18.ІІІ. Учора Гніламёдаў, Аўрамчык, Макаль, Дайліда і я ездзілі ў Радашковічы. На керамічным заводзе быў літаратурны вечар, які зацягнуўся да позняй ночы. Званілі з замежнай камісіі СП СССР. Намячаецца паездка ў ГДР.
24.ІІІ. У пяць гадзін раніцы памёр Пятрусь Броўка. Цяжкі настрой ва ўсіх. Пазванілі ў Маскву, Кіеў, Вільнюс, Рыгу… Пішу развітальнае слова.
27.ІІІ. Сёння былі ў нас Хелемскія. Потым прыйшоў І. Шамякін. Вечарам праводзілі нашых маскоўскіх гасцей. Чытаю А. Вергеліса. У мінулую ноч прыснілася, што мяне прыгналі на дапрос да пракурора Пятроўскага. Амаль пяцьдзесят год, калі гэты аднавокі цыклоп мяне дапрашваў. I раптам зноў з ім сустрэўся ў сне.
3.IV. Праслухаў — перадавалі па тэлебачанні — цудоўныя нашы народныя песні, праспяваныя маімі вузлянскімі суседзямі, песні вясельныя, жніўныя. Слухаючы іх, душой пераношуся на сваю Мядзельшчыну, у далёкае сваё юнацтва. Гэтыя песні яшчэ раз напомнілі мне, што трэба часцей вяртацца да сваіх першакрыніц. А то я часта далёка шукаю свайго шчасця, а не там, дзе нараджаюцца гэтыя песні, ці больш дакладна, нараджаліся. Бо зараз толькі часамі і чуеш іх са сцэны нейкага калгаснага клуба.
Трэба пазваніць Г. Цітовічу і падзякаваць яму за шчодры падарунак.
Д. Легкадух прыслаў газету «Родзянске слово», у якой надрукаваны пра мяне яго артыкул.
Атрымаў ад В. Жыдліцкага зборнік сваіх вершаў на чэшскай мове з яго пасляслоўем. Зборнік называецца «Карэспандэнцыя з зямлёй». Пераклаў Яраслаў Кабічак. Прыехаў з Прагі рэдактар Каміль Рыбак. Крыху пасядзелі з ім у кафэ. Бяда толькі, што У. Караткевіч, які толькі што выпісаўся з бальніцы, пасля пары чарак каньяку ахмялеў. А піць яму нельга. Пачаў нешта плясці пра развод з жонкай, пра тое, што хоча размяняць сваю кватэру, і г. д.
Ідзе мокры снег. У Бейруце было забіта некалькі тысяч буслоў, якія чамусьці апусціліся на горад. Відаць, хутка знікнуць не толькі буслы, але і ўсе іншыя птушкі і звяры ад нашай плюс хімізацыі, механізацыі, цывілізацыі. Як марудна сёлета наступае вясна!
5.IV. Успомнілі, грэхаводнікі, што заўтра Вялікдзень. Купіў два тарты: адзін — нам, другі Іры. Нарыхтаваў шалупіння цыбулі для фарбавання яек. А што яшчэ? Хай думае гаспадыня. Здаецца, і сёлета, як у 1932 г., велікодныя святы ў католікаў, праваслаўных і яўрэяў супалі ў адзін дзень.
Помню, сядзеў я тады на Лукішках. На прагулку выйшлі, бо да таго быў гэта яшчэ і Першамай, з чырвонымі бантамі. Дазорцы зрывалі іх, крычалі, пагражалі карцэрамі, зноў заганялі нас у камеры. Сядзеў я тады з групай літоўскіх гімназістаў. На трэцім паверсе ў вуглавой камеры сядзеў Б. Тарашкевіч, якога прывезлі з Тчэва. Я яшчэ тады не знаў, што ў яго блакноце была знойдзена кароткая мая характарыстыка: «Скурко, хлопец актыўны (дзельны), вазіў адозвы…». 3 гэтай характарыстыкі пачынаўся і мой акт абвінавачання.
Звоў трэба ехаць у Маскву.
Усё збіраюся напісаць пра вуліцы Сант’яга, якім былі прысвоены назвы вершаў П. Неруды: «Ода цыбулі». «Ода знішчаных рэчаў». Зараз, напэўна, Піначэт іх перайменаваў.
Ператрасаючы свае кішэні, знайшоў цэлы жмут запісак з розных літаратурных сустрэч. «Як вы пішаце?», «Як вы адэньваеце свае творы?», «Які ваш погляд на традыцыю?..»
Прыгадаў верш бразільскага паэта Роза Паўло Марэйра:
Мінуўшчына — зямля мёртвая,
Калі ёй даверу насенне,
Ніколі не ўбачу зялёнага дрэва.
22.IV. Вярнуўся з ГДР разбіты, хворы. Пара спыніць мае далёкія паездкі. У берлінскім клубе Ё. Бехера пазнаёміўся з Г. Кантам, Г. Гольц-Баўмартам, I. Навотным, М. Шульцам, Г. Конігерам, I. Моргнерам, В. Ноубартам, В. Навойскім, Р. Штралем, Э. Шайбнерам і іншымі…
А дома сапраўдны кірмаш. Любаша зусім выбілася з сіл, пакуль усіх гасцей пачаставала. Вельмі дрэнна адчувае сябе.
I. Шамякін пакідае работу ў СП, ідзе на месца П. Броўкі ў Энцыклапедыю. У ЦК вырашылі нікога не назначаць на яго месца, пакуль у СП не ападзе ажыятаж каля гэтай пасады. Пазычыў у Б. Сачанкі аднатомнік Н. Арсенневай, каб пазнаёміцца з яе пазнейшымі вершамі.
Узяўся за пераклад Ю. Марцінкявічуса.
Як даўно я не пісаў сваіх вершаў!
13.V. Захварэла Любаша. Перад гэтым, у маю адсутнасць, упала і моцна пабілася. Я толькі сёння аб гэтым даведаўся. Намечана сустрэча з заходненямецкімі журналістамі. Пахаладала. Дождж. Цікавая статыстыка: зараз на адным з японскіх заводаў 67 чалавек рабочых выпускаюць за змену паўтары тысячы аўтамашын, што здзівіла нат міністра прамысловасці ЗША: «Як з імі канкураваць!»
18.V. А з Любашай — бяда. Тромбафлебіт не адразу распазналі дактары. Абяцаў абследаваць яе Пётр Маркавіч. Увайшлі мы з Любашай у паласу хвароб, з якіх не ведаю, ці ўдасца і выбрацца. Вару абед. Чышчу бульбу. Перакладаю Марцінкявічуса.