6.ІХ. Рана прачнуўся. Пасля гутаркі з Б. Сачанкам і начытаўшыся аб нашай ідыёцкай безгаспадарнасці, якая хутка давядзе нас да жабрачай торбы, зусім выбіўся са сну. Безадказнасць, гультайства, хабарніцтва, п’янства, наркаманія пагражаюць звесці на нішто нават самыя разумныя пачынанні. I гэтыя хваробы глыбока закараніліся, сталі хранічнымі ў нашым жыцці.
Набліжаецца зіма. Па прыкметах, чуваць, зіма будзе суровай. Асабліва цяжкой яна будзе для тых, каго не абмінула чарнобыльская пошасць. Для няшчасных людзей, для зямлі, для звяроў і птушак…
Канчаткова падважыла мой погляд аб пазнавальнасці сввту выказванне фізіка Ганса Юргена, што «кожны прырост ведаў азначае прырост нашага няведання». Гэта, як вядома, змыкаецца з поглядам агностыкаў, хоць і розніцца ў фармулёўцы. А галоўнае — Ганс Юрген лічыць, што гэта адносіцца і да розных дактрын і ідэалогій.
Усе мы раслі ў паслухмянасці да старэйшых нашых кіраўнікоў. Зараз, як са сну, абуджаемся і пачынаем думаць, хоць многія за гэты час зусім развучыліся думаць. Чалавек, як ніводнае божае стварэнне, прывыкае да ўсяго.
Званіў Н. С. Гілевічу. I ён тыдзень праляжаў з тэмпературай.
Заходзілі ў адведзіны Іра, Юра і Кацюша, якая за лета, як сасонка, падрасла.
8.ІХ. Бачыў у сне вырай. I ўспомніў, як аднойчы разбудзілі мяне буслы. Выйшаў паглядзець, хто там шуміць крыламі і ходзіць па страсе нашай пуні, дзе спаў, зарыўшыся ў сене, і бачу каля сотні буслоў, якія сабраліся на свой сейм перад адлётам. Гэта была незабыўная карціна. Я хаджу між імі, быццам і я адзін з іх кампаніі, і разам з імі збіраюся ў дарогу. Цэлы дзень правялі яны на нашым гумнішчы, на балотным выгары і толькі пад вечар іх не стала. Цікава, што іх не непакоілі нават сабакі, якія любілі ганяць курэй. Зараз, з адлегласці часу, думаю: мо і гэта быў сон.
9.ІХ. Гаварыў з Г. Г. Паплаўскім. Добра было б, каб ён узяўся аформіць зборнік легенд і казак майго суседа — нарачанца С. В. Казлоўскага, сабраных ім на Чукотцы, на бясконцых прасторах Сібіры. Ужо каторы год ляжыць яго рукапіс у выдавецтве, і невядома, ці пабачыць калі свет.
Прачытаў апошнюю падборку Пімена. Даўно мы з ім не сустракаліся. Ёсць нам аб чым і пагаварыць, і паспрачацца.
Зрабілі кардыяграму. Невясёлыя мае справы. Як калючкі дзядоўніка, чапляюцца хвароба за хваробу.
Перагартаў газеты. Слушна Вальтэр прызнаваЎ усе жанры, акрамя нуднага.
11.ІХ. Выйшла пад рэдакцыяй A. I. Гурскага кніга «Дрэва кахання». Не ведаю, на каго яна разлічана? Часусьці да народных легенд залічаны і пераказы твораў пісьменнікаў, як, напрыклад, майго верша «Ля вогнішч начлежных». У свой час Я. Мазалькоў залічаў да іх маю «Казку пра Музыку» («Тут зямля такая»), «Люцыяна Таполю», А. Макаёнак — верш мой пра смех… А скажоную маю легенду «Ля вогнішч начлежных» нат пераклалі з туркменскай мовы і надрукавалі ў часопісе «Полымя». I ніхто гэтага ў рэдакцыі не заўважыў.
Можа, заўтра выпішуся з бальніцы. Усё роўна хваробу маю нельга вылечыць, можна толькі на нейкі час крыху прыгасіць.
12.ІХ. Туман за акном, не відаць ні дрэў, ні суседніх дамоў. Званіў з Нарачы Максім. Цэлымі днямі, казаў, заняты машынай і гаспадарчымі справамі. Вечарам Саша прывёз з калгаса цэлы мех яблыкаў. Казаў, ніхто іх не збірае. Ападаюць. Гніюць. А зімой і вясной будзем стаяць у чарзе за польскімі ці ліванскімі яблыкамі.
16.ІХ. Заўтра дзень майго нараджэння. Добра, што ўцёк у Маскву, на пленум Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях. 3 гадамі кожная юбілейная дата настройвае на сумны роздум аб нашым мімалётным жыцці. Хадзілі з Сашам на канцэрт дзяржаўнага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Ліаны Ісакадзе. Атрымаў сардэчную тэлеграму ад Г. С. Таразевіча. Потым разам з Сашам і Ф. М. Каўрыгай вечар правялі ў рэстаране «Масква». Сустрэў Р. Гамзатава. Лечыцца. Казаў, відаць, да канца пленума не будзе, паляціць дамоў.
19.ІХ. Цэлы дзень былі з Сашам на праглядзе замежных фільмаў: «Чырвоная зона», «Амадэус», «Гонар Мітцы», «Кардэбалет».
21.ІХ. Нядзеля. Імжыць дробны дождж. Пасля прагледзеў «Святы Джэк» і «Кароткае замыканне», схадзіў на канцэрт К. Чазарсадаева.
У «Правде» — два вершы А. Жыгуліна. У адным з іх даводзіць, што ён — далёкі родзіч Раеўскіх. Смяяліся калісьці ў нас з гербаванай шляхты, a зараз самі лезем у іх сваякі, адкопваем у архівах абгрызеныя універсалы, граматы, гербы. З’явіліся ўжо дзяльцы, якія за грошы могуць давесці і выдаць спраўку, што вы родзіч Аляксандра Македонскага ці там нейкага караля, магната.
23.ІХ. Позна вярнуўся ў гасцініцу. Быў на праглядзе фільма «Фані і Аляксандра», з несамавітымі сцэнамі і страшэнна расцягнутым сюжэтам. Заўтра апошні дзень пленума. Учора ў Мінск прыехалі госці з Латвіі. Вярнуўся дамоў у самы разгар іх Дзён літаратуры і мастацтва.