Выбрать главу

28.V. А гарачыня не спадае. А тут яшчэ і Чарнобыльская трагедыя, якая прынесла незлічоныя пакуты нашаму народу і нашай Зямлі.

Нейкімі нуднымі сталі літаратурныя радыё- і тэлеперадачы. Творчасць — такая ж інтымная справа, як любоў і смерць. I нетактычна бяздарна расказваць пра яе. Я ўжо, здаецца, калісьці пра гэта пісаў. Вось эротык Джона Донка з XVII веку. Пераклаў з перакладу Сіты:

Дай жа далоням насыціцца ўдоваль

Побач, паміж і вышэй і на доле.

О, мой Свет Новы, нікім не адкрыты

Толькі адным мной, шчаслівым, абжыты

З бяздоння памяці ўсплылі радкі з малдаўскай паэзіі:

На гары Балабаш,

Між лясных грамад

Свішча салаўём.

Скача напралом

Пад капытны стук

Малады гайдук.

Атрымаў кубінскі часопіс «Уніон» (№ 2, 1985 г.), у якім надрукаваны вершы Куляшова, Панчанкі, Барадуліна, Гілевіча, Зуёнка. 3 маіх вершаў — «Готыка святой Ганны», «Антысанет» і яшчэ некалькі. Адклаўшы перапіску і іншыя справы, чытаю Рэмбо.

З.VІ. Непрыемная гісторыя з сынам А. Бембеля. Напісаў ён нейкае даследаванне аб беларускай мове, якое выдалі ў Англіі, бо ў нас галоўліт забараніў, і зараз узняўся вакол гэтага такі вэрхал, што і ўявіць цяжка. Ствараецца камісія. А што тут камісія можа вырашыць? У гэтай кнізе ці брашуры — кажа аўтар — сабраны выказванні розных нашых паэтаў, пісьменнікаў аб роднай мове.

Раней пакутаваў з сэрцам, а зараз — і з нагамі.

Ці не пара мне падводзіць рысу пад усімі сваімі справамі?

2.VІІ. Празасядаў канец чэрвеня ў Маскве, на камісіі па ахове прыроды, на сесіі ВС, на VIII з’ездзе СП. Быў і на сустрэчы М. С. Гарбачова з пісьменнікамі. Прызнацца, гутарка ў ЦК мяне не супакоіла, а насцярожыла адсутнасцю выразнай праграмы ўсёй перабудовы. Партыя ізалюецца ад актыўнага ўдзелу, наіўна спадзеючыся на т. зв. чалавечы фактар. Ён паказаў сябе ў антыалкагольнай кампаніі. Мяркуючы па ўсім, на сцэну выйдуць усе, да гэтага часу скрытыя дэструктыўныя сілы.

«Трэба больш працаваць», «Партыйныя прывыклі камандаваць», «Людзі маўчалі», «больш трэба дэмакратыі і сацыялізму», «Большага ўдзелу народа ў сацыялізме», «Актыўна ўключыцца ў пачынанні партыі», «Правесці з’езд пісьменнікаў, каб краіна адчула, што вы будзеце з партыяй», «Ворагі разглядаюць нашу задуму больш як ядзерную сілу, і яны стараюцца нашаму ўраду і кіраўніцтву скруціць карак», «Калі будзем стаяць моцна на нагах, гэта пацягне за сабой і іншыя краіны». Шмат тут бясспрэчных ісцін… Я толькі не бачу надзейнага пункта апоры для Архімедава рычага.

Быў у аптэцы. Папоўніў свой арсенал рознымі таблеткамі, каб хапіла на ўвесь водпуск.

Памёр Іван Грамовіч. Так яму хацелася пабываць на апошнім з’ездзе пісьменнікаў у Маскве. Ачуўся ён дрэнна. Помню, ледзь угаварылі яго, каб не ехаў у гэту нялёгкую камандзіроўку.

3.VII. Не паспеў, прыехаўшы дамоў, агледзецца, як пачаліся званкі: Роўда хоча, каб я запісаў свае вершы на тэлебачанні, рэдакцыі — каб падзяліўся ўражаннем ад з’езда СП, а некалькі графаманаў, творы якіх забракавалі ў рэдакцыях, — каб я іх прачытаў. Прыслалі Хапалаеў і Гамзатаў запрашэнні прыехаць да іх. На вялікі жаль, не з маім здароўем зараз ехаць у гэтыя каўказскія гасціны.

Чуваць, што радыеактыўныя выпаданні не мінулі і маю Мядзельшчыну.

5.VII. У «Twórczości» № 3 надрукаваны цікавы артыкул пра віцябляніна Ладу-Заблоцкага,

«Што да шчыразалатой лютні Каханоўскага

Яшчэ раз з Белай Русі працягнуў далоні смела...»

«Трэба не толькі шкадаваць, што песні беларускага народа, што яго песні і паданні яшчэ да гэтага часу не звярнулі на сябе ўвагу светлых маіх землякоў. Я перакананы (і можа, слушна), што калі будуць сабраны матэрыялы, тады паэзія беларуская будзе мець свой уласны адбітак і будзе здольнай абудзіць тую самую цікавасць і прывабнасць, што польская ці літоўская» (Рубон, т. VII, Вільня, 1846).

9.VII. Пачаў касіць траву ў агародзе. Kaca тупая. Апошні раз кляпаў яе яшчэ пры жыцці наш бацька.

Нехта ідзе па вуліцы і іграе на гармоніку.

Можа, і слушна калісьці іспанскі кароль на пытанне французскага караля, як жыве Сервантэс, адказаў: «Бяда і недастатак спрыяюць развіццю таленту». У нас гавораць: «Галодны певень раней спявае». Але ж нам вядома, «колькі талентаў звялося» ў цяжкіх умовах нястачы і няволі.

Як магу, памагаю Любашы ў яе гаспадарцы. Думаю і баюся брацца за верш пра Чарнобыль. Вельмі ж цяжкая тэма. У мінулае маё 70-годдзе падарылі мне безліч партрэтаў. Каб не ўпасці ў культ, прывёз іх на Нарач для распалкі ў печы.

11.VІІ. Прыехаў Юра, прывёз пісьмы, у якіх просяць напісаць успаміны пра М. I. Аляксеева і пра Л. Дзмітэрку. У мяне ўжо, хіба, каля сотні падобных просьб ад розных камісій па ўшанаванні памяці. Не ведаю, хто чытае такія пасмяротныя ўспаміны-панегірыкі. Нейкі шызафрэнік (Павел Мартынаў-Драздоў) прыслаў графаманскі верш, у якім абвінавачвае М. Шолахава ва ўсіх смяротных грахах, у тым ліку — і ў прысваенні рукапісу К. Сарокіна. Каму зноў гэту дохлую хлусню спатрэбілася падымаць? Прыехаў малодшы Максім са сваёй жонкай. Нешта нічым яны не цікавяцца. Кіно, рэстараны. Не ведаю, як яны будуць жыць далей.