Наша крытыка ўсё яшчэ глядзіць на верлібр, як на незаконнанароджанага — байструка. Зараз цяжка напісаць нейкі фантастычны прыгодніцкі твор, бо навука і тэхніка апераджаюць усе нашы ўяўленні аб свеце, у якім мы жывём. I тут перадусім неабходна, як пісаў Т. Парніцкі, «падмацаванне мозгу».
Трэба ўмець проціставіцца густам чытачоў і крытыкаў, мянянь стыль сваёй працы і не марнаваць сілы на дробныя справы… Трэба. Знаю, а раблю ўсе не так, як трэба.
Ледзь адбіўся ад тэлебачання. Хацелі прыехаць мяне здымаць. Прыехалі госці з Індыі. Цяжка захварэў Язэп Семяжон. 3 газет: у Франкфурце яўрэі пабудавалі за 15 мільярдаў долараў (?) новую сінагогу і габрэйскую школу.
’ Зараз і мы пачынаем збіраць сваіх прарокаў, паэтаў, мастакоў, розных дзеячаў, забытых ці прысвоеных суседзямі.
Усё больш набліжаюся да паэзіі думкі. Адмаўляюся ад рытмічных і слоўных упрыгожванняў, хоць у нас такая паэзія не з’яўляецца папулярнай. Папулярная ж паэзія для мяне даўно ўжо страціла ўсякую вартасць і прывабнасць.
Саша дамовіўся, каб прывезці з Азербайджана пapy бутэлек нафталану для лячэння Любашы. Божа, каб хоць крыху ўдалося аблегчыць болі яе ног!
Атрымаў нумар «Літаратуры на свеце», прысвечаны Ф. Кафку. Агулам, нумар досыць нудны. Не магу не прызнаць слушнасці А. Хлебнікава (ЛГ, 28.V.86 г.), што «на жаль, ёсць такая мода ўсімі сіламі скрываць, што хацеў сказаць аўтар». Больш святла, больш сэнсу!
А гэта варта ўвагі. Адказ іспанскага караля каралю французскаму, які цікавіўся лёсам Сервантэса: «Калі неабходнасць змушае яго да пісання, дык дальбог, хай ніколі не знае дастатку, каб праз свае творы, сам бедны, узбагаціў цэлы свет».
10.VІІ. Усё часцей задаю сабе пытанне, на якое не знаходжу адказу. Зараз усе толькі і гавораць аб выхаванні моладзі і забываюць аб перавыхаванні выхаваўцаў, старэйшых, бо ва усіх нашых праліках у выхаванні найбольш яны і вінаваты.
Пішам аб эрозіі зямлі ў Афрыцы і маўчым пра тое што робіцца ў нас. Прымаем толькі розныя пастановы, якіх ніхто не выконвае.
Заходзіў А. Бембель. Падаў заяву: «Прашу прыняць мяне ў СП, бо:
…ў краіне сіняй, дзе я ўваскрасаю,
У сузор’і мар — найбліжэйшых у Свеце —
Я не самотны, я кніжку маю
3 друкарні пані Маргарэт Тэтчар.
Цікавы чалавек. Жонка ў яго — карэянка. Казаў, ужо гаворыць па-беларуску. Сам жа, дзівак, ходзіць абросшы даўжэзнымі кудламі.
3 захапленнем чытаю балады і рамансы безыменных каталонскіх паэтаў.
Міністранты хацелі памагчы,
Ды хоць вусны адкрывалі,
Замест пацер «амэн, амэн»,
«Амор, амор» паўтаралі.
Як там мае нарачанцы, Любаша? Верачка з Дзяніскам паехалі на Каўказ.
Больш дзесятка вершаў сабралася для новай падборкі. Бяда, што ўсе — нікудышныя. Трэба, калі будзе час, яшчэ да іх вярнуцца, дапрацаваць.
3 Н. Гілевічам правялі польскіх гасцей. Нейкі дзівак Андрэеў збіраецца аж з Астрахані прыехаць на сустрэчу са мной. Відаць, зблытаў мяне з Ісакоўскім, верш якога «Враги сожгли…» прыпісаў мне.
29.VІІ. Выклікалі ў ЦК на абмеркаванне калектыўнага пісьма, у якім яго аўтары патрабуюць выкладання ў школах беларускай мовы. «Сов. Белоруссия» выступае ў абарону Абэцэдарскага, якога на пленуме СП Н. Гілевіч крытыкаваў у сваім выступленні.
31.VІІ. Сёлетняй зімой у Федзі павыміралі пчолы. Сумна глядзець апусцелыя іх домікі, лежакі, стаякі. Толькі мурашы адрамантавалі разрытыя дзікімі кaбанамі свае пасёлкі.
У пількаўскіх паперах знайшоў адно пісьмо кампазітара Кошыца, а другое — адрасаванае Р. Р. Шырме,— відаць, недзе згубілася. А шкада.
Прачытаў злосную, але ў многім слушную рэцэнзію 3. Федэцкага на «Плаху» Ч. Айтматава: «Аўтар неспадзявана пераходзіць на рэйкі разважанняў і тэалагічных спрэчак, у якіх разбіраецца, як курыца ў перцы, або кленчыць над зантрапамарфізаванымі перажываннямі воўчай зграі».
2.VІІІ. У аб’ектыўным разглядзе творчасці пісьменніка часта перашкаджаюць яго званні, палітычныя погляды, пасада, якія прыводзяць да недаацэнкі або пераацэнкі. Сапраўдны пісьменнік ніколі не змяшчаецца ні ў якім пракруставым крытычным ложы.
Хутка павінен выйсці аднатомнік маіх вершаў. Каб зараз я яго складаў, больш строга падбіраў бы да яго свае творы.
Даўно заўважана, што паграніччы моў і культур найбольш багатыя на таленты. Нат Ю. Пілсудскі гаварыў, што Польшча як бублік: самае каштоўнае — на яе акраінах, бо ў сярэдзіне — дзірка.
Скардзілася знаёмая малочніца на непаладкі ў нарачанскім калгасе. П’яніца п’яніцай паганяе. Усе крадуць. Людзі сумленныя разбягаюцца хто куды. Вось тут і ўся перабудова. Яна сюды не дайшла і не дойдзе. Вырасла пакаленне гультаёў і шкоднікаў, якіх ужо не пераробіш. У нас, калі хто не п’е, не лічыцца чалавекам.