23.V. Купіў на рынку курагі, цыбулі, гуркоў. Перада мной ішла нейкая маладая napa і спрачалася. Кажуць, што калі двое гавораць тое самае, гэта можа быць не тое самае.
25.V. Дзень пачаў са званкоў A. I. Бутэвічу, В. А. Пячэннікаву і, нарэшце, Я. Я. Сакалову. Прасіў, каб справу аб звальненні Н. Гілевіча адклалі. Яфрэм Яўсеевіч згадзіўся, хоць ужо вырашана было задаволіць просьбу Н. С. Гілевіча.
Раніцой усклалі кветкі ля помніка М. Багдановічу. Заўтра еду ў Маскву.
А маё «Пісьмо ваенкому» — піша Е. Велюнскі — надрукавана ў ісландскіх і шведскіх газетах («Дагскраін», 30.IV.87 г.). Неспадзявана павязло гэтаму вершу.
З1.V. У Маскве ў СП нікога з сакратароў не застаў. Усе ў раз’ездах. Разам са мной у нумары пару дзён перад адлётам у Японію жыў Саша. Скандальная гісторыя з заходненямецкім самалётам, які прызямліўся каля самага Крамля.
Чамусьці Кацюшы Іра забараняе есці мяса. А Кацюша есць і баіцца, бо мама па вачах пазнае, што яна ела.
Калі ў эпоху рамантызму «мировая скорбь» была нейкай данінай модзе, дык зараз яна становіцца неадлучнай спадарожніцай чалавецтва. Пагартаў нашы часопісы. Не магу чытаць даўжэзных вершаў, якія у нас шмат хто любіць пісаць. Слушна гаварыў А. Пальгар: «Жыццё вельмі кароткае, каб пісаць доўгія рэчы».
У літаратуры няма бязбацькавічаў. Тут як у радаслоўі Хрыста: «Аўраам нарадзіў Ісаака, Ісаак — Іакава, Іакаў - Іуду і яго братоў…» і г. д.
Пагроза атамнай смерці дэмаралізуе ўсё чалавецтва. Нікому нічога не дорага. Хай яшчэ маўчаць на палігонах ракеты, але яны ўжо рвуцца ў душах мільёнаў людзей, сеючы спусташэнне.
Чытаю Г. Гаўптмана, які пад старасць з’ехаў з глузду і пачаў маліцца на Гітлера і блаславіў сваіх сыноў на вайну, «бо людзі на вайне становяцца больш свежымі, мацнейшымі, аднаўляюцца».
Сумна робіцца, калі думаеш, што літаратура не змагла адвесці чалавецтва ад самазнішчэння.
8.VІ. Бяда прыйшла неспадзявана. У Любашы моцны сардэчны прыступ. Адвезлі яе ў бальніцу. У рэанімацыі не было месца, паклалі ў 407 палату. Пад вечар крыху ўтаймавалі боль, але трымаецца моцная арытмія. Адкуль што ўзялося? Раней ніколі не скардзілася на сваё сэрца. Хаця б не інфаркт.
А ў СП — адны пасяджэнні, на якіх распрацоўваем планы новых пасяджэнняў. 3 такой перабудовы не будзе толку. Ніяк не ўдаецца дабіцца, каб нашы словы не разыходзіліся са справамі.
Прачытаў цікавую манаграфію пра Л. Шылера і прыгадаў яго цудоўную пастаноўку «Ружы» ў віленскім тэатры на Пагулянцы. Узяўся за свае вершы. Сумна. Здаецца, ніколі не пісаў так дрэнна.
14.VІ. Па дарозе на Нарач заехаў у Крывічы, дзе ў калгасе праходзіць сваю практыку Сяргей. Зноў збіраюся ў Маскву. Трэба ўзяць з сабой і Верачку з Дзяніскам. У Пількаўшчыне застаў толькі аднаго Федзю. Баюся адну хворую Любашу пакідаць на Нарачы. Трэба, каб нехта быў пры ёй. Чытаю «Георгікі» К. Сімона. Няспынна ідуць дажджы. Шалее сцюдзёны вецер. Чорт ведае што ў нас робіцца! Дамба на Кара-Багазе каштавала 72 мільярды рублёў, і аказалася, што гэтыя грошы выкінуты на вецер. Больш таго, шкода, нанесеная дамбай, не паддаецца ўліку.
3 «Махабхараты»: «Вышэй праўды закона няма». Часта ўпадаю ў крайні нігілізм. Расчароўваюся ў многіх творах, якімі калісьці захапляўся.
Заходзіў стораж. Расказваў, калі гарэла хата Лапціка, ніхто не пабег яе гасіць, каб не згубіць чаргі за гарэлкай, якую тады прадавалі ў магазіне.
На вачах, разам са смерцю рэк, азёр, лясоў, паветра, памірае і наша беларуская мова. Відаць, усё даб’ём да абуха.
Прыязджала медсястра з уколамі, Як там мае нарачанцы? Як там Любаша? Такая ж яна хворая. Трымаецца толькі на сваёй жаночай самаахвярнасці.
У адным са сваіх дасціпных нарысаў М. Ваньковіч піша, як хаваюць амерыканцы памершых: «Калі б дазвалялі каноны, дык усадзілі б у жывот магнітафон, паўтараючы голасам, запісаным яшчэ пры жыцці, што памершы маецца “о кей”. Магільнікі павінны быць вясёлымі».
4.VII. Сёння I. Міхасёў уручыў нам граматы ганаровых грамадзян г. Мінска. Няма калі пісаць. Толькі адказваю на лісты, засядаю, выступаю. Званіў Пімену. Добра, што ён крыху акрыяў, чуецца лепш.
5.VII. Хадзіў на рынак. Купіў памідораў, гуркоў, чарніц. М. С. Стыка піша, што А. Міцкевіч хварэў на эпілепсію. Пры гэтым спасылаецца на іншых даследчыкаў, на шматлікія яго вершы, як і на радкі паэмы «Пан Тадэвуш»: «Ахвяраваны, мёртвыя узняў павекі».
Заходзіў вадаправодчык: «Перабудова, перабудова! А начальства як рамантавала, так і рамантуе свае кватэры за дзяржаўны кошт. Ставіць замежныя ванны, краны, унітазы, дарагой кафляй абліцоўвае кухні».