылых, пенсіянераў. Некаторыя з іх трымаюцца велічна, быццам і зараз яны вырашаюць важныя дзяржаўныя справы. Але многіх старасць вярнула да іх натуральнага чалавечага вобліку. Сталі простымі смяротнымі, без масак, без поз, толькі са старэчымі недамаганнямі і хваробамі. Прыйшоўшы з прагулкі, накідаў верш «Ёсць не менш важныя…».
I ўсё ж так, як хацелася б пісаць, не удаецца. Часамі перад маім зрокам вырысоўваюцца нейкія новыя канструкцыі вобразаў, але, калі пачынаю да іх набліжацца, знікаюць. Застаецца горкае адчуванне сваёй бездапаможнасці.
Ціт Лівій лічыў, што ён страціў дзень, калі не зрабіў нічога добрага. А я і лік згубіў тут страчаным дням.
Гадзіны дзве блукаў па герцэнаўскаму лясному парку. У суседнім пасёлку, — відаць, на змену надвор’я крычалі пеўні. На дне глыбокай балкі, не баючыся ні маразоў, ні снегу, з гарэзным шумам шустра збягаў ручаёк.
14.ІІІ. Нядзеля. Дапісаў верш «У Вязынцы». Снег пахне вясной. Прыляцелі першыя шпакі.
У «Огоньке» надрукавана выдатная падборка вершаў эстонскіх паэтаў: Д. Ваарандзі, I. Беэкмана, Л. Сійга, П. Рума, В. Лусіка, М. Траата. Вось адзін з вершаў Д. Ваарандзі ў маім няўдалым перакладзе: «Людзі глядзяць на мора»:
Калі дзень аддыміць,
Калі са шпіляў веж
Асядзе ў падваротні шум,
Калі бяздомны голас цягнікоў
Нас перастане аклікаць, —
Прыходзяць на ўзбярэжжа гараджане.
Стаяць ля пірса моўчкі
I глядзяць удаль.
То тут, то там.
Змярканнем,
Калі вада напамінае
Раптам аззяныя любоўю вочы
Ў празрыстай сіняве асенніх дзён.
Над крыкамі ўстрывожаных птушак
Перад пачаткам крыгаходу,
Пафарбаванага адценкам шэрым, —
Стаяць на парапеце людзі,
Ў маўчанні паглядаючы на мора.
Я праз вячэрняе паветра бачу
Іх адбіццё у ззянні контура,
Іх цёмныя фігуры ля вады,
Ля прыбярэжных скал, на валунах.
Так у бязмоўнай у бяседзе з морам
Бачу я людзей.
I ў гэтыя імгненні
Яны найбольш мне зразумелыя
I блізкія,
Людскімі заклапочаныя справамі.
Інакш чаго прыходзіць ім,
Стаяць, маўчаць,
Глядзець на мора.
15.ІІІ. Яшчэ адна бальнічная раніца. Сусед мой дзівіцца, што я прыгожа засцілаю ложак. А гэта ў мяне яшчэ з Лукішак, дзе патрабавалі засцілаць «як належыць». Пасля працэдур зноў узмацнілася арытмія, да якой прыкінулася яшчэ і алергія. Што б ні было, а 19-га буду вяртацца дамоў. Напісаў пару вершаў. Хмарна. Золка. Прысніўся ў мінулую ноч нейкі страшны сон. Помню, мая маці за тысячы кіламетраў прадчувала, калі з намі здаралася нейкая бяда. Так было, калі ад гішпанкі вымерлі ў яе бацькоўскай задубенскай хаце амаль усе яе родныя, так было, калі трагічна загінула мая сястра Вера са сваім малым, так было, калі на Урале брату Федзю ледзь не аднялі руку, і многія здарэнні са мной.
16.ІІІ. Яшчэ раз пераканаўся, як часамі пераклікаюцца мае думкі з думкамі іншых. У I. Грыгулеска: «Чалавек у наш час гучыць трывожна». Я шмат год таму пісаў у адным са сваіх вершаў, як зорка папераджае другія зоркі: «Асцерагайцеся зямлі, на ёй — чалавек!»