6.І. Дома зноў цэлае пекла. Не знаю, за што ўзяцца. Учора ледзь выстаяў ля труны А. Бачылы. На магільнік не змог паехаць. Атрымаў ад У. Калесніка яго кнігу «Лёсам пазначанае», у якой зноў шмат пераблытаных фактаў з маёй біяграфіі.
7.І. Ездзілі з Максімам у Пількаўшчыну. Пагрэліся ля кастра за лазняй. Усё бульбянішча перарыта дзікімі кабанамі. Каля гнілых пнёў — нейкія грыбы. Няўжо цяпер яны выраслі? Усюды свежае кратавінне. Дзіўна, што яшчэ не спяць сваім зімнім сном гэтыя падземныя аратыя і разведчыкі.
10.І. Жонка Ізі Харыка хоча, каб адной з вуліц на Нямізе прысвоілі імя і прозвішча яе Ісака. Не ведаю. Цяпер вельмі неахвотна наш гарсавет ідзе насустрач нам, калі звяртаемся з падобнымі просьбамі.
16.І. Вярнуўся з пахавання Ціхана Якаўлевіча Кісялёва. Прамовы, прамовы. Не магу забыць нямой сцэны, як дрыготкай рукой Ніна Фёдараўна, развітваючыся, гладзіла і гладзіла твар нябожчыка. Пахавалі яго побач з магілай П. М. Машэрава. Прагучаў жалобны развітальны салют. Укрылі магілу вянкамі, кветкамі…
Дома ўзяўся за артыкул I. Фіка, які слушна піша, што нельга пісьменнікаў класіфікаваць паводле іх палітычных арыентацый, што мы рабілі і зараз робім. Вось толькі некаторыя з іх, якія паспелі на працягу свайго жыцця пабываць у розных палітычных партыях: Сартр, Сінклер, Жыд, Сілонэ, Гамсун, Фаст, Стэйнбек… Ды і ў нас можна набраць не адну абойму.
Праслухаў апошнія навіны. Зараз уладарамі дум сталі футбалісты, бегуны, баксёры, гімнасты. Аб стане іх здароўя пішуць у цэнтральных газетах, чаго не робіцца ў адносінах нат да самых выдатных вучоных, артыстаў, кампазітараў, пісьменнікаў…
Чамусьці ў ЦК апалчыліся ў аддзеле культуры супроць Л. Гаўрылкіна, хоць я лічу, што ён працуе актыўна і старанна. Не ведаю, у чым справа. Паступаюць нейкія ананімкі. Настойліва патрабуюць звольніць з работы i С. С. Элькінда. Я ўсё адкладваю на пазней. Можа, забудуць.
10.ІІ. Павіншаваў У. Караткевіча з прысуджэннем яму прэміі імя I. Мележа. Сам ён хворы, і жонка пасля трох аперацый адчувае сябе вельмі дрэнна.
I. Я. Навуменка запрашае на вяселле дачкі. Прыгадаў наша вяселле з Любашай. Не было ніякіх гасцей. Па дарозе ў рэдакцыю «Вілейскай праўды« зайшлі ў адпаведную ўстанову, распісаліся. Аж шкада, што ніяк не адзначылі мы тады такой важнай падзеі ў нашым жыцці.
18.ІІ. Прыехала сям’я ўзбекскага паэта Султана Джуры, які ў 1943 г. загінуў у баі пад вёскай Казярогі. Прыехалі ўскласці кветкі на яго магілу.
Узяўся перакладаць Э. Межэлайціса. Ды зноў трэба збірацца ў Маскву на юбілейны пленум Таварыства СПД.
28.ІІ. Званіў А. Карпюк. Цяжка хворая Ларыса Геніюш. Ляжыць зараз у гродзенскай бальніцы. Прыязджаў да яе сын Юрка. Напіўся, чорт! Спрабую сазваніцца з яе ўрачом I. М. Бабко. Можа, трэба прыслаць якія лекі?
1.ІІІ. Першы дзень вясны. Прыходзілі з газеты ўзяць інтэрв’ю. Усе гэтыя інтэрв’ю нагадваюць нейкі балет. I агулам, надакучыла наша няспынная балбатня аб літаратуры. «Злаві красамоўства і скруці яму шыю!» — раіў Верлен. А мы ўсё яшчэ ім забаўляемся.
10.ІІІ. Сёння ўдалося сазваніцца з Ларысай Геніюш. Баюся, каб не закончылася гэта аперацыя трагічна, бо і гады не маладыя, і хвароба цяжкая. Казала, што апякуюцца ёю і лечаць выдатныя дактары. А аперыраваць будзе вядомы спецыяліст — прафесар Астроўскі. Ну, дай божа, каб усё было добра.
11.ІІІ. Пазнаёміў мяне У. М. Правалінскі з доктарам А. Д. Котлярам, які лечыць травамі ад усіх хвароб. Трэба будзе паспрабаваць.
Сёння маленькая Каця пачала хадзіць. Усе збегліся глядзець на гэта дзіва: як малы чалавек самастойна ставіць свае першыя крокі.
12.ІІІ. Быу у мяне У. Стохаль. Прывёз ён з Польшчы копіі маіх пісем да К. Яворскага. Збіраецца пісаць пра нашы сувязі з «Камэнай». Добра ведае беларускую мову і літаратуру.
Чякаю зваяка з Гродна. А. Карпюк абяцаў паведаміць аб стане здароўя Ларысы Геніюш. У «ЛіМе» надрукавана падборка яе выдатных вершаў.
14.ІІІ. Ф. І. Фёдараў перажывае, што ў энцыклапедыі і лемантары пераблыталі дату нараджэння Янкі Маўра, і яшчэ, што напісалі як аб адным з пачынальнікаў дзіцячай літаратуры. «А хто, — пытае, — яшчэ?» Кажу: «Багдановіч, Колас…»
А з Гродна — невясёлыя звесткі. Ларыса Геніюш — цяжка хворая. Рак. Метастазы яшчэ не пайшлі, але амаль ніякай надзеі на выздараўленне. Зноў прыехаў з Польшчы яе сын і зноў, забулдыга, п’е.
Прачытаў зборнік М. Грубіяна. Ёсць шмат арыгінальных вершаў. Уяўляю, што яны яшчэ лепш гучаць на яго яўрэйскай мове.
Усё большую ўскладаю надзею на літаратуру, якая прындзе пасля нас. Сын А. Ахматавай часта гаварыў: «Мама, не каралеўся, калі ласка!» Колькі ў нашага брата, пісьменніка, пазёрства! Асабліва, калі глядзіш на паводзіны некаторых са стараны і фіксіруеш іх «скрытай камерай».