Выбрать главу

Цікавая думка А. Самсэля: «Паэтаў, звязаных з рэвалюцыйным рухам, раней было значна больш. 3асталося вбльмі мала… Выпрабаванне часам вытрымалі толькі сапраўдныя лірыкі, для якіх справа сацыялізму была вельмі істотнай, неаддзельнай ад іх жыцця», і «Паэзія маладых старэе хутчэй, як яе творцы, тады як паэзія майстроў з часам набірае моцы, як старое віно».

26.VIII. Я і Сярожка зноў апынуліся ў бальніцы. У мяне — сэрца, тромбафлебіт, у яго — запаленне лёгкіх. Шкада, што адключыўся тэлефон і не магу пазваніць Ірышы і Максіму. Непакоюся, як там Любаша на Нарачы? Няма каму ёй там памагчы… Заходзілі Верачка з Дзяніскам. Абяцаў на кансультацыю пад’ехаць і Пётр Маркавіч, які сам пару тыдняў праляжаў, скручаны радыкулітам.

Думаю над новай падборкай вершаў. Калісьці А. Міцкевіч журыў Шапэна, «што той бранчыць на фартэпіяна, замест таго, каб у цяжкой гістарычнай сітуацыі пісаць для народа рэчы вялікія, як Мэербор і яму падобныя». А мяне з Куляшовым у часы вайны журыў Гарбуноў за паэмы, бо зараз больш патрэбны кароткія творы, заклікаючыя да барацьбы і г. д.

29.VIII. Зараз поўны разгардыят сярод «інжынераў чалавечых душ». Пачалося агульнае самабічаванне і галошанне над рэкамі вавілонскімі. Баюся, каб у часы перабудовы мы не сталі працаваць горш. А гэта ўжо адчуваецца.

Са здзіўленнем прачытаў у «Огоньке» домыслы аднаго «гісторыка»: «Предпочтительнее думать, что И. Федоров не бежал из Москвы, а был послан царем в Литву с заданием…» I гэта піша чалавек, не зважаючы на прызнанне самога Фёдарава, што ён быў змушаны ў 1563 г. уцячы з Масквы.

30.VIІІ. Канец лета прайшоў пад шум і грымоты дажджу. Сёння Максім забраў свой нарачанскі дэсант. Праз тыдзень прыедзе і Любаша з Кацюшай.

У літаратуры і мастацтве мяне заўсёды больш цікавілі ерэтыкі, бо нат і не згаджаючыся з імі, можаш нечаму навучыцца.

1.ІХ. В. Вітка і Я. Ісаеў звярнулі ўвагу на тое, што ў A. С. Пушкіна няма ніводнага верша, прысвечанага сваёй маці, бо ён выхоўваўся не маткай, а нянькай. He знаю, хто першы гэта заўважыў. Думаю, што В. Вітка, бо масквічы часта запазычанае ў правінцыялаў выдаюць за сваё. «Тым часам, нішто так не злучае людзей, як калектыўнае пярджэнне» (Д. Бітнер, «Twórczość», № 2, 1984). А мы, рамантыкі, думалі, што гэту місію выконвае паэзія, мастацтва. А мо, сапраўды паэзія памерла, як ёй прарочылі Моор, Норвід, Ружэвіч… Часта звышстаранныя настаўнікі выхоўваюць сваіх апанентаў, пратэстантаў, аб чым варта помніць.

Бадай што можна згадзіцца з К. Ілаковіч: «Пішы пра што хочаш і як хочаш, каб толькі пісаў добра».

Прыслалі анкету: якой уяўляю літаратуру ў 2000 годзе. Ведаю адно, што сённяшняя літаратура мала каго будзе цікавіць, як мала нас цікавіць і даваенная. Цяжка прадбачыць, які будзе канец XX веку.

У Румыніі — землетрасенне. Чатырохбальная яго хваля дакацілася аж да нас.

2.IX. Кожны дзень капельніца з лазікам. За акном вецер гайдае таполі. Пахаладала. Як там Любаша на Нарачы? Трэба было б ужо ёй вяртацца ў Мінск са сваёй ссылкі.

Больш за ўсё паэзія стыкуецца з музыкай і філасофіяй. Помню, была ў нас калісьці падораная М. Забэйдам пласцінка «Рэквіем» Моцарта. Любіў я яе ў нашай глухамані праігрываць на дапатопным, прывезеным з бежанства грамафоне. Відаць, вайной заігралі яе партызаны.

4.ІХ. Ізноў уначы не давала спаць аддышка. Ёсць людзі, гутарка з якімі цябе ўзбагачае. Часцей за ўсё я іх сустракаў не ў пісьменніцкім асяроддзі, дзе некаторыя стараюцца ў цябе вывудзіць нейкую ідэю ці тэму. Я знаў такіх рыбаловаў нат сярод вядомых пісьменнікаў.

Паганае адчуванне. I ўрачы, відаць, не ведаюць, што рабіць і як мяне лячыць. Так сёлета і не схадзіў у грыбы. А гэта — мой самы любімы занятак. Помню, аднойчы знайшоў у лесе каля Канстантынава велізарныя ласіныя рогі.

Званіў Л. Гаўрылкіну, які зараз працуе ў рэдакцыі «Вожыка». Зразумела, што кіраўніцтва СП трэба абмаладжваць. Толькі гэта трэба пачынаць ад мяне, аб чым я гаварыў і ў ЦК, але там мяне не падтрымалі.

Пасля розных працэдур узяўся за верш, прысвечаны К. Куліеву.

Нейкі сёння змрочны і ветраны дзень. Перш быў рад, што адзін у палаце, а зараз адчуваю сябе як у адзіночнай камеры, толькі тут вокны большыя і тэлефон, якім амаль не карыстаюся. Званіў толькі Ірышы i Р. А. Фёдаравай, якая лечыць Сярожку.

Перад сном узяўся чытаць Тагора. Пераклад кожнага выдатнага паэта нагадвае лізанне цукру праз шкло.

5.ІХ. Вецер гоніць і гоніць аблокі. Чакаю вяртання сваіх нарачанцаў. Барыс Сачанка быў на сваёй радзіме, дзе выпаў цэзій. Тысячы сямей перасяляюцца ў іншыя раёны. Дзеці цэлымі днямі не выходзяць за парогі школ, дзе яны вучацца і дзе іх кормяць. Вось так і пакутуюць дзеці па віне сваіх бацькоў, сваіх дзяржаўных гора-кіраўнікоў.