Выбрать главу

Пад Мінскам будуецца атамная электрастанцыя. Як пра яе пісаць нейкую оду, калі пры любой аварыі яна можа стаць забойцам.

3 капяжоў слязіцца зіма.

17.ІІІ. І. Ф. Клімаў, прачытаўшы мае «Лісткі календара», раіць, каб я далей іх пісаў. Калісьці i К. Сіманаў раіў мне дапоўніць іх сучаснымі каментарыямі, ацэнкамі, якія можна было б набраць іншым шрыфтам у адрозненне ад асноўнага тэксту. Гэта цікавая думка, над якой, можа, варта было б падумаць.

Трэба сёння сазваніцца з А. Карпюком ці з Д. Бічэль-Загнетавай і даведацца, што чуваць у Ларысы Геніюш. Яна — казалі — вельмі была рада, што ў «ЛіМе» з’явілася падборка яе вершаў.

Прачытаў займальную брашуру пра экстрасенсаў, пра тое, што адзін з іх — галандзец Краузе — раскрыў больш сотні злачынстваў і быў забіты мафіяй, якая даведалася, што ён узяўся за раскрыццё забойствы Mapo. I быццам Джуна прадказала Р. Гамзатаву — згараць яго рукапісы. Расул перавёз іх з дачы ў Маскву, але ўсё роўна ад агню яму іх уратаваць не ўдалося. Пры сустрэчы распытаю Расула.

19.ІІІ. Атрымаў ад I. Ганчарэнкі яго двухтомнік. 3 захапленнем прачытаў радкі, якія самі просяцца на музыку:

Признаюсь отверто, мамо, —

Очи долом повела, —

То не я стояла, мамо,

То черешенька цвила…

21.ІІІ. Засмучаюць нас непаладкі ў сям’і Максіма. Не адчуваецца ў іх ніякага кантакту з сынам. Хвароба выбіла яго з рытму. Баюся, што ён сарвецца і са сваёй вучобы. Агулам, з кожным днём жыцце ўсе ўскладняецца.

Учора нашы футбалісты прайгралі. Усе балельшчыкі перажываюць. Недзе чытаў, што адзін экспансіўны італьянец, калі прайграла яго каманда, выкінуў праз акно свой тэлевізар. Вось гэта балельшчык!

23.ІІІ. На вяселлі нашай знаёмай у Слабадзе было распіта паўтоны гарэлкі. Не толькі спаілі гасцей, але насілі бітоны самагонкі па хатах і паілі тых, хто не змог прыйсці на вяселле. За некалькі дзён там тры чалавекі загінулі ад п’янства.

Запісваю даўнюю прытчу: старэйшы сын кажа: «Якая высокая трава і якія прыгожыя кветкі»; сярэдні: «Будуць сытыя авечкі, і ад іх будзе немалы даход»; а трэці, малады, ціха сказаў: «Трэба бацьку купіць новую кашулю. Бо старая зусім падралася і ноччу яму сцюдзёна». Маці выслухала ўсіх трох і сказала: «У нас толькі адзін сын».

27.ІІІ. Брат просіць пазваніць у Мядзела, каб яму дазволілі трымаць паляўнічую стрэльбу; пазванілі з рэдакцыі, каб памог нейкі там атрымаць пакойчык; Струмень просіць прыслаць спраўку для прадстаўлення яе ў Маладзечанскі музей, дзе хоча адшукаць у архівах нейкія матэрыялы для напісання ўспамінаў; інвалід з Зялёнак — каб яму павялічылі пенсію; суседка паўгода не можа знайсці сабе працы… А ў мяне такая арытмія, што заўтра кладуць у бальніцу.

5.IV. I так, зноў — у лечкамісіі. У прыёмнай нейкі хворы дамагаўся, каб яго палажылі ў новым корпусе, бо ён ваяваў, бачыў Леніна. Сястра зазначыла, што Ленін так сябе не паводзіў. Быў чалавекам сціплым. Не ведаю, чым закончылася гэта спрэчка. У чаканні капельніцы і ўколаў камфары чытаю анталогію «Поздней латинской поэзии»:

Статуя ритора Руфа высится. Полное сходство!

Нет ни речей на устах и ни мозгов в голове.

Не шелохнется, глуха, слепа, — все качества Руфа!

Есть лишь несходство одно: сам то помягче он был.

                                                                            (Аўсоній)

Вельмі цікавая і «Вясельная кветка» таго ж Аўсонія, складзеная, як мазаіка, са строф Вяргілія. Або такія сентэнцыі, як: «Паасцерагайся, перамогшы, каб потым не шкадаваў аб перамозе»; «Раней смяротнага дня нельга хваліць чалавека»; «Прытрымай язык, будзе лягчэй завязваць дружбу».

8.IV. Толькі што пазваніў С. Законнікаў: памерла Ларыса Геніюш. Памерла, ці згарэла як свечка прад алтаром сваёй Радзімы.

10.IV. Заходзілі мяне наведаць Саша з Дзяніскам, М. I. Дзялец, які падзяліўся сваімі выдавецкімі навінамі і клопатамі. Потым былі Людміла, Язэп, Наташа.

«Пах маіх падпах больш духмяны, як усякая малітва» (Э. Межэлайціс). Не нагадвае гэта цвік У. Маякоўскага?

11.IV. Ад Н. Л. Сняжковай даведаўся аб апошніх падзеях у Зэльве. На пахаванні Л. Геніюш ад СП былі А. Мальдзіс, Д. Бічэль-Загнетава, В. Іпатава. Шмат было народу… Найлепшым для яе помнікам будзе выданне яе твораў, аб чым трэба будзе ўсім нам паклапаціцца.

Наведаў мяне сёння У. Правалінскі.

Любаша расказала, як абувала Кацюшу і тая, хаця, ударыла яе шкарпэткай і, калі ўбачыла, што бабуля «заплакала», перш — здзівілася, а потым хуценька працягнула ёй сваю соску.