Выбрать главу

Як цяжка на рубяжы дваццатага веку ўявіць нашу будучыню, бо яе, i агулам, можа не быць.

6.VІ. Н. С. Гілевіч падаў заяву, каб яго вызвалілі з пасады сакратара СП па стане здароўя. Мне здаецца, тут нейкая іншая падаплёка, бо што тады мне гаварыць пра сваё здароўе? Шкада, што ён хоча пакінуць работу ў СП. Праўда, некаторыя з яго былых сяброў ставяцца да яго нядобразычліва. Але такі лёс кожнага, хто працаваў, працуе ці будзе працаваць у нашым СП. I тут не прыходзіцца спадзявацца на нейкую ўдзячнасць, разуменне, спачуванне.

9.VІ. Дарогай з Нарачы захварэла Верачка. У вілейскай бальніцы зрабілі кардыяграму, далі нейкія ўколы, каб мы даехалі да Мінска. Урач запэўніў, што болі ў яе неўралагічнага характару.

Прачытаў карэктуру падборкі «Збор калосся». Мо так і назаву свой новы зборнік, які хачу падрыхтаваць да канца сваёй пяцігодкі.

Нейкае вар’яцкае лета: дажджы, халады.

18.VI. Сёння быў у М. М. Слюнькова Н. С. Гілевіч. Вярнуўся з ЦК акрылены. Відаць, там яго ўгаварылі застацца на сваёй пасадзе першага сакратара СП.

Эпітафія Гарсона: «Тут спачывае чалавек які займаўся ўсякай распустай». У нас бы так не напісалі. У нас чым большы распуснік і ліхадзей, тым больш прыгожую мае эпітафію. У даваенных нумарах цатаўскага «Слова» знайшоў справаздачу з крымінальнага працэсу Р. Гаргановай, які нарабіў шмат шуму.

Прасілі выступіць на пленуме СП у Маскве падчас абмеркавання працы літоўскіх пісьменнікаў. Накідаў тэкст свайго выступлення.

Усё больш пераконваюся, што сярод жывых паэтаў няма роўных тым, што адышлі. Мо гэта песімістычная ацэнка. Не ведаю. Каб не быў старшынёй СП, я яе выказаў бы і абаснаваў, а так у сваіх выступленнях мушу ўлічваць розныя нюансы і, як усе кіраўнікі і чыноўнікі, у сваіх дакладах гаварыць аб росце і няспынным развіцці нашай літаратуры.

19.VІІ. Далі заданне М. А. Моўчану напісаць серыю партрэтаў. Піша артыстаў, пісьменнікаў, кампазітараў. Каб не падводзіць яго, і я даў згоду. Падарыў ён мне цікавую сваю гравюру, якая нагадвае месячную ноч на Нарачы. Званіла Данута, каб памог СП вырашыць справу будаўніцтва дома для А. Іверса і яго сына. Пры сустрэчы трэба папрасіць Л. Г. Кляцкова падтрымаць нашу просьбу, бо, здаецца, слонімскія кіраўнікі не асабліва прыхільна ставяцца да А. Іверса. Што там за прычына?

А дождж бесперапынна ідзе, імгліць, марасіць.

1.VІІІ. Збіраюся на Нарач. А то там адна цяжка хворая Любаша ваюе з унукамі. Апынуліся мы з ёй, старыя, у бязвыхаднай сітуацыі. Калі звалімся з ног, не будзе каму і вады падаць.

4.VІІІ. Першы дзень водпуску. Пазнаёміўся з сімпатычным госцем з Туркменіі Гурбанам Аліевым, якi і падарыў мне казкі «Рассказы попугая». Прывёў яго М М. М. Герановіч. Жонка яго прынесла забаўнага папугайчыка, якім доўга не маглі нацешыцца нашы малышы.

А за акном шуміць дакучны дождж.

5.VІІІ. Ha двары чуюцца звонкія галасы Куляшовай і Лыньковай. Яны заўсёды рана ўстаюць і нешта горача абмяркоўваюць. То яны не сыходзяцца ў ацэнцы прачытаных твораў, то падзей на свеце.

Пачаў перакопваць сад, які зарос травой, удзірванеў, то наводзіць нейкі лад на дрывотні. Ёсць, кажуць, кнігі, якія бяром у дарогу, і кнігі, якія нас бяруць у дарогу. Чытаю Я. Брыля і радуюся, што ў нас ёсць такі выдатны майстра слова. Радуюся ціха, бо вельмі ж надакучылі крыклівыя захапленні, трыбунныя алілуйшчыкі. Эх, як сёння расшумелася Нарач!

Вечарам, калі гуляў з Кацюшай, падышоў нейкі ўзбек: «Помніце, я быў у вас калісьці з лесніком, якога за няўплату аліментаў засудзілі на два гады… I мяне толькі што выпусцілі. Бачыў у вашай кнізе фатаграфію на фоне мінарэта ў Бухары…» I пайшоў у рэстаран.

12.VIII. Цішыня. Толькі чуваць, як ападаюць з дрэў яблыкі. Кожны дзень збіраю іх для малочніцы, якая корміць імі сваю карову. Каб быў час, паставіў бы на вуліцы кошыкі і запрашаў бы: «Частуйцеся, калі ласка».

Чытаю нарыс пра Э. Хэмінгуэя, пра яго розныя прыгоды, любоўныя гісторыі. 3 пісьма да Марты Гельгорн: «Ты — маленькая ложачка з тварам, якой успамін разрывае мне сэрца, з прыгожым целам, фіглярскім вялікім азадкам, такой цябе кахаю». А «каціны магільнік» — з мемарыяльнымі дошкамі, а падвал з бочкамі віна і віскі, зграя сабак, чарада задзірыстых пеўняў! Ва ўсім гэтым ёсць шмат пазіравання, якім любіў займацца і наш У. Караткевіч. А можа, і спроба ўцячы ад атуляючай нас нудоты.

21.VIII. Туман зліўся з возерам. Не відаць ні возера, ні зямлі, ні неба.

Прачытаў «Пахвалу вайне» Бертрана дэ Борна. Вар’яцтва? Але ж гэта «пахвала» адчуваецца і ў апісаннях біблейскіх і ў творах некаторых сучасных пісьменнікаў. Так што не прыходзіцца дзівіцца з гэтага сярэднявечнага трубадура. Відаць, толькі атамная вайна не будзе мець сваіх апалагетаў і пяўцоў.