Выбрать главу

I слова «малады» гучыць больш атракцыйна, як нейкі «класік». Клапаціцца аб маладой змене трэба, але не так парадна, змушаючы ўсіх быць яе нянькамі. Ды трэба прызнацца, што ўсе мы становімся нудным тэлевізійным пакаленнем.

Выкапаў у сваім хаатычным кнігазборы М. Ваньковіча, якога хтось дасціпна назваў «найбольшым польскім паўстанцам», бо ён браў удзел у паўстанні цукровага манаполю, у паўстанні фірмы «Рой» і паштовай рэкламы.

Тэма верша ці паэмы пра забойства Зямлі новабудоўлямі, прамысловымі аб’ектамі, стадыёнамі, стартавымі палосамі, аўтастрадамі, асфальтам, бетонам, хіміяй, смеццем, АЭС… А ў нашым заканадаўстве няма нат ніводнага артыкула, у якім гаварылася пра забойцаў Зямлі.

Французская статыстыка гаворыць, што ў 1975 г. у парыжскія выдавецтвы паступіла 9367 рукапісаў. 3 іх — 4822 зборнікі вершаў. Адно з іх выдала 21 томік, другое 150 тыражом 400-500 экз. У асноўным гэта паэзія герметычная, якая пачынае нудзіць чытачоў, і кніжныя магазіны адмаўляюцца прадаваць гэту паэзію. А часопісы друкаваць.

11.VIII. У Купе сустрэў С. Грахоўскага з жонкай, якія тут адпачываюць. Купіў пачку газет. 3 «Трыбуны Люду» даведаўся аб смерці паэта і перакладчыка Е. Загурскага, былога «жагарыста», з якім пазнаёміўся ў Вільні, а пасля вайны не раз сустракаўся ў Варшаве.

Вельмі дрэнна адчувае сябе Любаша: узмацніліся болі ў нагах, паднялася тэмпература.

13.VIII. Адвёз Любашу ў лечкамісію. Болі не сціхаюць. Аналізы, рэнтген, абследаванне. Ляжаць у бальніцы Максімка, Лена. Ну і лета! Заехаў у СП. Трэба званіць В. А. Пячэннікаву. Мо ён дапаможа вырашыць кватэрныя справы Г. Шупенькі, В. Карамазава, бо гарсавет нешта марудзіць. Званіла Іра. Прывыклі нашы дамашнія, каб усімі апекавалася Любаша, якая сама выбіваецца з сіл і патрабуе апекі. Аказваецца, што ў яе быў прыступ апендыкса, а да гэтага — і нервовае вычарпанне і болі суставаў. I ёй трэба было б кожны год грунтоўна падлечвацца ў стацыянары і ў санаторыі, а то з рана да ночы стаіць на кухні, усім дагаджае. Тут не толькі захварэеш, але можна і звар’яцець.

14.VIІІ. В. Быкаў быў у М. М. Слюнькова. Гаварылі пра нашы пісьменніцкія справы. Мікалай Мікітавіч выказаў шмат засцярог у адрас Н. Гілевіча, што ён не апраўдаў сябе на рабоце, шмат выдаецца. Не ведаю, хто яго так інфармуе. Адкуль усё гэта бярэцца. Мне здаецца, у аддзеле культуры ЦК ёсць людзі, зацікаўленыя ў розных інтрыгах у нашым пісьменніцкім асяроддзі, бо без іх не было б чаго рабіць. А трэба ж кіраваць!

16.VІІІ. Прачытаў Е. Герасімовіча. Відаць, я бязбожна адстаў, бо ўсё менш разумею сучасную паэзію. Адно знаю: нельга далей пісаць так, як я пішу, але нельга пісаць і так, што губляецца ўсякая сувязь з чытачом.

Пажшлі дажджы. I сёлета, відаць, змарнуецца шмат хлеба, сена, саломы… I гэта незалежна ад надвор’я. Бо нат у самы найлепшы для ўборкі год наракаем і пішам аб неспрыяльных пагодных умовах.

17.VІІІ. Нешта раскрычаліся чайкі. Уздоўж берага плывуць чародкі дзікіх качак, якія тут зусім асвоіліся і не баяцца людзей.

Зайздрошчу тым, каму не трэба адказваць на тэлефонныя званкі, марнаваць час на перапіску, на выступленні, на розныя сустрэчы. Але каму я магу, як Дыяген, сказаць: «Не засланяй сонца!»

Ноч. На вуліцы, чуваць, спявае моладзь, ды недзе высока ў небе гудуць самалёты.

18.VІІІ. Сумныя звесткі ад Любашы. Хвароба не адступае. Адным словам, не ўбераглі мы яе. 3 гадамі ўсё больш прыбывала клапот, якія клаліся на яе плечы.

Купіў сёння ў знаёмага старога пчаляра пару банак мёду. Юра прывёз пошту. Я, відаць, у нашай сям’і апошні з магікан, які чытае і збірае кнігі, бо новае тэлевізійнае пакаленне рэдка калі іх бярэ ў рукі.

21.VIIІ. Сёлета скупое лета на ягады і грыбы. Ва ўсім нашым садзе толькі пара антонавак красуецца на яблыні, калісьці падоранай былым матросам з «Аўроры» Сіланам Гусевым.

Была з Сырмяжа сястра Ф. Каравацкага. Расказвала, што брат яе Франц выехаў з жонкай у Галандыю. Запрашае яе ў госці, але яна — старая, відаць, паехаць не зможа.

23.VIII. Не хапае фантазіі нашым кіраўнікам, бо: і дом адпачынку — «Нарач», і санаторый — «Нарач», і вёска Купа — «Нарач», і Кабыльнік — «Нарач», і турбаза — «Нарач», і сыр — «Нарач», і нават хлеб «Нарачанскі».

Званіў у Мінск. Любаша крыху чуецца лепш.

У «ЛіМе» здымак: «А. Астрэйка i М. Танк. 1942 г.».

А на здымку не А. Астрэйка, а мастак Вальк, які працаваў разам з намі ў агітплакаце. Прачытаў цікавы непальскі цыкл вершаў П. Панчанкі. Становіцца ўсё цяжэй пісаць на замежныя тэмы з традыцыйных, усенівеліруючых, класавых і сацрэалістычных пазіцый.

Прынесла бабка Каравацкая крыху чарнічак. Бедавала, што дачка — п’яніца, не хоча нічога рабіць. Разгультаіўся народ. Падчас уборкі мабілізуем настаўнікаў, школьнікаў, медработнікаў, а на адной Нарачы можна было б сабраць цэлы полк лабатрасаў, якія толькі ганяюць мяч. Вось дзе рэзервы рабочай сілы! I агулам, як так атрымліваецца, што ў самую ўборку ў нас усе едуць у адпачынак? Усе віды транспарту не паспяваюць развозіць турыстаў па чарнаморскіх, каўказскіх, балтыйскіх курортах і лагерах.