Выбрать главу

21.IV. Заходзіў да В. Быкава. I яго, як мяне, скалолі ўколамі. Добра, што хоць — казаў — чуецца лепш. У суседняй палаце — В. Я. Крукаў. Інфаркт. Гарачыня, як у лазні. А. Адамовіч расказваў аб нетактычным выступленні А. Савіцкага на навуковай канферэнцыі. Абяцаюць паслаць мяне на далечванне ў Аксакаўшчыну.

Мне здаецца, беззваротна мінулі часы, калі адзін, хай сабе і найгеніяльнейшы, думаў за ўсіх. Зараз стала больш самастойна думаючых людзей.

27.IV. Раніцой выехаў у Аксакаўшчыну. Асцярожна прабіраліся праз туман. Толькі ў другой палове дня праяснілася. Пайшоў на прагулку. За сасняком — нейкая маўклівая вёска і поле, якое, відаць, даўно чакае сваіх сейбітаў. А іх нідзе не відаць.

28.IV. Прыснілася, што я заблудзіўся ў Парыжы: прачнуўся і доўга не мог заснуць. Дамовіўся з А. Бембелем, што заўтра ён на сваёй машыне падвязе у Мінск. А на Нарачы вучні Купской школы зноў пагаспадарылі на нашых дачах: выламалі дзверы, пабілі вокны. Адным словам, учынілі пагром. Да позняй ночы пісаў віншавальныя паштоўкі. Са страхам думаю, як я са сваёй арытміяй змагу прыступіць да работы. Выйшаў на балкон. Цішыня і цемень.

4.V. Прыехала падлячыцца Ф. Я. Алер. Сустрэў тут дырэктара Гродзенскай музычнай школы, з якім калісьці мяне пазнаёміў Р. Р. Шырма. Вось толькі прозвішча не помню. Сусед па стале пераконваў мяне, што мы з ім яшчэ перад вайной сустракаліся ў Рагачове, хоць я ніколі там не быў.

8.V. I так, заўтра вяртаюся дамоў. Напісаў тут з дзясятак вершаў, якіх, каб не хвароба, не напісаў бы. Агулам, я ўсё забываю, што ў мяне ўсё менш застаецца часу на ажыццяўленне сваіх планаў. А галоўнае — пісаць лепш.

Кажуць, мастак Стука, малюючы Матку Боскую, стараўся перад ёю выслужыцца і маляваў яе на каленях, покуль яна не сказала яму: «Ты мяне не малюй на каленях, але малюй добра!»

15.V. Стаіць афрыканская гарачыня. А малодшы Максім захварэў жаўтухай. Баюся, што можа ён зусім збіцца з дарогі. А галоўнае — замкнуўся ў сабе і пагаварыць з ім нельга. Вучыцца — не вучыцца. Недзе цэлымі днямі і начамі прападае са сваёй Наташай.

17.VІІ. Накідаў сваё кароткае выступленне пра Maякоўскага. Наведаў сёння мяне былы падпольшчык і партызан Ф. Я. Луцэвіч. Прывёз вядро парэчак. Што мне з імі рабіць? Вось не было клопату. Пеpаклаў цудоўную казку-быль «Амар і Хумар» Юсупа Xапалаева. Даў згоду на факсімільнае выданне «На этапах». А цяпер шкадую, бо зборнік вельмі слабы. I перавыдаваць яго няма ніякага сэнсу.

23.VІІІ. Нейкая М. I. Лявонава напісала сцэнарый пра мяне. Просіць пазнаёміцца з яе работай. I на якога чорта ўсё гэта мне! Чым далей, усё цяжэй становіцца жыць на гэтым свеце. Люся просіць памагчы прыпісацца ў Мінску. Развялася са сваім мужыком, які п’е і паклёпнічае на яе.

29.ІХ. Нарэшце вярнулася з Нарачы Любаша з Ірай і Кацяй. Сёлета будзе Любашы яшчэ цяжэй, бо Іра ідзе на работу і нам трэба будзе даглядаць унукаў.

Нехта прыслаў мне кнігу У. Навумовіча «Такое бывае аднойчы» і картку: «Як мог такі «шэдэўр» убачыць свет?». А ў анатацыі пра аўтара: «Кандыдат філалагічных навук, працуе дацэнтам кафедры беларускай літаратуры»… Сапраўды, як выдавецтва магло выпусціць такую бяздврную аповесць, напісаную нейкім жаргонам?

Я не асабліва веру даследчыкам, якія любяць пісаць, як зарадзіўся і паўстаў твор пісьменніка. Некаторыя мае вершы маюць безліч варыянтаў.

А на свеце так неспакойна! Гісторыя гаворыць, што амаль перыядычна з’яўляецца і апаноўвае чалавецтва нейкая непераадольная цяга масавага самагубства.

Зноў збіраюся ў Маскву. Мо вазьму з сабой i Maксімку, які ў ёй быў толькі перад самым паступленнем у школу.

18.X. Амаль два тыдні празасядаў на пленуме Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях. У выхадныя дні прагледзеў з дзесятак замежных фільмаў: «Ізгоі», «Гандзі», «Цень рызыкі», «Фрэнсіс», «Смерць у Ватыкане» і славуты японскі фільм «Легенду аб Нараяме». Дома застаў тэлеграму, у якой туркменскія сябры запрашаюць на 250-годдзе Махтумкулі. Відаць, паеду, бо і дома чакае мяне не такое «салодкае жыццё». На мінулым пленуме, на якім я не змог быць, многія апалчыліся супроць маіх верлібраў. У нас даруюць любое пустазвонства, было б яно толькі зарыфмавана, і не заўважаюць, што ў угоду гэтай скорапейкі, нават прызнаныя майстры пісалі розныя несуразнасці, як у В. Брусава: «Дремлет Москва, словно самка спящего страуса… Тянется длинная шея — беззвучная Яуза».

Агулам, трэба мне пакідаць сваю няўдзячную работу ў СП. I гады ўжо не тыя, і здароўе — нікудышняе, і рэшту дзён сваіх прысвяціць аснове асноў — творчасці.

20.Х. Ваўкі задушылі кабана, выпушчанага Федзем на бульбянішча. Дажыліся нашы пількаўскія паляўнічыя. Трэба будзе падкінуць патронаў, а то ваўкі хутка дабяруцца і да саміх гаспадароў.