Выбрать главу

Трэба спрабаваць гэты верш перакласці. Двойчы сёння ішоў дождж. Званілі з дому. Увесь курс Максімкі прызываюць у армію. Думаю, што гэту школу трэба прайсці, бо зусім з ім парваліся нашы сувязі, нікога не слухае. Каб толькі не накуралесіў у арміі, бо пасля жаўтухі нервы ў яго зусім разладжаны. Заходзіў акадэмік прафесар К. К. Кузняцоў, раіў мне кожную вясну быць на курортным лячэнні, а восенню — на стацыянарным. А ў будучым давядзецца згадзіцца на прышчапленне стымулятара сэрца, хоць гэта і не вельмі прыемная рэч. Быў i В. В. Арцыбашаў. I так — заўтра еду на рэабілітацыю ў санаторый Герцэна. Так сёлета і не пабачу, як цвітуць сады на Нарачы.

23.V. У Герцэна прыехаў пад раскацістыя салюты грому. Спыніўся ў палаце на пятым паверсе. Пазнаёміўся са сваім доктарам Паўлам Рыгоравічам Герасіменкам, ад якога даведаўся, што тут і Расул Гамзатаў. Палата мая — на ўзроўні верхавін векавых сосен, за якімі пераліваецца ў сонцы Масква-рака.

25.V. Заходзіў Расул. Пагаварылі мы з ім пра нашы пісьменнідкія непаладкі, маскоўскія страсці-мардасці. Неспадзявана прыехала A. В. Малаева. Хоча, каб я напісаў зварот да школьнай моладзі і г. д. Трэба ж было і ў гэтым лесе мяне знайсці!

Сёння ўпершыню ў гэтым годзе пачуў зязюлю. А гэта радкі з В. Варашыльскага ў маім нязграбным перакладзе:

Перапалоханы, усяго баіцца:

Вайны і партыі, кары божай,

Сумненнямі раздзерты быццам.

Баіцца блізкіх сваіх, праходжых.

Як далёка адышоў паэт ад сваіх ранейшых поглядаў, палітычных перакананняў!

Праслухаў апошнія паведамленні. Нічога абнадзейваючага. Зайшоў Расул. Пазычыў дзесяць рублёў на піва. Відаць, жонка ўзяла яго фінансы пад строгі кантроль, каб не пачаў ён і тут, як у Маскве, банкетаваць. Як там дома?

5.VІ. Гарачыня. Сёння трэба будзе скласці ўсе мае манаткі, хоць і заўтра яшчэ будзе час, бо цягнік мой на Мінск адыходзіць познім вечарам. А каб цэлы дзень не блукаць па Маскве, спрабую спыніцца ў нейкай гасцініцы.

15.VI. Усе нашы спробы стварэння станоўчага героя, што нам не ўдаецца, у нечым нагадваюць стварэнне анёлаў, якія потым узбунтаваліся супроць Богa. Кажуць, нясмеласць — спадарожнік таленту, але ж талент, калі ён сапраўдны, не можа абысціся без смеласці.

18.VІ. Чуваць, А. Вялюгін пакінуў «Полымя». Шкада. Ён быў адным са старэйшых супрацоўнікаў часопіса і выдатным рэдактарам аддзела паэзіі. 3 Нілам Сямёнавічам былі ў I. I. Антановіча, расказалі яму пра нашы справы. Крытычна ён выказаўся пра аповесць І. Шамякіна, прысвечаную памяці А. Макаёнка, і пра апошнія творы I. Пташнікава.

Чытаю нашы рэцэнзіі. Уражанне такое, што быццам нейкі параліч скаваў нас. А дакучныя дэкларатыўнасць і маралізатарства не маюць нічога супольнага з сапраўднай літаратурай.

Т. Канвіцкі ў «Лe Монд» піша аб экалагічнай акупацыі Польшчы… Усё, што мне абяцалі, гэта яшчэ дзесяткі год няволі, калі Захад без выстрала адступіць перад Расіяй… Улада пачала асіміляцыю…

Ёсць больш дзвюх тысяч дэфініцый паэзіі, да якіх і я яшчэ дадаў некалькі. I ўсё роўна ніхто не ведае, чым яна з’яўляецца.

Прачытаў заблытаную рэцэнзію В. Кубілюса на зборнік вершаў Л. Гутаўскаса. У канцы аўтар сам прызнаўся, што цяжка становіцца акрэсліць, дзе добрыя вершы, а дзе слабыя, бо ў сучаснай літаратуры знікаюць ясныя «паэтычныя крытэрыі».

Анекдот пра Эрэнбурга. Калі той у 1946 г. прыехаў у Нью-Йорк і сустрэў знаёмага, які яго не прывітаў, спытаўся: «Ці вы мяне не пазналі?» Пачуў у адказ: «Вы Ілья Эрэнбург, былы пісьменнік».

5.VІІІ. Усе раз’ехаліся. На Нарачы засталіся толькі мы з Любашай і Іра з Кацюшай. Сяргей — у «Зубронку».

Колькі калісьці папулярных выказванняў згубілі сваю ранейшую вартасць і сталі парадыйнымі, як, напрыклад: «Чалавек — гучыць горда», «Пісьменнікі — інжынеры чалавечых душ», «Савецкая ўлада нам усё дала, толькі адабрала права пісаць дрэнна», «Маладым усюды ў нас дарога…». I сотні, тысячы іншых.

6.VIII. Першы дзень афіцыйнага майго водпуску. Запоем чытаю ўсё, хоць Дзюрэнмат чытаў толькі творы старых майстроў, бо пры масавай прадукцыі літаратуры нат на лепшыя не хапае часу. I, відаць, ёя меў рацыю.

Вось і сёння прачытаў у «Правде» вельмі слабыя вершы С. Міхалкова. Як іх і надрукавалі? Ну, улічваючы прабіўную сілу аўтара, маглі надрукаваць. А вось чытачоў падобнай дэвальвіраванай паэзіі не так будзе лёгка знайсці.

Мы знаем «вялікія літаратуры». Але мала што знаем аб літаратурах «перыферыйных». На што слушна звяртала ўвагу Вера Рыч у сваёй прадмове да беларускай анталогіі на англійскай мове, якая выйшла пад яе рэдакцыяй і патранатам ЮНЕСКА.

8.VІІІ. Калі культура пазнаецца па адносінах да працы (Бальзак), дык мы ўсё больш і больш становімся дзікунамі. Зараз пайшла мода на маладых.