26.VІІІ. Нехта вельмі музыкальны працуе ў нарачанскім кінатэатры, бо цэлымі днямі з гучнагаварыцеля грыміць хрыплы голас Высоцкага ці марцовай коткі — Алы Пугачовай.
У паэзіі нашай адчуваецца нейкая аднастайнасць, быццам большую частку вершаў пісаў адзін і той жа паэт, толькі пад рознымі прозвішчамі.
Мы часта пацяшаем сябе: народ, які даў такіх мастакоў слова, як X, У, 3, можа смела глядзець у будучыню. Усё гэта са слоўніка кветак красамоўства. Слушна пісаў Э. Рэнан, што існаванне народа з’яўляецца штодзённым плебісцытам.
Сяджу пад хатай на лаўцы, на якой не так даўно сядзелі з Міхасём Лыньковым, Аркадзем Куляшовым, за якімі і мне пара збірацца ў дарогу дальнюю. Вось толькі затрымліваюць мяне яшчэ ненапісаныя вершы, і мне яшчэ ўдаецца на нейкі час адтэрмінаваць сваю зямную камандзіроўку.
Званіў у Мінск. Любаша адчувае сябе лепш. Але як лепш, калі збіраюцца аперыраваць.
Званіла А. Бажанава. Пыталася, як справы ў Любашы і, можа, каб хто з дактароў прыехаў да мяне. Падзякаваў ёй за клопаты. Мо дацягну як да канца свайго водпуску, хоць арытмія мая зноў узмацнілася.
29.VІІІ. Купіў для Сярожкі білет на самалёт. Напісаў пад шум непагоды верш «Дождж Стафа». Хаця б заўтра было лепшае надвор’е.
А Любашу чамусьці яшчэ на некалькі дзён затрымалі ў лечкамісіі для абследавання. Уяўляю, як яна ca сваім руплівым характарам непакоіцца і рвецца дамоў.
У адной з польскіх газет прачытаў, што ў арміі Андэрса была выдадзена карта Польшчы з выхадам на Чорнае мора. Да польскіх тэрыторый залічаліся: Крым, Данбас, Букавіна, Бесарабія, Смаленск, Эстонія… На Тэгеранскай канферэнцыі Сталін паказаў Рузвельту і Чэрчылю гэту вар’яцкую карту.
Нешта падобнае было выдадзена і Я. Станкевічам — «спадаром» — у 1939 г.
Гартаю зачытаныя і пажаўцелыя старонкі зборніка Г. Гофмансталя, з пячаткай бібліятэкі віленскага універсітэта С. Баторага. Шкада, што многа кніг з маёй пількаўскай бібліятэкі загінула ў гады вайны. А было там нямала такіх, якіх цяпер і са свечкай не знойдзеш. Асабліва шкада гадавікоў старых газет ічасопісаў.
Калісьці мы любілі пісаць аб будучыні, якую зараз засланіў прывід атамнай катастрофы.
Трэба будзе даведацца, хто з’яўляецца аўтарам папулярнай у Заходняй Беларусі песні «Пад гоман вясёлы, пад звон чары поўнай…».
З1.VІІІ. Толькі што з дому пазваніла Любаша. Хацелі аперыраваць, але пераканала ўрачоў, што чуецца лепш, сазванілася з Сашам і ўцякла. Хаця б паўторны прыступ хваробы не падкасіў яе зноў. А тут — званкі, званкі. Трэба ехаць у Маскву на пленум СП. Атрымаў сігнальны экзэмпляр свайго новага зборніка «За маім сталом». Чамусьці далі заніжаны тыраж, і аформлены сяк-так. Ну, ды ліха яго! Мо напішу яшчэ новы.
ІЗ.ІХ. Сустракалі дэлегацыю балгарскіх пісьменнікаў. Ездзілі з імі ў Хатынь. Заўтра — у купалаўскую Вязынку.
Усё было б нічога, каб не хваробы. А то з апошніх сіл цягнем з Любашай лямку незлічоных клапот і спраў. Адна паэзія мяне яшчэ падтрымлівае і маладзіць.
27.ІХ. Прыехаў М. Джарковіч, які прывёз перакладзены ім зборнік маіх вершаў. На пленуме у Маскве пазнаёміўся з Г. Аўдэрскай і з Я. Рашко. Заходзіў С. Малько, які гэтымі днямі вяртаецца ў Варшаву. Заўтра дзень нараджэння Любашы. Званкі: з «Полымя», каб выступіў па тэлебачанні, з Масквы каб выступіў на юбілеі ЦДЛ, а тут — пленум Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях, выбары новых акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў. Кожны агітуе за свайго кандыдата. Паступаюць розныя ананімкі. Сышлася ўся наша раць. Шум, гам. Як у вар’яцкім доме. Вось тут і пішы!
Калісьці я мог дома адпачыць, а зараз, каб адпачыць, трэба некуды ўцякаць. Сярод дэпутацкай пошты некалькі даўжэзных пісем шызафрэнікаў, з якіх нічога нельга зразумець.
9.Х. Чытаю рэцэнзіі і дзіўлюся неаб’ектыўнасці іх аўтараў у ацэнках многіх твораў літаратуры. Але гэта, відаць, заўсёды было і будзе. Нават Леў Талстой, разграміўшы Шэкспіра, аж пад нябёсы ўзносіу Цютчава, без якога, пісаў, «нельга жыць».
2.XI. Памёр П. Сергіевіч. Аж сцюдзёна стала на сэрцы ад гэтай звесткі.
4.ХІ. Бяда не ходзіць адна: памёр У. Е. Лабанок. Які цяжкі год! Дрэнныя справы і ў нас з Любашай. Калі ніхто не перашкодзіць, спрабуем зноў з’ездзіць на кансультацыю ў Маскву. Сёння белым шэранем пабяліў мароз дрэвы, зямлю. Пачутае на вуліцы: «Чужое лепш бачна нат за лесам, як сваё — пад носам».