Выбрать главу

23.ХІ. Запрашае В. С. Смірноў мяне на паляванне. Будуць там: генеральныя консулы ПНР, ГДР і М. I. Дзялец. Не знаю, можа, і я далучуся да іх кампаніі.

Паслаў у Індыю свайму перакладчыку на мову хіндзі Анілу Джанвінджану свой трохтомнік.

25.XI. Вярнуўся з Асіповіцкага раёна з палявання. Нат удалося стрэліць па расахатым, але, дзякуй богу, спудлаваў, як спудлавалі і іншыя. Толькі ляснік Новікаў упаляваў велізарнага рагача. Пры вогнішчы гаспадары пачаставалі нас такімі дарамі прыроды, якіх не пакаштуеш ні ў якім рэстаране. Агулам, я рад, што хоць на дзень адарваўся ад тэлефонных званкоў, бясконцых клапот і дамашняй мітусні.

3.ХІІ. Дома — гвалт. Плача Кацюша, што пакрыўдзілі яе Пушка. Добра, што не было Іры, а то было б пекла.

Быў у ЦК. Прасіў, каб па стане здароўя вызвалілі мяне ад работы ў СП. Вельмі дрэнна адчувае сябе і Любаша. Яна толькі церпялівая і праз сілу трымаецца на нагах. Яшчэ і мяне падбадрывае.

7.ХІІ. Ва ўчарашнім нумары «Известий» А. Вазнясенскі даў амаль на палову паласы артыкул «Совесть мысли». Крытыкуе, як гэта мы сёлета не адзначылі на Магілёўшчыне гадавіны смерці К. Сіманава.

I пры гэтым такую закаціў істэрыку аб няўдзячнасці беларусаў, а канкрэтна — кіраўніцтва СП, што аж дзіву даешся. Асабліва прыкра, што прылажылі да гэтага свае рукі і нашы некаторыя пісьменнікі.

10.ХІІ. Цікавая была сустрэча ў СП з іспанскім паэтам Л. Касціліо, які збіраецца выдаць кнігу перакладаў маладых нашых паэтаў.

Быў на літаратурным вечары «Тутэйшых». На матыў «Марсельезы» праспявалі «Пагоню» М. Багдановіча. Нехта нат прачытаў прысвечаны мне верш. Агулам, весела становіцца на нашым Парнасе. Абяцаў сустрэцца з вучнямі 52-й школы.

Калісьці непакоілася мая маці: хаця б яе пахавалі на высвенчанай зямлі, бо слабадскі магільнік разросся далёка за свае ранейшыя межы, заняўшы і нявысвенчаныя акраіны. Пахавалі яе побач з бацькам і побач з усімі нашымі сваякамі.

У «Звяздзе» У. Конан прыводзіць цытаты з выступленняў А. Кучара, В. Барысенкі, надрукаваных у 30-я гады ў «ЛіМе»: «Жылуновіч — Цішка Гартны — гэта закончаны закляты вораг беларускага народа», «Гарэцкі — нацыянал-фашыст» (з А. Александровіча). «Адным з агіднейшых бандытаў пяра з’яўляецца шпіён Чарот» (А. Кучар).

Сёлета Нобелеўскі камітэт прысудзіў сваю прэмію I. Бродскаму. Трэба будзе недзе дастаць зборнік і лепш пазнаёміцца з яго творчасцю. А то толькі ведаю яго па польскіх перакладах.

24.ХІІ. Цэлымі днямі сядзіць Любаша на кухні, бо амаль усе прыходзяць да нас сталавацца.

Ёсць творы, якія не паддаюцца перакладам (Гарэцкі, Купала, Колас, Чорны, Мележ, Брыль…), і творы, якія пры перакладах амаль нічога не губляюць (Хэмінгуэй, Быкаў, Шамякін…).

25.ХІІ. Апошні нумар «ЛіМа» змясціў два цікавыя артыкулы: П. Пруднікава аб увекавечанні памяці пісьменнікаў, загінуўшых у часы культу Сталіна, і роздум Э. Лагутэ аб падарожжы па Беларусі і аб тым, у якім заняпадзе беларуская мова. А найбольшае ўражанне пакідаюць вершы Л. Геніюш — самай здольнай і выдатнай нашай паэтэсы.

Ператрасаю свой архіў, у якім цудам захаваліся нумары «Нашай волі», «Літаратурнага месячніка», «Пёна», «Папросту», «Вікан» і чэхаславацкага «Підро» — органа т. зв. другой авангарды.

Чытаю фрагменты, прыведзеныя Я. Івашкевічам у артыкуле «Гісторыя пісем Ф. Шапэна да Дэльфіны Патоцкай»: «Асноўным нашым нацыянальным недахопам з’яўляецца нараканне. Паляк і ў раі знойдзе прычыну да наракання. Заўсёды ўсюды ўсе вінаватыя, толькі ён адзін мае слушнасць, ён сам — няшчасная ахвяра».

Або: «Знаеш мяне і ведаеш, што не пераношу фарысейства, таму мяне злуе Гюго, які выносіць сябе над іншымі, з абы-кім панібрацтвуе, а, прыкідваючыся святым, паказвае, што зад яго не зганьбіць алтара. А ў сапраўднасці кожны тыдзень мае новую палюбоўніцу. Іншым жа прапаведуе аб маральнасці».

29.ХІІ. Відаць, хутка пойдзе на спад зацікаўленне ўсім тым, што звязана з культам. Ачмурэнне народа вялося планава, сістэматычна, напрацягу дзесяцігоддзяў. Цікава, што гэтаму гіпнозу паддаліся не толькі ў нас, але і многія віднейшыя прадстаўнікі культуры на свеце. Тыя, хто раней праціраў вочы, асуджаліся на анафему, многіх і сёння яшчэ не рэабілітавалі, яны ходзяць з ярлыкамі «анты». Не ведаю, ці ўдасца калі чалавецтву пакончыць з хлуснёй. Зараз трэба нам пачынаць не з дакладаў пра тое, што зроблена, а з таго, што не зроблена і па якой прычыне. Зараз модным стала слова «бескампраміснасць». А яно шмат прынесла шкоды і ў ацэнцы твораў, і ў жыцці, і ў міжнародных адносінах. Геніі заўсёды сумняваліся.

30.ХІІ. Атрымаў пісьмо ад маладога пісьменніка С. А. Верацілы, які ажаніўся з эквадорскай студэнткай. Жонка цяжарная. Просіць СП дапамагчы яму прыпісацца ў Мінску.