Усё збіраюся аднавіць у паэме пра М. Дворнікава радкі, у якіх гаворыцца, чаму ён не хацеў вяртацца ў Савецкі Саюз, а падаўся ў Іспанію, а ў вершы пра В. Харужую раскрыць яе трагедыю, пра якую расказваў I. Ф. Сяменнікаў. У «Огоньке» — званіў Я. Хелемскі — падборка маіх вершаў.
Чытаю Т. Боя-Жэленскага. Як нам не хапае пісьменніка такога рангу, пра якога пісаў Ян Марко: «“Слоўкі” яго былі мініяцюрнымі насмешкамі з неправераных аўтарытэтаў, афіцыяльных пяўцоў, надзьмутых вучоных, быццам нашчадкаў Рабле, Мантэг’ю, Мальера, Вальтэра».
Як пацеркі ружанца, вецер перабірае на правадах дажджавыя кроплі.
13.ІХ. Зараз усе «гімнаграфаманы» (Бой) пераключыліся. Б’юць сябе ў грудзі, спрачаюцца: хто больш вінаваты. Былі ў нас паэты-прарокі, паэты — сумленне народа, інжынеры чалавечых душ, паэты, захопленыя рэчаіснасцю, і толькі не было паэтаў горкай праўды. I, відаць, не хутка яны з’явяцца, бо ўсе трэба было пісаць для падтрымання духу, энтузіязму, бадзёрасці. Пры адсутнасці аўтаіроніі вечна ўпадаем у манію вялікасці, псеўдапатрыятычную чуллівасць, сентыментальнасць. Бяда яшчэ і ў тым, што такая паэзія — бясплодная.
18.IX Тры дні не выходжу з паласы юбілейных стрэс. Былі Вяціс Рэймерыс, Валенцінас Свенціцкас, Гедымінас Кіркілос. Апаясалі мяне шырокім саматканым літоўскім поясам і падарылі цудоўны альбом Вільнюса з літаграфіямі К. Вільчынскага.
19.ІХ. Гаварыў з Н. Гілевічам аб вылучэнні на нашу Дзяржаўную прэмію М. Лужаніна. Баюся толькі, што не пройдзе, бо апошні яго зборнік слабейшы, як папярэдні, ды і ў камітэце, чамусьці, некаторыя настроены супроць Максіма.
Прачытаў зборнік В. Аколавай, густа замешаны на фальклоры, што вельмі абнадзейвае. Заходзіў малодшы Максім. Відаць, сям’я з Наташкай разваліцца. Чамусьці не паехаў са студэнтамі на бульбу. Быў недзе на Каўказе.
Доўга нейкі графаман па тэлефоне пераконваў мяне, што ён напісаў выдатны твор. Часта аўтар бароніць тое, што ён хацеў, але яму напісаць не ўдалося. Лічу няўдзячнымі ўсе намаганні вучыць такіх людзей, як трэба пісаць.
13.Х. Вярнуўся стомлены і хворы з брэсцкага семінара. Зноў не ўсцярогся і недзе прастыў. Калі ж я вазьмуся за сваю работу? У нас усё робіцца так, каб пісьменнік не пісаў, артыст не іграў. Цэлая плойма кіраўнікоў толькі гэтым і занята. Званілі з СП з Масквы. Агітавалі паехаць на Кубу. Адмовіўся.
26.Х. Выпаў першы снег. Прыслалі з Перу Анталогію савецкай паэзіі, у якой змешчан у перакладзе Еза Векта і адзін з маіх вершаў.
Ездзілі з Любашай да Семяжонаў, якія перабраліся ў новую кватэру.
27.Х. Атрымаў перакладзены на малдаўскую мову А. Бусуіскам і П. Боцу свой зборнік «Вершы».
Званіла з Нальчыка Элізат Куліева. 30.Х К. Куліеву 70 год. Званілі з АН і з Мінска… Званілі з СП, са школ, па дэпутацкіх справах, з рэдакцый…
А З1.Х трэба быць у Маскве на ўрачыстым пасяджэнні, прысвечаным 70-годдзю Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі.
3 Ісландыі вярнуўся І. Лучанок. Казаў, на вечары дружбы чыталі мае вершы, перакладзеныя Г. Данельсонам. Відаць, не змагу пайсці ні на святочны прыём, ні на парад, бо зусім расхварэўся.
8.ХІ. Пайшоў мокры снег. Каторы раз перачытаў «Рэквіем» А. Ахматавай, і кожны раз ён болем адклікаецца ў сэрцы. Наша літаратура перажывае крызісны перыяд. I мы яшчэ пра гэта баімся сказаць ва ўвесь голас. А страх, як казаў старажытны мудрэц, — віноўнік усіх бед.
9.ХІ. На тры тыдні Н. Гілевіч паехаў адпачываць у «Іслач». Трэба было б і мне адпачыць, толькі шкада адну дома пакідаць Любашу. А разам — няма як ехаць, бо зноў затэмпературыла Кацюша. Вось так у нас заўжды. Саша збіраецца з Ф. П. Каўрыгам паехаць у Пількаўшчыну на паляванне. Шкада, што не змагу далучыцца да іх. Аддышка. Галавакружэнне.
14.ХІ. Калі Сталін даведаўся, што ў клубе СП уставаннем прысутныя прывіталі А. Ахматаву, спытаў: «Хто арганізаваў уставанне?»
Відаць, і да нас можна аднесці словы Ц. Норвіда:
Кожны друк спознены,
Кожны подзвіг (чын) прадчасны.
3 цікавасцю чытаю запісаныя С. Казлоўскім легенды народаў Поўначы. Ніяк не ўдаецца іх выдаць, хоць не раз мне абяцалі.
Надзвычай цікавае пісьмо атрымаў ад В. Жукроўскага. Да гэтага прыслаў мне Т. Парніцкага, М. Кунцэвіч і сваё апавяданне «Дачушка».
Піша Дора, што «Паўлік» ляжыць у бальніцы.
22.ХІ. Вечарам узяліся з Любашай шаткаваць капусту. Ды хутка яна мяне прагнала: «Ты толькі мне перашкаджаеш». А сама ледзь трымаецца на сваіх хворых нагах. I так, яшчэ адзін змарнаваны дзень. Глытаем розныя таблеткі, а толку — ніякага. Праўду казаў Мантэск’е: «Людзі не паміраюць, але самі сябе забіваюць».