Выбрать главу

10.ІІ. Зараз у нас шумяць аб канцы рамана, як перад гэтым — аб паэме. «Забываюць, што гэтыя кананічныя формы заўсёды мяняліся і будуць мяняцца».

Прыйшло пісьмо ад Я. Гушчы, напісанае такой дрыготкай рукой, што ледзь я яго змог прачытаць. Перажыў інфаркт. У кастрычніку спаўняецца 50 год яго літаратурнай дзейнасці. Ліст вельмі сумны — ліст самотнага чалавека, які перасварыўся з былымі сябрамі, выдаўцамі, рэдактарамі. Трэба будзе перакласці яго некалькі вершаў і паслаць яму свае апошнія зборнікі.

Прачытаў «Цвет алешыны» А. Канапелькі. Простыя і шчырыя вершы. Пачатак, можна сказаць, абнадзейваючы. Агулам, Палессе — адкуль і яна — стала не толькі хлебным, але і шчодрым краем на таленты.

15.ІІ. Ездзіў з Н. С. Гілевічам у АН. Павіншавалі I. Я. Навуменку з яго 60-годдзем. На прыём, відаць, паехаць не змагу, бо чуюся дрэнна, і ўсе страшэнна непакоімся за стан здароўя Кацюшы. Ніякай папраўкі. Нічога не есць, тэмпература і дрэнныя аналізы.

Е. Вялюнскі піша, што ў «Музікальбрандэ» надрукаваны перакладзены на нямецкую мову мой верш і што ў Ірландыі Арнор Ганібальсон, які добра ведае польскую, рускую, украінскую і беларускую (!) мовы, збіраецца нешта перакласці з маіх вершаў. Цікавая звестка, толькі сёння мала яна мяне радуе.

17.IІ. Прыслаў Г. Шупенька роспачнае пісьмо, што ніяк не можа атрымаць кватэры. А жыве ён у жудасных умовах.

Сёння папрасілі жонку Ф. I. Фёдарава Рыну Александраўну паглядзець Кацюшу. Новыя ўколы лінкаміцына, новыя таблеткі. Можа, зноў прыйдзецца класці ў бальніцу.

22.ІІ. Быў на вечары 50-годдзя Рыгора Барадуліна. Толькі, як і ўсе такія вечары, зацягнуўся амаль да поўначы. Добра што Н. М. Мазай памагла мне на сваёй машыне дабрацца дадому.

Увесь час стаіць марозная і снежная зіма, якая падчысціць усе нашы скупыя запасы кармоў у калгасах.

1.ІІІ. Усё больш і больш западаю ў бездань дамашніх і розных грамадскіх клапот і спраў. Страшэнна многа часу забірае дэпутацкая перапіска. Многім здаецца, што я магу і кватэру без чаргі атрымаць, і вызваліць асуджанага, і пабудаваць чыгунку, клуб і г. д.

Хвароба Каці ўсіх нас вывела са строю. Ледзь трымаемся на нагах.

Забаўная канцоўка ў вершы I. Галчынскага:

…Званю.

Нехта выходзіць імглісты.

— Пан Міцкевіч?

— Не, выехаў у Расію…

Божа, значыць і ён з камуністаў!

У Анталогіі польскай паэзіі натрапіў на прозвішча С. Бруча, які калісьці ў «Вядамосцях літэрацкіх» пісаў пра мяне. Шкада, што мне не ўдалося з iм сустрэцца. А ён быў напярэдадні вайны на аўтарскім вечары ў Варшаве. Зараз, здаецца, жыве ў Лодзі.

15.ІІІ. Нарэшце атрымаў зборнік А. Бурсы, якога ў нас мала хто знае, але які варты пільнай увагі. Прачытаў цікавы нарыс пра Зельвяровіча, яго «Дзядоў», «Рэвізора», «Ружу», пастаноўка якой калісьці мяне ўразіла. Можа, таму, што сцэна ў ахранцы нагадвала дапросы ў дэфензіве.

Рэдка калі вяртаюся да сваіх ранейшых вершаў. А іх трэба было б яшчэ прапусціць праз апошнюю рэдакцыю.

Мы ўсе яшчэ працягваем жыць у палоне мінулых легенд, паэтык, уяўленняў.

Пісьмо ад Е. Вялюнскага. Піша, што атрымаў усе тамы беларускага тлумачальнага слоўніка і што ў ісландскім часопісе ў перакладзе Гутмунда Данельсона і Арнора Ганібальсона надрукаваны мой верш «Каб ведалі», які вельмі спадабаўся чытачам. Ніколі не думаў, што мае вершы забрыдуць аж у Ісландыю, над якой я толькі аднойчы — па дарозе ў Ныо-Йорк — пралятаў уначы. Даследчыкі мае «пераломным момантам» у маёй творчасці лічаць пазнейшыя гады, а гэты верш напісаны быў у 1945 годзе і даў назву аднаму з лепшых маіх зборнікаў.

У сувязі з абмежаваннем лімітаў, якія выдзяляліся на будаўніцтва школ, мастоў, дарог, вельмі цяжка дабіцца ажыццяўлення наказаў выбаршчыкаў, хоць звяртаюся і пішу ў розныя інстанцыі. Часамі толькі і ўдаецца сяму-таму палепшыць жыллёвыя ўмовы ці вырашыць нейкія дробныя справы.

Вострай праблемай стала знайсці некага на работу дворніка, санітара, грузчыка, чорнарабочага, а грамацеямі хоць гаць гаці.

8.ІV. Часта нашы мемуарысты, пішучы пра некага свае ўспаміны, больш пішуць пра сябе, і гэтым адбілі ўсякую ахвоту іх чытаць.

Пачатак верша: «У воўчы месяц Зюзя-бог…».

Бадай, што ніводная мова так не засмечваецца канцылярскім жаргонам і запазычанасцямі з іншых моў. Трэба некалі будзе спрабаваць на гэтых макароніках напісаць верш пра каханне.

А. Кузьнеўскі ў інтэрв’ю для «Жыця Варшавы» на пытанне, над якой кнігай зараз працуе, адказаў: «Не маю i часу, нічога не пішу. Стаю ў чэргах за туалетнай паперай…» Ну, гэта яшчэ не так дрэнна, калі Кузьнеўскаму ёсць патрэба ў туалетнай паперы. Бывае горш.