У старых паперах знайшоў падрадкоўнік аднаго з вершаў Хаіма Семяжыцкага, які, здаецца, у 1939 г. атрымаў прэмію яўрэйскага аддзялення ПЭН-клуба ў Варшаве. Відаць, я збіраўся яго перакладаць. Зараз нат не прыпомню, хто даў гэты падрадкоўнік і чаму я не пераклаў. Мо таму, што ён быў рабінам? Але ж у літаратуры шмат было прадстаўнікоў у сутанах, рызах, ярмолках…
11.ХІ. Усё чалавецтва жыве пад нацэленымі ў яго ракетамі, якія не так лёгка даюцца перакуць на аралы. 3 далёкай Поўначы прыехаў мой зямляк Сцяпан Казлоўскі. Таленавіты самародак. I этнограф, і мастак, і даследчык жыцця эвенкаў…
Чамусьці ніхто з нашых крытыкаў ніколі не звярнуў увагі У. Караткевіча на яго выпендрыванне, напышлівы стыль яго прозы: «Я здатны быў біць нагамі, як жарабок пасля зімовай стайні», «Асабліва сапрапраўдныя арыстакраты саромеліся, што Пілсудскі родам з тых мясцін». (А Радзівілы, Пацы, Тышкевічы, Ваньковічы — з якіх мясцін?) «Аб адхіленні ў псіхіцы кавалера», «Я маю на ўвазе чалавека вытанчанага, а не прыземістую свінню», «Добра вядзе выдуманыя легіёны да дабрыні і дабра», «Чорная сіла. Самушчальнік злы дух Жэневы», «Чалавецтва, якое сядзіць, пускаючы сліну з рота» і г. д. («Чорны замак…»),
13.ХІ. Учора позна вечарам вярнуўся з партканферэнцыі. Аказваецца, Мікалай I, які быў асабістым цэнзарам A. С. Пушкіна, не палічыўся з забаронай цэнзуры і дазволіў паставіць «Рэвізора». А вось нашы кіраўнікі наклалі сваё вета на «Мілага чалавека» К. Крапівы.
Дома — несусветны гармідар. Немагчыма ні пісаць, ні чытаць. Ніхто і не ўяўляе, у якім пекле мы жывём з Любашай.
А зіма ўсё больш убіраецца ў сілу. Маскву — чуваць — замяло снегам. Вялікія цяжкасці перажывае сельская гаспадарка. Моладзь пакідае вёскі. A гарады папаўняюцца гультаямі і дармаедамі, якія прэтэндуюць на лёгкае жыццё. Растуць, як грыбы, розныя ўстановы, канцылярыі, міністэрствы. Разбухаюць да неверагодных памераў.
17.ХІ. Падчас апошняй імперыялістычнай вайны мой дзед Хведар Маркавіч, які да гэтага быў вельмі набожным, страціў быў веру ў Бога, а я зараз перастаю верыць і ў розум чалавека. Перагартаўшы газеты, доўга не магу заснуць. Перад абліччам сусветнай катастрофы мы ўсё працягваем пісаць сентыментальныя сялянкі і розныя рыцыначныя творы.
У «Маладосці» прачытаў забаўныя радкі верша Г. Бураўкіна:
Прыўзніму ўспамінаў грэшных дымку,
Дзе схаваў я ад чужых людзей
Сонейка заспанае — радзімку —
У лагчынцы белай між грудзей.
23.ХІ. Сёння закончыў свой верш «Смех» страфой:
Бічуеш за кожны агрэх,
Ратуеш ад ісцін паблеклых.
О, не пакідай мяне, смех,
Ніколі ні ў раі, ні ў пекле.
24.ХІ. А зіма ўсё больш убіраецца ў сілу. А я сёлета і акон не ацепліў.
Д. Мароз піша, што першыя свае вершы Купала падпісваў псеўданімам Янук Купала. Гэта Эпімах-Шыпіла перахрысціў яго на Янку.
3 Украіны прыйшла сумная вестка аб смерці Міколы Бажана. Трэба некаму з нашага СП пад’ехаць на пахаванне. Гэта быў выдатны паэт і чалавек высокай культуры. Ездзілі мы некалі з ім на 500-годдзе «Джангара» ў Калмыкію. Сустракаліся на фронце. А калі цяжка захварэў Максімка, дапамог Любашы дастаць лякарства і ўратаваць яго. Потым часта бачыліся ў Маскве, у Кіеве. Разам падарожнічалі па Італіі.
А гэта вартая ўвагі эпіграма Боўтэрвека:
Он все, что может, переводит с ходу.
Он несомненный мастер перевода.
Супругу драгоценнейшую тоже
Он перевел к себе с чужого ложа.
8.ХІІ. Мінуў яшчэ адзін дзень, запоўнены непатрэбнай балбатнёй. К. Шэрман, які толькі што вярнуўся з маскоўскай нарады перакладчыкаў, перадаў прывітанне ад Гао Мана. Я ўжо думаў, што ён загінуў падчас культурнай рэвалюцыі ў Кітаі. Ён, аказваецца, быў у маю адсутнасць і ў Мінску. Шкада, што мы з ім размінуліся. Абяцае прыехаць Е. I. Каліна, каб сабраць матэрыялы для беларускай анталогіі на каталонскай мове, аб выданні якой я дамовіўся, калі быў у Іспаніі. Баюся, каб мы не прапусцілі такой магчымасці.
Пагаворка Чынгісхана: «Хто гаворыць праўду, не памрэ ад хваробы». Што праўда, то праўда.
13.ХІІ. Выступаў на семінары маладых пісьменнікаў у Каралішчавічах. Дачытаў В. Шклоўскага, ў якім зусім расчараваўся: «Земля создала ведьм Шекспира, они были пузырями земли», «Хлестаков — это кашель земли, которая задыхается, она не может жить» і г. д.
Сёння надрукавана пастанова ЦК па СП. I ўжо тое, што яна надрукавана побач з пастановай аб расследаванні крымінальнай справы, пакідае прыкрае ўражанне. А тое, што няма твораў аб карэнных праблемах сельскай гаспадаркі, навукі, культуры, мовы, — дык іх я яшчэ не сустрэў ні ў нашых цэнтральных часопісах і газетах, ні ў якіх пастановах.