13.І. Не спалася. Каб не забыць, як часта ў мяне бывае, запаліў святло і запісаў некалькі тэм: Кайсын Куліеў, Тайная вячэра, Малітва за старых коней. Агулам, кладучыся спаць, трэба будзе класці пад падушку блакнот і аловак. А то аднойчы прысніўся цікавы верш, а пра што — і сёння не магу ўспомніць.
Чытаю т. зв. гістарычныя раманы, якія больш падобны да баек на гістарычныя тэмы, бо розныя аўтары па-рознаму ацэньваюць адных і тых жа герояў. Здаецца, толькі аднаму Напалеону павязло. Хвалілі і захапляліся ім і Гётэ, і Шылер, і Пушкін, i Лepмантаў, і Міцкевіч, і Славацкі. Нават тыя, супраць каго ён ваяваў. I ў песні пра пажар маскоўскі: «И призадумался великий, скрестивши руки на груди…» Або «Воздушный корабль»…
18.І. Нядзеля. Перапісаў свае клінічныя вершы. Яшчэ раз прачытаў іх. Такімі ж яны здаліся мне нуднымі, як і вершы іншых нашых паэтаў, хоць і пісаў я іх з надзеяй, што будуць яны лепшымі. Не ведаю, што мяне змушае пасля няўдач зноў брацца за пяро. Хіба толькі мужыцкая ўпартасць.
19.І. Званіла нявестка А. Есакова. Звольнілі яе мужа з работы. Абвіняе ўсіх у антысемітызме, а ён, здаецца, быў няўжыўчывым чалавекам. Не любілі яго ў калектыве энцыклапедыі (казаў I. Шамякін) і ў радыёкамітэце (казаў Г. Бураўкін). Адказаў на пісьмо I. Чэкіса. Падзякаваў яму за зборнік вершаў I. Кекштаса. Атрымаў ад С. Хмары з Таронта зборнік «Аб багах крывіцкіх сказы».
26.І. Прачытаў падборку вершаў Пімена — вершаў, напісаных у нейкай крайняй узбуджанасці.
У ЦК былі В. Быкаў i Н. Гілевіч. Нейкая напружаная атмасфера. Пад лозунгамі перабудовы шмат у нас робіцца непрадуманага, скараспелага.
29.І. Н. Гілевіч і я разам з Генеральным консулам ПНР Я. А. Рачкоўскім ездзілі ў «Іслач». Адказаў на некалькі пісем пачынаючых паэтаў. Шкада, што адно пісьмо графаману не закончыў вядомымі словамі старога паэта, сказанымі маладому: «Лорд Байран — прыгажун, багаты, высакародны, арыстакрат, славуты Дон Жуан — і песіміст, а ты што — гаўно і аптыміст».
Знайшоў цікавую звестку пра малавядомага літаратара А. Іваноўскага, які, служачы ў тайнага следчага, выцягнуў з актаў і схаваў больш за сотню пісем да дзекабрыстаў — кіраўнікоў бунту і гэтым самым уратаваў многіх pyскіх пісьменнікаў.
Часта прыходзіцца чуць, што пісьменнікі атрымліваюць вялікія ганарары. А ў сапраўднасці — ганарары ў нас жабрачыя. За «Бахчысарайскі фантан» A. С. Пушкіну было выплачана тры тысячы залатых рублёў (па тры рублі за верш). Чамусьці перастала даходзіць беластоцкая «Ніва». Затое спраўна працуе тэлефонны подслух.
30.І. І так, на пленуме ЦК КПСС сакратаром выбраны М. М. Слюнькоў. Цікава, каго выберуць у нас. Да гэтага часу на камандных пастах у нас былі выдатныя людзі. Званіў Пімен. Падзякаваў яму за прысланы яго зборнік вострых, балючых, як раны, пераважна публіцыстычных вершаў.
Бачыў В. Ф. Праскурава. Прасіў яго падікавіцца гісторыяй трагічнай смерці Г. Дэмбінскага.
А. Карпюк хоча, каб пагаварыў я з Данутай, якая перасварылася з усімі гродзенскімі кіраўнікамі. Прызнацца, не хацелася б мне ўмешвацца ў іх асабістыя справы і канфлікты.
Пераклаў два вершы С. Е. Ферэйра: «Доўгая каменная ноч» і «Братэрства» i Р. Гажэльскага «Клетка». Нарэшце прыйшла «Ніва». Цікава, што там за Бугам?
Вецер. Сцюжа. Да дна вычарпаў сваю студню тэм. Цяпер буду чакаць, калі яна зноў напоўніцца. Чытаю зборнік У. Шахаўца. Ёсць некалькі цікавых вершаў («Быў на вайне», «Вяртанне ў паэзію»), а большасць — адгалоскі знаёмых тэм, традыцыйных формаў.
10.ІІ. Позна вярнуўся з пушкінскага вечара, на якім былі ўсе нашы кіраўнікі (Я. Я. Сакалоў, Г. С. Таразевіч, М. В. Кавалёў, міністры…).
«Дружба народов» дала рэцэнзію на мой трохтомнік.
Дома — шум, гармідар. Кот абдзёр ручку Кацюшы. Не дагледзелі. Іра скандаліць: кот можа быць шалёны. Што рабіць? Узяўся перакладаць трактат Т. Бароўскага «Аб паэзіі»:
Калі паэт скажа свету «так», дык нехта з іх вінаваты:
паэт або свет.
Бо паэзія — або палёт супроць ветру,
або — плыццё супроць плыні, або марш —
наперакор.
Калі паэт скажа свету «так», ён вінаваты.
Быць паэтам — значыць гаварыць свету «не».
Бо толькі няспынныя пошукі — паэзія.
Шукаючы яе, трэба абмінаць знойдзенае.
Знойдзенае ніколі не з’яўляецца паэзіяй,
а толькі наследаваннем.
Няхай асцерагаецца паэт, які скажа свету «так».
Хай асцерагаецца свет такога паэта.