Выбрать главу

2.VIII. Поўная хата гасцей. Ледзь размясцілі іх па пакоях, верандах. А самае галоўнае — як іх усіх накарміць? Як магу, памагаю Любашы, але ўсё роўна цэлымі днямі яна не адыходзіць ад пліты. Вечарам не чуе пад сабой хворых ног. Заўтра трэба з’ездзіць па гародніну ў Паставы.

13.VIII. Прачытаў цыкл вершаў В. Зуёнка пра Амерыку, якія не пакінулі ніякага ўражання. Можа, таму, што ён узяўся даіць ужо многімі выдаеную карову. Што на гэту тэму можна сказаць новага — тэму, ужо збаналізаваную папярэднімі паэтамі, пачынаючы ад Маякоўскага і канчаючы на нас, на вачах з тымі самымі сацрэалістычнымі шорамі?

Нейкія непаладкі ў сям’і ўнука Максіма. I ен і яго Наташка нічым у жыцці не цікавяцца. Нат па малако для малога Жэнькі ходзіць у Купу хворая прабабка Любаша або я. Нат свайго пакоя не прыбярэ. Чорт ведае што робіцца!

17.VIII. Вяртаючыся ўчора з Пількаўшчыны, наведалі Слабадскі магільнік. Відаць, сястра Людміла, калі была тут, паклала кветкі, пасцірала мох, які пакрыў надпісы на помніках. Добра было б, калі прыйдзе час, і мне тут легчы побач з маімі бацькамі, родзічамі, суседзямі. Перад вайной раслі тут велізарныя расахатыя сосны, укаранаваныя дрымотнымі вяршалінамі і буслінымі гнёздамі. Калі фашысты разам з людзьмі палілі вёску, пагарэлі і тыя старкі-сосны, і крыжы. Згарэў тады тут і наш сусед 3. Калбун, які выпадкова зайшоў быў да некага ў адведзіны. «Лясы папярэднічалі чалавеку, пустымі ішлі за ім» (Р. Шатабрыян).

18.VIII. Ледзь прывалокся з аптэкі, куды хадзіў за лякарствамі. Нешта і малыя расхварэліся. Выклікалі хуткую дапамогу. А калі дадаць і нас, старых, нямоглых, дык сёлета дача — не дача, а лазарэт. А яшчэ, калі паслухаеш, што робіцца на свеце, дык сапраўды, як піша Біблія, хутка, можа, жывыя будуць зайздросціць мёртвым.

19.VІІІ. Ранкі стылыя, але дні цёплыя. Я даўно не бачыў такога спрыяльнага для ўборкі лета. I ўсё роўна ў газетах будуць наракаць, што падвяла пагода і не паспелі ўбраць ураджаю, нарыхтаваць на зіму кармоў. Чаму ж раней пры любым надвор’і спраўляліся і з сяўбой і з уборкай? I гэта без пастаноў розных пленумаў, партсходаў, узнагарод.

20.VIII. Зараз узяліся за спадчыну. Гэта добра. Але пад гэту чарговую кампанію падымаем усякую ўсячыну, прыпісваючы ёй значэнне, якога яна не мела і не будзе мець.

Пайшоў густы асенні дождж.

Усё жыццё стараўся нікога не паўтараць, не наследаваць, хоць не заўсёды мне гэта ўдавалася. Таму і не стараюся, каб нехта паўтараў мяне, бо ў любой засені нават трава не расце. Сваёй кананізацыяй любых формаў і стыляў мы іх даводзім да дыcкрэдытацыі.

Недзе чытаў, што зачараваная ігрой А. Рубінштэйна нейкая артыстка, не маючы што яму падарыць на памяць, запрапанавала: «Калі б хацелі правесці са мной ноч, можаце мяне мець». Цікава, ці скарыстаў ён з гэтай прапановы?

Чакаем, што заўтра прыедзе да нас уся каманда — чалавек 14. Трэба падрыхтавацца да прыёму.

Амаль усё жыццё прайшло на розных паслугах і дамашняй мітусні. Людзям здаецца, што нас абслугоўваюць афіцыянты, повары, домработніцы. Адным словам — райскае жыццё.

А ў мяне сёння нешта мацней пабольвае сэрца і дакучае аддышка. Вецер няспынна гоніць цяжкія хмары, якія, здаецца, вось-вось пральюцца дажджом. ^

23.VIII. Прачытаў нарыс А. Лойкі пра былога сваткаўскага настаўніка М. Пашкевіча, пра якога шмат расказвалі мае бацькі. Любілі і шанавалі ягона нашы людзі за сумленнасць і добразычлівасць. Я толькі аднойчы з ім сустрэўся, і назаўсёды ў маёй памяці застанецца яго воблік. Я чуў, што ён пісаў вершы, выкладаў беларускую літаратуру і прывіваў да яе любоў у сваіх вучняў. Добра, што А. Лойка сваім нарысам усім нам прыгадаў: «Здыміце шапкі перад памяццю аб гэтым Чалавеку».

Відаць, заўтра трэба будзе ехаць і класціся ў бальніцу. Шкада толькі пакідаць тут Любашу. Прыйшла тэлеграма, што 17.ІХ пачынаецца сесія Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях. Не ведаю, ці змагу паехаць. I так, закончыўся мой «адпачынак», які выматаў усе нервы, і зноў пачынаецца работа ў СП.

24.VІІІ. Шкада, што выклікалі ноччу хуткую дапамогу. Каб не яна, можа, удалося б дацягнуць да канца гэтага месяца.

За час сваіх канікулаў паспеў прачытаць шмат розных часопісаў і сёе-тое з іх вывудзіць, як, напрыклад: «Дарожныя ўказальнікі самі не ішлі, куды ўказвалі». Або: «Шэф жандараў пры Мікалаі I Арлоў, праводзячы аднаго са сваіх знаёмых за граніцу, даручыў яму, калі будзе ў Нюрнбергу, падысці да помніка першадрукару і плюнуць яму ў вочы, бо ад яго пайшло ўсё зло на свеце».