Выбрать главу

Мо на змену пагоды, якое сёння заходзіць крывавае сонца! Вечарам перадавалі выступленне Л. I. Брэжнева. Заўтра прачытаю. А зараз узяўся за свой верш «Жэзл».

17.ІІІ. У дрэнным настроі канчаю гэты дзень. Нешта разгудзеліся ў небе самалёты.

«Нішто не канчаецца, акрамя нас саміх. А гэта — так нямнога» (Л. Арагон). Цікавая думка Е. Леца: «Хто перажыў трагедыю, той не быў яе героем». Трэба было б перакласці яго афарызмы на беларускую мову, а перакласці іх найлепш мог бы Я. Брыль, які апошнія гады сам спецыялізуецца на мініяцюрах.

Вярнуўшыся дамоў, зноў спрабую вызваліцца ад сваёй пасады старшыні СП не толькі па стане здароўя, але і для таго, каб магчы больш часу і ўвагі ўдзяляць сваёй творчасці. Хоць апошняе нікога з нашых кіраўнікоў не цікавіць.

Зараз усе мы навучыліся пісаць вершы, якія можна цытаваць, хваліць. Засталося яшчэ навучыцца пісаць такія, да якіх не раз хацелася б вяртацца.

Званіла В. М. Шчадрына: ці змог бы я паехаць у Мексіку?

19.ІІІ. 3 рознымі дарожнымі прыгодамі вярнуўся дамоў. Адразу ўзяўся за карэспандэнцыю. Сярод часопісаў цікавы нумар «Мастацкага агляду» (на польскай мове). Ёсць у ім некалькі рэпрадукцый П. Пікасо. Гэта, убачыўшы яго «Дзяўчат з Авіньёну», Гаргела дасціпна спытаў мастака: «Што б ты сказаў, калі б твая сям’я, калі прыедзеш у Барселону, выйшла цябе прывітаць з такімі губамі?»

1.IV. Званіў Юра. У Ірышы нарадзілася дачушка.

Усе рады. Адзін Сярожка незадаволены. Цікавіцца, якое будзе ў яе прозвішча і імя. Калі будзе плакаць — казаў — ён яе наб’е. Вельмі незадаволены быў, што купілі дачушку, а не хлопчыка.

18.IV. Вярнуўся з Масквы, дзе два тыдні празасядаў на Камітэце па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях.

Больш за ўсё мне надакучылі розныя няпрошаныя настаўнікі, у якіх за душой адчуваю пустку, і людзі, якія, угробіўшы пісьменніка, залічаюць сябе да яго сяброў.

Розныя дамашнія клапоты, непаладкі зусім мяне выбілі са строю. Перажываем з Любашай за Верачку, за непаладкі ў яе сям’і.

26.IV. У ацэнцы твораў розных народаў мы не ўлічваем іх спецыфікі, своеасаблівасці ўспрымання і падыходзім са сваёй меркай. Кавабата Ыacyнара сваё выступленне пры ўручэнні яму Нобелеўскай прэміі (1968 г.) пачаў з верша паэта Дагэна, звязанага з паэзіяй Зэн:

Кветкі — вясной,

Зязюля — летам,

Восенню — месяц,

Чысты, халодны снег —

Зімой.

Можа, гэты верш — гаварыў ён — выдасца еўрапейцам прымітыўным і банальным, мяне ён захапляе тонкасцю, глыбінёй і цеплынёй пачуцця.

Сапраўды, паэзія — невырашальная загадка. Яна — дзіця розуму, інтуіцыі і рацыянальных адчуванняў.

27.IV. Званіла Верачка. Прыкрая гісторыя з Сашкам. Гаварыў з ім. Быццам ён і не вінават, але і я ўжо яму не веру.

Ю. Хапалаеў піша, што ён перакладае мае вершы. Здаецца, гэта будуць першыя беларускія вершы на лакскай мове.

28.IV. Ездзілі з Любашай купляць каляску для маленькай Кацюшы. А перад гэтым з Максімам, Оляй і Максімкам наведалі Нарач і Пількаўшчыну. Завезлі для Вані веласіпед. Каля лазні пагрэліся ля вогнішча, бо дзень быў сцюдзёны, золкі.

А дома — адны непрыемнасці: і ў Верачкі ўскладніліся яе сямейныя справы, і ў Максіма — сын зусім выбіўся з-пад улады бацькоў, не хоча вучыцца. I Ў Іры розныя скандалы. У такой атмасферы нічога не магу рабіць. I Любашу шкада, бо ўсё гэта яна страшэнна перажывае.

3.V. Прачытаў зборнік вершаў У. Высоцкага. Большая частка вершаў — пра вайну. Надрыўныя. Суровыя. Нешта іх родніць з творамі В. Быкава. Вершы Высоцкага прыкметна выдзяляюцца з той псеўда-паэзіі, бліскуча зарыфмаванай і гладкай, але якая не пакідае ніякага ўражання.

Жахлівыя лічбы прыводзіць фрнцузскя статыстыка: палова дзяцей, народжаных у 1972 г., загіне ў дарожных аварыях. Вось якой цаной разлічваецца людскасць за сваю індустрыялізацыю і механізацыю.

10.V. Ад Генеральнага консула ПНР атрымаў зборнік вершаў «А хто там ідзе?», які выйшаў у Лодзі пад рэдакцыяй Т. Хрусцялеўскага і з яго прадмовай. Выбар вершаў мог бы быць лепшы. I зусім не было ніякай патрэбы ўключаць у яго незакончаны верш Я. Купалы «Дзевяць асінавых калоў».

16.V. ДУмаю аб нашай будучыні. Цяжка ўявіць — якой яна з'явіцца перад намі. Нават усе славутыя візіянеры у разгубленасці.

Гаварыў з Ц. Я. Кісялёвым. Магчыма, паеду з ім на святкаванне 1500-годдзя Кіева.

М. Міхеек піша: А. Талстой пасля з’яўлення свайго рамана «Пётр Першы» на банкеце ў Крамлі падышоў да Сталіна і запрапанаваў яму выпіць на брудэршафт, на што той адказаў яму: «Вы, зразумела, жартуеце, граф»…

Закончыў сваё слова пра Я. Купалу, з якім трэба будзе выступіць у Маскве.