Выбрать главу

30.ХІІ. Не ведаю, як дзе, а ў літаратуры трэба пачынаць рэвалюцыю. Усе пішам нейкую жвачку, якая ўсім даўно набіла аскому.

На апошняй старонцы рамана Я. Васэрмана «Каспэр Гаўсэр» некалі запісаная мной страфа (Е. Пачкоўскага?). Вось яе прыблізны пераклад:

Ёсць дзве сур’ёзныя прычыны,

Чаму мне Польшча няміла.

Зашмат вады свянцонай,

Замала звычайнага мыла.

З1.ХІІ. Усе паразыходзіліся. У чаканні Дзеда Мароза пад ёлкай засталіся толькі мы з Любашай, малышы — Сярожка з Кацюшай.

Нехта звоніць па тэлефоне. Наглытаўшыся розных таблетак ад ціску, ад арытміі, я ўжо і тэлефоннай трубкі не падымаю.

1985

4.І. Зайшоў у паліклініку. Доктар паслухаў, змерыў ціск і пытае: «Хто вас давёў да такога стану?»

Справы ў СП ускладняюцца. Патанаем у пустазвонстве, пасяджэннях, разважаннях і абмеркаваннях, пра што і як трэба пісаць. На што толькі марнуем час.

Пазваніла Оля, што ў Наташы Максімавай нарадзіўся хлопчык. I так, я ўжо не дзед, а прадзед, а Любаша — прабабка. Ну, што ж, гэтаму можна толькі радавацца.

Штучнасць і пазёрства заўсёды вылазяць, як шыла з мяшка. Калісьці ў разгар спрэчкі Бялінскага і Герцэна гаспадыня запрасіла іх за стол. Бялінскі абурыўся, як можна садзіцца за стол, калі не вырашылі асноўнага пытання: ці існуе Бог?

Вечарам прыйшла Оля. Жанчыны пачалі збіраць абмундзіраванне для малыша, якому яшчэ і імя не падабралі.

Здаецца, падымаецца цана на людзей, якія яшчэ не развучыліся самастойна думаць.

11.І. Прыехаў на некалькі дзён з арміі Максім паглядзець на свайго малыша.

«Огонёк» і «Знамя» прэміравалі мае леташнія падборкі вершаў.

Званіў Ражко: «Не пазнаеш?» Пару раз я з ім сустракаўся, і ён упэўнены, што я яго павінен адразу пазнаць. А прыехаў ён з Вільнюса, каб «прабіць» у друк свае ўспаміны. У яго такое ўяўленне, што ўсе кнігі друкуюцца толькі па пратэкцыі. Ён мне так і сказаў: «У цябе напэўна ў выдавецтве ёсць знаёмыя». Заўтра зойдзе. А я збіраўся ў выхадны дзень папрацаваць…

13.І. Прачытаў харошую падборку вершаў Р. Барадуліна. Павіншаваў Пімена з вылучэннем кандыдатам у дэпутаты ВС БССР. 3 пісьменнікаў вылучаны i Н. С. Гілевіч.

Гэтымі днямі Максім зноў едзе ў сваё Запаляр’е, у Інту. Амаль трое сутак будзе ў дарозе.

Аказваецца, Флабер раней за Сталіна сказаў пра пісьменнікаў: «Пісьменнікі адказныя за чалавечыя душы». Адным словам — інжынеры.

25.І. Вярнуўся з Масквы, з Усесаюзнай канферэнцыі міру. Сустрэў В. Жукроўскага. Разам з Піменам правялі ў яго цэлы вечар. Званіў у Кунцава Кайсыну, у вельмі цяжкім стане ён ляжыць. Я нат не пазнаў яго голасу. Ды і ён мяне не адразу пазнаў, бо некалькі раз пытаў: «Хто?»

Няма калі закончыць яшчэ ў Маскве пачаты верш. Гашак пісаў толькі тады, калі яму хацелася. Я ж пішу, калі ў мяне ёсць нейкая вольная хвіліна, а гэта не заўсёды супадае з настроем.

Нехта ў тралейбусе: «Не трэба пачынаць спрэчку, калі яе не ведаеш, як закончыць…» Дзе няма згоды, там няма і праўды.

Праслухаў апошнія паведамленні. Малеюць шансы на мірнае жыццё на зямлі. Ды і лёс самой зямлі становіцца праблематычным.

1.II. Апошнія часы нейкі Л. М. Няўзораў шле і шле пісьмы, у якіх цяжка дабрацца да сэнсу: «Я прошу довести до ваших писателей, что я признанный в союзах писателей СССР и УССР, как национальный поэт БССР не могу печататься в газетах…» Відаць, хворы чалавек. «Не дай мне Бог сойти с ума…»

Вечарам — у тэлевізары спартыўныя гульні, якія ўсё больш становяцца школай шавінізму.

Дома ўсе хворыя: і Кацюша (адвезлі ў бальніцу), і Сяргей, і Любаша, і я. I ад Максіма — ніякіх звестак. Усе непакоі і трывогі пачалі збірацца ў адну хмару.

Не помню ў каго вычытаў: «Гюго робіць з мухі слана, тады калі сапраўдны пісьменнік павінен рабіць наадварот».

8.ІІ. Купіў некалькі кніжных навінак. На вялікі жаль, магу толькі сказаць пра іх, што яны выдатна аформлены. Званіла жонка Кайсына. Прасіла, можа, у Беларусі можна знайсці на лякарства засушаныя бульбяныя кветкі. Заўтра абыду ўсіх нашых рыначных бабулек, якія прадаюць зёлкі. Мо ўдасца знайсці, хоць, прызнацца, ніколі не чуў, каб іх у нас збіралі.

Пераглядаю сваю бібліятэку, паводле парады Флабера, што бібліятэка пісьменніка павінна складацца з пяці-шасці кніг, якія трэба чытаць кожны дзень.