Званіў Якаў Хелемскі. Казаў, даў адну падборку маіх вершаў у «Огонёк», другую — у «Дружбу народов».
28.І. Выхадны ў нас самы шумны і мітуслівы дзень, бо сыходзяцца дзеці, унукі, сваякі, якіх трэба і забаўляць, і частаваць. Аж да позняга вечара мы з Любашай пеклімся на кухні, як літаўры грымяць талеркі.
29.І. «Дружба народов» дала падборку вершаў Ц. Норвіда. Людзям, выхаваным на паэзіі А. Міцкевіча, Ю. Славацкага, творчасць яго — глыбокая, наватарская, філасофская — можа здацца грувасткай, цяжкой. Таму і ў нас яна не знайшла належнага водкліку.
Кажуць, няма незаменных людзей. Магчыма. Але не ў мастацтве.
2.ІІ. Баюся, каб не падкасілі мяне апошнія камандзіроўкі. Трэба ехаць у Лунінец, Парахонск, Давыд-Гарадок, Столін на цэлы тыдзень.
Скардзіўся мне адзін з польскіх сяброў на дарагавізну, нястачу: «Калі мы мелі 50 кіламетраў узбярэжжа, селядцы былі ў кожнай краме, а зараз — мора больш, і яны расплыліся».
У нашай паэзіі паэтэсы смялей пераступаюць граніцы сацрэалістычнага пурытанізму, як паэты. Відаць, ім надакучылі залёты скапцоў.
«Жыце Варшавы» паведамляе аб адкрыцці Бюро польскай геральдыкі, дзе за 400-600 злотых даюцца спраўкі аб шляхецтве. Відаць, і да нас дакоціцца гэта мода.
Як асвянкі, часта ў галаве гудуць дакучлівыя рыфмы, ад якіх і ратунку няма.
10.ІІ. Усю раніцу перадаюць жалобную музыку. Усе ў нейкім трывожнымі настроі. У СП даведаўся аб смерці Ю. У. Андропава. Не стала аднаго з выдатных кіраўнікоў, які на сваім высокім пасту пачаў наводзіць лад у краіне і заваяваў заслужаны аўтарытэт у народзе.
Праслухаў інфармацыю аб нечарговым Пленуме ЦК КПСС, на якім першым сакратаром ЦК КПСС быў выбраны К. У. Чарненка. Не ведаю, як палітычным кіраўнікам, але нам, пісьменнікам, большая карысць ад непрыяцеляў, у якіх заўсёды можна нечаму навучыцца.
Паслаў былому падпольшчыку I. А. Круку ўколы АТФ і румалона, якія праз Міністэрства аховы здароўя ўдалося для яго дастаць.
25.ІІ. Позна ноччу вярнуўся з Пінска. Прывёз поўныя кішэні наказаў ад выбаршчыкаў. Трэба будзе разабрацца ва ўсіх гэтых шматлікіх запісах.
Не стала М. Шолахава. Апошнія гады, відаць, ён перажываў нейкі творчы крызіс, бо амаль нічога не пісаў і не друкаваў.
Дома зусім расхварэўся. Кашаль. Тэмпература. Прачытаў цікавыя ўспаміны Ц. Хлябоўскага пра дзейнасць дыверсантаў АК «Вахляж» «На рубяжах даўняй Рэчы Паспалітай». У кнізе шмат змешчана розных дакументаў, загадаў, фатаграфій.
4.ІІІ. Хадзілі з Любашай галасаваць. Ледзь дайшла, так баляць ёй ногі. Ю. Хапалаеў прыслаў вялікую падборку маіх вершаў, перакладзеных ім на лакскую мову і надрукаваных у часопісе «Дустыву». Калі ўлічыць, што на лакскай мове гаворыць крыху больш за 50 тысяч чалавек, дык нельга не здзівіцца, што тыраж часопіса — 2350 экз. Вось як людзі ўмеюць даражыць сваёй роднай мовай! А мы, пры дзесяцімільённым насельніцтве рэспублікі, топчамся на месцы са сваімі мізэрнымі тыражамі беларускіх газет і часопісаў.
5.ІІІ. Вельмі дрэнныя справы са здароўем У. Караткевіча. Нікога да яго не пускаюць. Каранцін. А ў горадзе — грып.
Ездзілі з Н. Гілевічам да Кандрата Крапівы. Павіншавалі яго з днём нараджэння. Пастарэў юбіляр, але ў свае 88 год захаваў ясны розум і аптымізм. І зараз працуе над слоунікам і над новымі байкамі.
10.ІІІ. Званілі з Пінска, што прыедуць мне ўручыць пасведчанне аб выбранні дэпутатам ВС СССР.
11.ІІІ. Паехаў на Сіўцаў Вражак за лякарствамі, а мяне адтуль на насілках у рэанімацыю. Горача. Шумна. Неяк дазванілася Любаша. Гаварыла з сястрой. Мяне да тэлефона не пусцілі. За акном — увесь у агнях фрагмент праспекта Калініна. Шкада, што не ўзяў з сабой чытаць нейкіх часопісаў, газет.
12.ІІІ. Не спалася. Датчыкі паказваюць поўную арытмію. Дактары суцяшаюць, што ўсё наладзіцца. Кансультавала сёння праф. Лідзія Іванаўна Ягорава, з якой калісьці мяне пазнаёміў у Барвісе наш В. I. Казлоў. Ад В. М. Шчадрыной даведаўся, што заўтра прыязджае група нашых пісьменнікаў на юбілейны вечар А. Куляшова. Вось так мне і не ўдалося прыняць удзел у гэтым вечары.
Нейкія сняцца цяжкія сны. Хаця б чаго не здарылася дома.
Чытаю дзіўныя радкі Г. Абашыдзе:
Закроют силой — ты глаза раскрой:
Нам видеть мир дано лишь раз, не боле —
Деревья, женщину, закат, прибой.
Закроют силой — ты глаза раскрой.
Исполни долг пред миром, и до боли,