Прыслаў I. Сарайліч зборнік сваіх перакладаў «Кніга сяброў», у якой змешчаны і мае два вершы.
24.V. Быў у A. Т. Кузьміна i Л. С. Фірысанава, якога прасіў разабрацца ў Сашкавай гісторыі.
Выйшаў досыць цікавы зборнік С. Бартохавай.
29.V. Вярнуўся з Кіева ў захапленні ад сталіцы Украіны, ад яе музеяў, помнікаў, тэатраў і гасціннасці гаспадароў. Хоць і чартоўскі стаміўся за гэту паездку. Каторы раз заракаюся спыніць свае гастролі, а ім і канца не відаць. Праўду кажуць, што гарбатага толькі магіла выпрастае.
Ноч. Вецер. Дождж.
30.V. Цікава, Конрад, які, здавалася б, адышоў ад родных крыніц, лічыў, што стаць універсальным пісьменнікам можна, толькі апіраючыся на нацыянальную аснову. Відаць, у глыбіні сваёй душы ён балюча адчуваў тое, што парваў усякую сувязь з мовай бацькоў, хоць і стаў славутым англійскім пісьменнікам. Нацыянальны нігілізм многіх у нас зрабіў калекамі, як пошасць, на працягу стагоддзяў апусташаючы культуру беларускага народа.
А дождж усё не сціхае.
5.VІ. 3 Берліна прыслалі на нямецкай мове анталогію, у якой змешчаны вершы П. Броўкі, А. Куляшова і мой «Варшава ў дзень памінак», перакладзены Вільдэмарам Дэчэ.
27.VI. Зусім расстроены вярнуўся з Нарачы. Няма каму глядзець за малымі. Жывуць там дзікарамі і робяць усё, што ўзбрыдзе ў галаву. Любаша зусім выбіваецца з сіл. Не ведаю, чым усё гэта скончыцца.
7.VІІ. Вярнуўся з Масквы, з юбілейных купалаўскіх урачыстасцяў. А наперадзе — новыя клопаты, юбілеі, сходы…
I сёлета, відаць, надвор’е не дасць убраць з поля. Трэба сказаць, што мы і гаспадарыць развучыліся, больш знішчаем, як ствараем.
Трэба пакончыць з разыходжаннем нашых слоў і нашых спраў, розных ідэй — са сваімі перакананнямі. Я, як і многія, шмат у чым памыляўся, але найчасцей, калі слепа ішоў за нейчай думкай.
18.VII. Перад самай навальніцай прыехаў з Нарачы ў Мінск. Пакінуў Любашу ў слязах. Да хваробы ног яшчэ прывязалася нейкая новая хвароба. Званіў A. Р. Бажанавай у мядзельскую бальніцу. Абяцалі абследаваць. А тут яшчэ набліжаецца — чорт бы пабраў яго — маё 70-годдзе, у сувязі з якім нешта плануюць і ў Маскве, і ў нас. 3 цэлай брыгадай кінаработнікаў ездзіў у Пількаўшчыну. Едуць спевакі, артысты прыняць удзел ва ўрачыстым вечары… І ніхто не знае, колькі ўсё гэта каштуе мне здароўя і нерваў.
27.VІІ. Чытаю перакладзеныя В. Сёмухам «Санеты Арфея» і ніяк не магу ўчытацца ў гэтыя мармуровыя вершы. Гаварыў з Н. Гілевічам аб перакладзе «Пана Тадэвуша». У выдавецтве не ведаюць, што рабіць, бо Я. Семяжон амаль на 1/3 павялічыў колькасць радкоў паэмы. Гучыць яна цудоўна, але, відаць, давядзецца яму скарачаць свой пераклад. Праца гэта пякельная, але другога выхаду няма.
28.VІІ. Часта ўспамінаю сваіх бацькоў і дакараю сябе, што рэдка іх наведваў, усё перашкаджалі нейкія неадкладныя справы. Цяпер бачу, што ўсе гэтыя справы не такія былі вырашальныя ў маім жыцці.
Трэба схадзіць на выстаўку карцін Л. Ф. Панамарэнкі.
«Факел» даў падборку маіх вершаў у перакладзе Б. Геронціева. Збіраліся з’ездзіць у Паставы, але адклалі на наступную нядзелю. Чытаю Э. Штрытматара «Мініяцюры», якія ў нечым нагадваюць мае «Лісткі календара».
9.VІІІ. Ноччу прыехалі Лена і Дзіма: памёр Юра Болтуць. Перад сном выйшаў пакурыць і зваліўся ў сенях. Відаць, падвяло сэрца. Яшчэ ўчора быў у нас, пазычыў некалькі нумароў «Иностранной литературы». Зрабіў некалькі здымкаў нашай Кацюшы… Усе ходзім пад уражаннем гэтай неспадзяванай бяды, якая абрушылася і на яго сям’ю, і на ўсіх нас.
Званіў у ЦК В. Я. Крукаву і Ю. Б. Колакалаву. Прасіў, каб дазволілі яго пахаваць на Маскоўскім магільніку.
Гарачыня. На полі ўсё перасмягла і сохне. Непакоімся за Максімку, які гэтымі днямі будзе здаваць экзамены ў Політэхнічны інстытут.
11.VІІІ. Нічога не пішу. Памагаю Любашы ў гаспадарцы: хаджу па малако, па газеты, па хлеб, нашу ваду, чышчу бульбу, мыю талеркі. Наша нарачанская дача стала невялічкім філіялам пекла для мяне і, асабліва, для Любашы, якая цэлыя дні пакутуе на кухні.
13.VIII. Купілі ў рыбгасе свежай рыбы. Прыйшла анкета аб выхаванні моладзі. Многа ў ёй надуманага, у выніку чаго расце колькасць адукаваных дзікароў і гультаёў, якія цураюцца працы і да сівога воласа ходзяць у ганаровым званні маладых.
Вечарам некалькі раз выключалася святло, і не ўдалося праслухаць апошніх навін.
16.VІІІ. Адчуваецца набліжэнне восені. Да ад’езду ў Мінск — лічаныя дні. Прачытаў кнігу ўспамінаў пра М. Лынькова. Шмат у ёй розных недакладнасцяў. Відаць, усіх нас з гадамі падводзіць памяць. Найбольш цікавыя ў гэтай кнізе — успаміны Софіі Захараўны.
Зноў наехала гасцей. Любаша выбілася з сіл, хоць, як магу, стараюся ёй памагчы.