Выбрать главу

22.VIII. Купілі на рынку ў Паставах бульбы, мяca, гуркоў, памідораў. Крыху менш стала народу ў нашым каўчэзе, але яшчэ чалавек дзесяць засталося.

Поўнач. Узяўся за пераклад вершаў М. Бернета. Недзе ў санаторыі на танцах забавіліся Максім і Наташа. Не ведаю, ці наладзіцца ў іх нейкае жыццё. Шкада, калі па-пустому змарнуюць яго.

25.VІІІ. Выдавецтва прасіла перакласці Н. Mapaхона. Толькі спрабуй разабрацца ў такім падрадкоўніку, як:

Закаханыя кладуцца на сонцы

На дне яхты

I дыхаюць вільготным клапанам,

П’юць подыхі мора,

Што ідуць з паўдня.

Дыхнуў сарамлівы брыз,

I наша вуха ўжо смяецца ў вечнасць…

Зацепліў печ. Збіраюцца мыць Кацюшу. На небе — пашчэрблены месяц.

27.VIII. Была наша пількаўская суседка Кацярына Глінская. Просіць дапамагчы вырашыць кватэрнае пытаяне яе ўнучкі, якая працуе ў Мядзеле. Заходзілі супрацоўнікі газеты «Зара». Фатаграфавалі.

29.VIII. Дождж, несціханы дождж. Выкінуліся ў лесе маслякі, сыраежкі. А на палях — і жыта і ярына.

Чорт ведае, што атрымліваецца ў нас з уборкай. I гэта кожны год, нат пры самым лепшым надвор’і. Чуваць, памёр наш дамарослы партызанскі лекар Бронька Глінскі, з братам якога я калісьці разам ганяў на пасту. Не ведаю, які з яго быў лекар, але музыка быў адмысловы. Іграў і на скрыпцы, і на гармоніку, і на цымбалах. I як іграў! Ніхто не мог устаяць і не пусціцца ў танец.

7.ІХ. Прыходзіў артыст нашага цырка В. Каваленка. Нехта сказаў яму, што я ўсё магу. Дык вось, просіць дапамагчы яму атрымаць нейкае званне, бо ён даўно працуе і г. д. Ю. Дубасаў прыслаў паэму пра Кулікоўскую бітву, просіць памагчы яе надрукаваць у нейкім беларускім часопісе… Можна звар’яцець ад падобных бязглуздых пісем і просьб.

Мой юбілейны вечар, на які хоча прыехаць і Ц. Я. Кісялёў (ён зараз у Маскве ў бальніцы), перанеслі на 24-га верасня. Неяк цяжка і трывожна на сэрцы. Не падабаецца мне ўся мітусня навакол юбілею. I я не магу яе спыніць.

У апошнім сваім пісьме Ларыса Геніюш піша пра свае бясконцыя канфлікты з раённымі кіраўнікамі і аб сваім цяжкім стане здароўя. Хоча, каб усе яе кнігі перадалі ўнукам. Шкада, што зараз, у сувязі з ваенным становішчам у Польшчы, да яе не зможа прыехаць сын. Добра, што з друку выйшаў яе зборнік.

Прачытаў «Знак бяды» В. Быкава. Крыху надуманай мне здаецца гісторыя з бомбай, якую купіла Сцепаніда, каб адпомсціць ворагам, але ў аповесці шмат глыбокіх жыццёвых эпізодаў і ярка выпісаных запамінальных партрэтаў, якія балючымі стрэмкамі ўваходзяць у памяць.

13.ІХ. Быў у ЦК па справе Ларысы Геніюш. Аж не верыцца, што пасля ўсіх яе пакут знаходзяцца людзі, якія так стараюцца ў яе жыцці ўсё ускладніць.

Начаваў у мяне I. Сачко, які прывёз для мяне цэлы куль розных лекавых траў.

6.Х. I так — дзякуй богу — прайшлі мае юбілейныя дні. Яшчэ і сёння не магу ачухацца, быццам пасля працяглага палёту верталётам. Ціхенька, у сямейным кругу адзначылі і дзень нараджэння Любашы, якая любіць зазначаць — хоць мы і аднагодкі, — што яна маладзейшая ад мяне.

18.Х. Вярнуўся з дэкады беларускай літаратуры ў Польшчы. Гэта была адна з самых цяжкіх камандзіровак. Сустрэчы, выступленні, сустрэчы-прыёмы. Не было вольнай хвіліны на адпачынак. I ўсё гэта ў нейкай напружанай атмасферы. Варшава, Лодзь, Беласток, Гайнаўка, Нараўка… Трэба сказаць, што, не зважаючы на ўсю складаную сітуацыю, шмат увагі ўдзялялі нам нашы польскія сябры, іх друк, тэлебачанне, радыё.

Ля касцёлаў бачылі вогненныя крыжы, мауклівыя натоўпы людзей. Не хутка тут усё ўвойдзе у свае берагі.

26.Х. Пазычыў у Б. Сачанкі зборнік вершаў М. Гумілёва. Нешта не зрабілі яны ніякага ўражання, мо таму, што гэта — паэзія, адарваная ад зямлі, ад звычайнага жыцця, на сотні ладоў перапяваецца адна тэма — любові. I ў некаторых вершах адчуваюцца знаёмыя адгалоскі Блока.

11.XІ. Званіў з Душанбэ Г. Г. Аванаў, які дае канцэрты. Казаў, што ў Разані чуў, як пад гітару спявалі песню на тэкст майго верша «Святая Ганна». Якіх толькі цудаў не бывае на свеце!

Неспадзявана радыё перадало паведамленне аб смерці Л. I. Брэжнева.

17.ХІ. Усе дні гучыць жалобная музыка. Яна, можа, у сваёй вымове не такая дакладная, як літаратура ці выяўленчае мастацтва, але затое найбольш універсальная. Усе каментарыі да яе — умоўныя, у чым пераканаўся калісьці, чытаючы эсэ А. Талстога аб «Ленінградскай сімфоніі» Д. Шастаковіча і слухаючы гэту сімфонію.

3 задавальненнем прачытаў, крыху пантэістычныя ў гамсунаўскім духу, радкі верша майго друга А.Жукаўскаса:

Палажыце мяне вачамі

Да палыхаючай сінявы,

Да сонца яснага, да зор і месяца,