Выбрать главу

Не хапае ў нас аўтаіроніі ў адносінах да сябе і да сваёй гісторыі.

10.IV. Мне здаецца, А. Адамовіч перахваліў раман Э. Скобелева: «0, такой человек не дает погибнуть надежде», «Мы с ней всласть наболтались на родном языке», «Душензизер обнаружил какую-то погрешность в туалете жены, потому что разъяренным чутьем зашипел оскорбительные слова», «Откровенность мне может вылезти боком», «Женщина в натуральном внде… это прекрасно», «На вид обыкновенная змея, но прекрасно смотрится на сковородке»… I так на кожнай старонцы. Мова рамана нагадвае некаторыя шаблонныя выступленні нашых дыпламатаў, у падрыхтоўцы тэкстаў якіх аўтар набіў руку, калі працаваў у Міністэрстве замежных спраў.

12.IV. Аксакаўшчына. Цішыня. Мароз пабяліў траву. Лec ужо акультурылі, услаўшы дарожкі бетоннымі плітамі. Бачыў некалькі вавёрак. Чамусьці саснякі дажываюць свой век, затое разрастаецца густы ельнік. Пачаў верш, але нічога не выйшла:

Ты, што першым быў уладаром нашай мовы,

3 залатых самародкаў і вогнішч распаленых слоў

Вычароўваць мог супроць смерці закляцці, замовы —

Надумана. Дрэнна. А гэта яшчэ горш:

У светлыя тоні ракі

Закінулі дрэвы галіны,

Як вуды свае рыбакі…

Мне здаецца, што сучасная нестабільная сітуцыя на свеце з яўляецца першапрычынай хаосу ў мастацтве.

Калі буду на Палессі, трэба разведаць, дзе пахаваны Віткацы і Дэмбінскі.

Пачаў імгліць дождж. Толькі дзяцел чуваць у маўклівым лесе, адстуквае сваю марзянку.

Трэба сур’ёзна падумаць над новым зборнікам сваіх вершаў, які, відаць, будзе апошнім. На падрыхтоўку яго спатрэбіцца каля пяці год. А хутчэй напісаць яго не змагу. Добра было б — на большае не разлічваю, ды і часу засталося мала — калі не стварыш, нешта вартае, дык хоць бы пакінуць візію паэзіі авўтрашняй.

А на Нарачы — званіла Соф’я Захараўна — зноў у іх дом залезлі былі хуліганы, павыламвалі дзверы. У наступную суботу яна з Куляшовай збіраюцца ехаць на ўсё лета.

19.IV. Сёння — Вялікдзень. Калісьці ў гэты дзень у Пількаўшчыне збіралася ўся наша сям’я — сям’я хлебаробаў. Трэба было б пад’ехаць і пакланіцца іх магілам.

Наведалі мяне Любаша і Кацюша са сваім любімым козлікам. Вельмі дрэнна выглядае Любаша. Хворая. Стомленая. Ніхто ў нас не ўмее яе цаніць, хоць на ёй трымаецца ўвесь наш дом, усё наша шчасце. Не я, а яна — апора ўсяму. Без яе і маё жыццё было б марным…

Дождж. Дождж.

Трэба хутчэй адпісаць Яну Козаку, які запрашае нас з Любашай прыехаць у Дом творчасці ў Карлавы Вары або Добржышы. Нешта доўга — аж чатыры месяцы — ішло пісьмо. Відаць, доўга праляжала ў СП у Маскве.

Чытаю цікавы зборнік Т. Бондар, які гэтымі днямі мне прывезлі з Мінска.

Як ва ўсім мы спазняемся! Часта вядзем спрэчкі аб сучаснасці, якая даўно ўжо стала мінуўшчынай. Каштоўнейшай рысай нашай паэзіі з’яўляецца заземленасць, заглыбленасць у людскія справы. А бяда, што не навучыліся пісаць коратка, усе захапляемся шматслоўем. Яшчэ Гётэ пісаў: «Я, магчыма, быў бы вялікім паэтам, калі б мой язык не аказаўся такім нястрымным…»

Расказвала прыбіральшчыца Ніна Грыгораўна, што ў Аксакаўшчыне I. Грамовіч заўсёды хваляваўся: куды пайшла ці паехала яго маладая жонка Каця. Загадалі будаваць дачу. А нашто яна мне? Пайшла нечага ў палату да Пацёмкіна. Чаго яна там сядзіць? A К. Крапіва крыўдаваў, што сын і нявестка пакідаюць яго аднаго і едуць на курорты. А чаму не ехаць за дармовыя грошы?

Гэта прыбіральшчыца і яе сяброўкі знаюць безліч усякіх гісторый пра хворых, што каб запісаў, магла б атрымацца цікавейшая кніга пра многіх нашых сучаснікаў, кніга больш верная, цікавая, як усё тое, што пра іх пішам ці будзем пісаць.

24.IV. Зноў закружыўся, як белка ў калясе. 3 Гутмунда Данельсона:

Ісус — гэта чалавек. Сын

Другога чалавека і Марыі,

А Іосіф узяў крыж на плечы

I ўратаваў жаночы гонар.

Бесталкова мінаюць дні за днямі. А. Кузьнеўскі слушна піша пра швейцарцаў. Яны «зразумелі, што не маюць сваіх сыр’явых рэсурсаў — мусяць выкарыстаць адзіны, які маюць, — свае мазгі і свае далоні».

6.V. Ледзь уратаваўся ад аднаго настойлівага графамана. Графаманія — своеасаблівая агрэсіўная хвароба, якая, бадай што, не паддаецца ніякаму лячэнню.

Жарт пра баварцаў і прусака, які на ўсіх мовах, пачынаючы ад свайго дыялекта, пытаўся, як яму знайсці піўную. «Чуў, сябра, які адукаваны?» — гаворыць баварац пра прусака, калі той пайшоў, не пачуўшы адказу. «Ну і што з таго! — адказаў другі баварац. — Усё роўна ён не даведаўся ад нас нічога».