У СП перасварыліся ўсе. Відаць, бурны будзе партсход. Многія ў нас не літаратурай займаюцца, а сваркамі, інтрыганствам. I ў мяне такі паганы настрой, што ўсё з рук валіцца. Прачытаў некалькі апавяданняў нудных, як тэлефонны справачнік. Усё цяжэй становіцца быць пісьменнікам. Толькі позна ўжо мне сваё пяро мяняць на нейкі іншы інструмент.
16 XI. Быў на праглядзе фільмаў. Яшчэ раз пераканаўся, што пасля Эйзенштэйна, Пудоўкіна, Даўжэнкі, Данскога наша кіно перастала быць «важнейшым з мастацтваў».
У сувязі з 50-годдзем СП СССР узнагароджана вялікая група пісьменнікаў.
Нейкі дзівак піша, каб я яго сон узяў за сюжэт для сваёй паэмы. А сон яго яўна ім прыдуманы з запазычаных апавяданняў пра паноў і мужыкоў, пра няшчаснае каханне і г. д.
А дома ўсё больш ускладняюцца сямейныя справы паміж нашымі маладымі. I ўсё гэта ўзвальваецца на нашы плечы — на плечы старых і хворых.
Памерла Kipa Бранд. Цікава, ці засталіся ў яе якія рукапісы В. Таўлая.
Успомніў матчыну загадку: «Маці — таўстуха, дачка — краснуха, а бацька — перабор, пайшоў смуродзіць на двор». (Печ, агонь, дым.)
23.ХІ. Зноў хаджу па дактарах і аптэках. Завея. Вечарам заходзілі А. Кудравец i В. Карамазаў з рознымі «казённымі» паперамі, якія трэба было падпісаць. Ян Гушча піша, што лодзінскае выдавецтва збіраецца выдаць Анталогію паэзіі народаў СССР і што Ў наступным годзе спаўняецца паўстагоддзя яго літаратурнай працы. Трэба будзе і нам адзначыць гэту дату нашага земляка, выдатнага перакладчыка беларускай паэзіі і рэдактара многіх зборнікаў.
24.ХІ. Туман. Адліга. Нейкая аддышка. Званіла А. Кобец-Філімонава: чаму не выдаюць збору твораў яе бацькі Рыгора Кобеца? Ніяк не мог ёй уталкаваць, што гэта не ад СП залежыць. Зноў збіраюся ў Маскву. Бяру з сабою сваю новую падборку вершаў. Падборка досыць слабая, што мяне не менш засмучае, як і здароўе. У сумным настроі развітваюся са сваімі дамашнімі, бо не ведаю, калі да іх вярнуся.
30.ХІ. Р. Гажэльскі прыслаў тыднёвікі «Факты» і «Жыце літэрацке», у якіх надрукаваны перакладзеныя ім мае вершы. Чамусьці да гэтага часу ён не атрымаў даўно пасланых маіх пісем.
Прыехаў Алесь Баршчэўскі. Трэба было б з ім стрэцца і паслухаць, што там чуваць у нашых польскіх сяброў.
Прыйшло пісьмо ад Максімкі, які зараз служыт, у Інце. Двойчы бачыў паўночнае ззянне, а тэрмометр паказвае мінус 40°.
7.ХІІ. Дзень запоўнены рознымі дробнымі справамі. Толькі вечарам змог заглянуць у газеты і перад сном пачытаць вершы Я. Сейферта — новага Нобелеўскага лаўрэата. Упершыню з яго вершамі — помню — сустрэўся на старонках даваеннай «Камэны», якую нехта пазычыў у мяне і, як часта бывае, забыў вярнуць.
Зноў непаладкі з сэрцам, галавакружэнне. Трэба нешта ўзяць на сон.
9.XII. Хадзіў на Камароўскі рынак. Купіў мяса, агуркоў, часнаку. Саша вярнуўся са сваёй швейцарскай камандзіроўкі. Я. Брыль перадаў мне цэлы цыкл пейзажных вершаў М. Канановіча, якія нагадваюць кінастужку, знятую з яго юнацкіх аколіц. 3 газет даведаўся аб смерці В. Шклоўскага. Я калісьці захапляўся яго выступленнямі. Але зараз больш крытычна адношуся да яго неспадзяваных процістаўленняў і парадаксальных спалучэнняў. А ён, мне здаецца, увесь на гэтым трымаецца.
Рэдка каму ўдаецца дабіцца зліцця розных ведаў, розных відаў мастацтва. Таму досыць прымітыўнымі лічу і нашых паэтаў-філосафаў і філосафаў-паэтаў.
15.XII. Прачытаў гісторыю сваёй хваробы ці заключэнне ўрачоў. I зразумеў, што малая надзея на папраўку. Трэба хутчэй кідаць мне сваю работу ў СП, якая і так шмат каштавала мне. Не было калі аб нечым творчым сур’ёзна падумаць, а тое, што неяк напісаў, давесці да належнага ўзроўню.
16.XII. Прыслаў Максімка пісьмо і сваю фатаграфію. Піша, што ў іх страшэнныя маразы і завеі. Аднаму не даюць кудысьці ісці, бо лёгка збіцца з дарогі і замерзнуць.
Сёння I. Шамякін, Н. Гілевіч і я хадзілі ў Савет Міністраў да У. I. Бровікава. Прасілі дапамагчы вырашыць нашы пісьменніцкія кватэрныя справы.
Чытаю Г. Каханоўскага «Адчыніся, таямніца часу». Да позняй ночы не мог адарвацца ад гэтай кнігі. Аўтару ўдалося сабраць столькі новых матэрыялаў пра нашых першапраходцаў беларускай культуры (Чачота, Баршчэўскага, Кулакоўскага) і напісаць такой сакавітай мовай, што я па некалькі раз перачытваў паасобныя старонкі яго выдатнай кнігі і радаваўся, што ёсць у нас такі майстра слова і глыбокі даследчык.
28.ХІІ. Зусім ачмурэў ад пісання навагодніх віншаванняў. Я. Скрыган чуў, М. Лужанін вельмі пакрыўдзіўся, што яму не прысудзілі Дзяржаўнай прэміі. Напісаў у ЦК пісьмо, ад якога, як казаў Б. Сачанка, «будзе ўсім кісла». Ну і дзівак! Яму трэба было б адаць прэмію за ўсю яго творчасць. Але за ўсю — не даюць. А апошні зборнік — слабы. Не выпадкова на прэзідыуме і ў камітэце многія галасавалі супроць яго. Прыкрае ўражанне ва ўсіх ад пісьма, якое, можа, больш, як некаму, пашкодзіць самому М. Лужаніну. Шкада, што ніхто з яго сяброў не параіў яму гэтага не рабіць.