До слез гляди. Пусть надавят рукой,
Закроют силой — ты глаза раскрой.
Нам видеть мир дано лишь раз, не боле.
15.IV. Усё яшчэ ляжу на Граноўскага. Толькі перавялі ў 30-ю палату. В. Шчадрына расказала, як пасля прысуджэння Ленінскай прэміі М. Карым, Р. Гамзатаў банкетавалі ў бальнічным парку, пакуль іх не развялі ўрачы. Не дзіва, што на сесіі ВС (бачыў па тэлевізары) Расул глядзеў, як турэцкі святы, і не мог прыйсці на вечар А. Куляшова.
А. Стэрн — адзін з вядучых польскіх футурыстаў, аказваецца, вучыўся ў Вільні, быў перакладчыкам і выдаўцом У. Маякоўскага. Чытаю «Сілуэты» А. Луначарскага, якія прасвятляюць пачатак савецкай эпохі, зараджэнне яе мастацтва, літаратуры. Некаторыя квяцістасці яго стылю сёння здаюцца ўстарэлымі, як і ацэнкі многіх твораў.
Неспадзявана наведаў мяне ў палаце мой зямляк і славуты хірург Мікалай Нікадзімавіч Маліноўскі, з якім калісьці пазнаёміў мяне П. Броўка. Успомніў ён, як я ў 1939 г. выступаў на мітынгу ў Вілейцы, у будынку пажарнай каманды. Аднойчы ў гэтым будынку я цэлы дзень прасядзеў, схаваўшыся за дэкарацыямі, бо не было грошай на білет, каб паглядзець на ігру прыехаўшай на гастролі вандроўнай украінскай трупы. I хоць больш паўстагоддзя мінула з таго часу, я помню, з якім захапленнем глядзеў на чароўную «Наталку-Палтаўку».
У шыбы барабаніць дождж. Чытаю В. Петрасяна «Армянские эскизы», напісаныя ў нейкім біблейным стылі, у экстазе, з любоўю і болем у сэрцы.
А на свеце ўсё больш неспакойна. Калісьці Лютэр на пытанне, што ён рабіў бы, калі б заўтра наступіў канец свету, адказаў: «Садзіў бы яблыні». Значыць, ён верыў, што яны некаму прыдадуцца. Запісваю сваё штодзённае меню: гемітон, нітракарбіт, індэрал, аглупект, цэрыкетон, ноатрапіл, фосфалугель (замяняе ротар) і на сон — эндаксін.
22.IV. Нешта паскупіўся сёлета Камітэт на прэміі. А вось я зусім не спадзяваўся, што ўкраінскі комплекс героям грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў атрымае прэмію. Ён і ў горад не ўпісаўся, і шмат залішняй пампезнасці, і сама фігура Маці-Радзімы — стандартная і грубая.
27.IV. Чытаю Марціна Гяска і нічога не разумею. Накідаў верш «Складанне стагоў». Нешта не магу сазваніцца з домам.
Гляджу на нашы непаладкі ў эканоміцы і ў палітыцы і думаю: мы валодаем неверагоднымі здольначцямі ўсё даводзіць да нуды, шэрасці, абсурду і асабліва — у вырашэнні нацыянальнага пытання — пытання самага ўзрыванебяспечнага. Сыходзячы толькі з ранейшых уяўленняў і меркаванняў, проста немагчыма прадбачыць развіццё падзей. Жыццё становіцца ўсё больш нестабільным. Няма пэўнасці, што заўтра не будзем ганіць тое, што сёння хвалім і — наадварот.
28.IV. Прыязджаў у Мінск В. Жукроўскі. Вельмі шкадую, што мы з ім размінуліся. Пару гадзін кружыў па бальнічным дворыку. Прыгадаў мудраца Току, які гаварыў: «Старый режим — семь жен держим, новый режим — от одной бежим».
Вечарам зноў падняўся ціск. Відаць, позна ўзяўся за рамонт свайго здароўя. I мо не варта было браць «па Бэкварку лютню«…
30.IV. Званіў Якаў. Заўтра «Правда» дае два мае вершы. У пісьме з Коўна (1820) А. Міцкевіч пісаў: «Кінуўся на ложак і ляжу пару гадзін нічога не думаючы, толькі “злуёнц сен"». Я. Слаеўскі апошнія два словы называе архаізмамі і правінцыялізмамі з Адамавай правінцыі. А гэта чыстыя беларусізмы, якіх у Міцкевіча шмат.
А ціск, не зважаючы на ўсе таблеткі, трымаецца: 180-120. Не дзіва, што напала на мяне тувімаўская хандра-ўныньская. Прынеслі жменю таблетак: этмузін, стугерон, гемітон…
9.V. Званіў Саша. Парадаваў, што на Мядзельшчыне прайшлі добрыя дажджы. Прачытаў «Полымя». Цікавая падборка вершаў Я. Сіпакова, на якія варта звярнуць большую ўвагу.
10.V. «Чалавек не толькі самотны ў смерці, але яшчэ больш адзінокі ў сваіх пакутах» (Я. Івашкевіч).
На прагулцы сустрэў намесніка міністра цяжкога будаўніцтва Я. Мацвеева, з якім калісьці пазнаёміўся ў Карлавых Варах. I ў яго — арытмія. Шмат цікавага расказваў пра Польшчу, куды ездзіў вывучаць яе прамысловасць.
Як даўно не быў дома! Адна Любаша ваюе там з унукамі.
17.V. Быў на прагулцы. Бачыў К. У. Чарненку, які прыязджаў на нейкія працэдуры. Неяк няўпэўнена у адказ на прывітанне хворых, памахаў рукой. Ён, здаецца, кожны дзень сюды прыязджае.
У «Неделе» надрукаваны выдатны верш татарскага паэта Р. Файзуліна:
Я родился в день бомб,
В месяц пуль и огня,
В год, когда не рождали пустые поля
И нуждалась в гробах — не в пеленках земля.
Я учился
Добру у заплаканных вдов.
У голодных — последнюю корку делить,
У незрячих — глядеть,
У безногих — ходить…