Калі маладзейшым быў, дык быў вельмі горды,
Бо ўсе члены былі мяккія, толькі адзін цвёрды,
А сягоння пастарэў, і ўжо ў небаракі
Усе члены зацвярдзелі, толькі адзін мяккі.
Невясёлыя справы і ў М. Ф. Дубянецкага. Ратуецца толькі нітрагліцэрынам. Шкада, што ён быў змушаны пакінуць выдавецтва. Ён умеў адстайваць творы многіх пісьменнікаў, якія без яго — не знаю — ці пабачылі б свет.
27.ХІІ. Наснілася розных сноў. Уяўляю, колькі спраў і клапот у Любашы перад Новым годам. А мяне не перастае мучыць арытмія, аддышка, слабасць. Па тэлефоне пагаварыў з Кацюшай. Паведаміла, што яе коцік навучыўся выключаць таршэр і ад холаду забіраецца да яе пад коўдру.
28.ХІІ. Не зважаючы на стан свайго здароўя, буду прасіць, каб хоць на некалькі дзён адпусцілі мяне дамоў, хоць на сустрэчу з Дзедам Марозам, які сёлета сур’ёзна ўзяўся за свае справы.
На акне маёй палаты палымнее некалькі руж. Аж дзіва, як яны ў такую сцюдзёную пару расцвілі.
Сярод нямногіх хворых у лечкамісіі застаюся і я. Буду сустракаць свой 75-ты год. Колькі за гэты час перадумана, перажыта! Колькі пройдзена дарогі Пра гэта можна было б напісаць значна лепшую кнігу, як усё тое, што напісаў.
31.ХІІ. Чытаю «Літаратуру на свеце». Нумар прысвечаны «Нью-Йоркскай школе». Не люблю я гэтых розных «школ», «хваляў», на якія любяць дзяліць літаратуру. Ёсць дзве літаратуры — добрая і графаманская. Але з чаго тады будуць жыць розныя даследчыкі?
Як зубы, праразаюцца два вершы. Ныюць. Не даюць спакою.
Што ж далей? Дактары назначылі, калі крыху падрамантуюць, як сябе паводзіць у далейшым жыцці-быцці. Прыгадаў я тут Р. Дабравольскага, які, выслухаўшы парады прафесара Татаркевіча, прызнаўся яму: «Тое, што рабіў дваццаць гадоў таму, раблю і цяпер. Кажуць мне, не пі. П'ю. Кажуць, не куры. Куру». I гэтак далей. Прафесар нахіліўся над ім і сказаў: «I я таксама жыву па гэтых жа рэцэптах».
1987
1.І. Вось і мінула навагодняя ноч — ноч бальнічная, бяссонная. Чытаю. Зараз у нас пачалі насіцца з замежнай, эмігранцкай літаратурай. Нат звычайных зайцоў-шаракоў выдаюць за львоў. А колькі і сярод іх разрэкламаваных графаманаў, слава якіх трымаецца толькі на антысаветызме.
Многія хворыя паўцякалі з паліклінікі дамоў на сустрэчу з Дзедам Марозам. Узяўся чытаць прынесеныя Ірай часопісы, ды кінуў. Стараюся абстрагавацца ад сваіх невясёлых думак. Вось ужо двух маіх знаёмых — С. Пілатовіча і Д. Цябута — не стала…
5.І. Званіў Н. Гілевіч, што прыязджае да нас мой стары знаёмы — Гао Ман. Як шкада, што я не магу з ім сустрэцца, падзякаваць яму за пераклады і выданне майго зборніка на кітайскай мове. А за акном — аж пераліваецца серабрысты серп маладзіка. Відаць, мароз убіраецца ў сілу. Чытаю, што наша каманда прайграла ў матчы з чэхаславацкімі хакеістамі. Якія глыбокія разважанні і каментарыі на гэту тэму. Колькі «ахаў, охаў»!
7.І. Нарэшце падсялілі ў маю палату В. А. Гамзякова — дырэктара мінскага метро. Хоць будзе з кім перакінуцца словам. Калі змагу, пастараюся наведаць у суседняй палаце I. Я. Палякова. Чалавек ён надзвычай цікавы і з пачуццём гумару, чаго часта не хапае многім нашым кіраўнікам.
А мароз зусім звар’яцеў. Помню, такія халады былі ў 1939-1940 гадах, калі шмат дзе павымярзалі азімыя і сады. Намерзліся тады і мы з Любашай у сваёй сцюдзёнай вілейскай кануры.
9.І. Прачытаў у «Литературной газете» падборку вершаў Э. Межэлайціса. Прызнацца, не спадабаліся. Неяк гучаць яны па-ахмадулінску, манерна: «флирт затевается в чёрной колоде», «Черная на белом коне принцесса» або: «Прекрасней личико, чем лик у Форнарины»…
Прыехаў Гэ Баоцюань. Эх, як не ў час падкасіла мяне гэта хвароба! Намячаецца нарада публіцыстаў. 3 Масквы прыехалі ўжо госці са сваімі штабамі. Мой сусед па палаце любіць, як калісьці Пімен, на ўвесь голас наставіць радыё, і яно гучыць цэлы дзень. Была Іра. Расказвала, што Кацін коцік стаў рыбаловам: навучыўся з акварыума цягаць рыбак і вельмі любіць Любашу, бо яна заўсёды прыносіць яму нейкія прысмакі.
12.І. Нарэшце вярнуўся дамоў. На стале — гара пісем. Не ведаю як, але трэба скарачаць мне сваю перапіску, з якой ужо не магу справіцца. Вечарам наведала Людміла. Прынесла слоік пількаўскага галубічнага соку, які, быццам, выводзіць з арганізма усе хімікаліі.
Пазычыў у Алеся зборнік палемічных артыкулаў М. Горкага з рэзка негатыўнай ацэнкай Леніна ў першыя гады Кастрычніцкай рэвалюцыі і яшчэ раз пераканаўся, што многія т. зв. Зборы твораў не з’яўляюцца зборамі ўсіх твораў пісьменніка, публіцыста, палітыка. Нат праз сотні год знаходзім невядомыя творы, пісьмы, успаміны, дзённікі, здымкі, дакументы…